Пляцоўка для дыялогу і развіцця супрацоўніцтва
Форум праходзіў 26-27 кастрычніка пад дэвізам «Умацаванне ролі парламентаў у інтарэсах развіцця, арыентаванага на патрэбы людзей». Нацыянальны сход Беларусі бярэ ўдзел у мерапрыемствах парламенцкага вымярэння БРІКС з 2024 года. Сёлета ў склад беларускай дэлегацыі ўваходзіў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Аляксандр ЛУК’ЯНАЎ. Падрабязнасцямі мінулых мерапрыемстваў ён падзяліўся з карэспандэнтам «МС».
У рамках форуму беларускія парламентарыі правялі серыю двухбаковых сустрэч з кіраўнікамі парламенцкіх дэлегацый краін-удзельніц і партнёраў аб’яднання. Акрамя таго, адбылася размова з Прэм’ер-міністрам Індыі Нарэндрай Модзі.
— Удзел Рэспублікі Беларусь у такіх мерапрыемствах у чарговы раз падкрэслівае той факт, што наша краіна з’яўляецца паўнавартасным суб’ектам у міжнароднай палітыцы, з якім лічацца і які ўплывае на працэсы выпрацоўкі ў тым ліку рашэнняў для будучыні, — расказаў Аляксандр Лук’янаў. — Падчас двухбаковай сустрэчы са Спікерам Народнай палаты Парламента Індыі Омам Бірла мы адзначылі дружалюбныя адносіны паміж нашымі краінамі, шматбаковае супрацоўніцтва, якое развіваецца на базе ўзаемнай павагі. Лідары нашых краін вызначаюць дружалюбны вектар развіцця гэтых адносін, зыходзячы з узаемнай сімпатыі, агульнасці поглядаў на сусветныя падзеі. Індыя выказала зацікаўленасць у далейшым развіцці і ўмацаванні адносін па шырокаму колу пытанняў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. Прапанову па стварэнні міжпарламенцкай групы дружбы выказаў наш бок, у гэтым зацікаўлены і нашы індыйскія калегі. Вядома, мы павінны ператвараць добрыя адносіны нашых прэзідэнтаў, парламенцкага вымярэння ў канкрэтны эканамічны эфект. Тавараабарот паміж краінамі сёлета вырас больш чым на 40 %. Гэта добрая, сур’ёзная дынаміка. Нам трэба яе ўмацоўваць.
БРІКС, па словах сенатара, з’яўляецца ўнікальнай платформай для падтрымкі і развіцця разнастайных двухбаковых кантактаў.
— Падчас форуму былі праведзены двухбаковыя сустрэчы нашай дэлегацыі са старшынёй Сената Каралеўства Тайланд Манкхонам Сурасаця, — адзначыў Аляксандр Лук’янаў. — Таксама ў нас адбылася двухбаковая сустрэча з намеснікам старшыні Нацыянальнай асамблеі народнай улады Кубы Анай Марыяй Мары Мачада. Для нас з’яўляецца важным узаемадзеянне і з краінамі «далёкай дугі»: каштоўныя кантакты, якія адбыліся ў Нью-Дэлі з сенатарам Федэральнага сената Бразіліі Іражой Сільвестры Філью.
Беларуская дэлегацыя актыўна правяла гэтыя два працоўныя дні не толькі ў двухбаковых сустрэчах і афіцыйных прыёмах, але перш за ўсё яна брала ўдзел у афіцыйнай дзелавой праграме.
Само мерапрыемства праходзіла пад вельмі важным лозунгам, па сутнасці справы, устаноўкай: глабальная палітыка ў інтарэсах развіцця людзей, якія пражываюць канкрэтна ў кожнай ўзятай краіне.
Для Беларусі гэта сугучна, зыходзячы з Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, якую ў краіне прынялі на 2026 — 2030 гады.
— У рамках форуму я выступаў на чацвёртай панэльнай секцыі, якая была звязана з вопытам развіцця Беларусі і парламенцкага вымярэння ва ўмацаванні міжнародных адносін. Вядома, наш вопыт быў улічаны. А прынятая Дэлійская дэкларацыя закліканая даць імпульс для развіцця і ўмацавання шматбаковых адносін. Найперш — узаемная падтрымка. Прагучала шмат заклікаў, звязаных з тым, каб больш актыўна развіваць гандлёва-эканамічнае, сацыяльна-гуманітарнае партнёрства. Мы ў гэтых адносінах унеслі шэраг канкрэтных прапаноў. Гэта ўсё знайшло адлюстраванне ў афіцыйных дакументах, прынятых па выніках работы форуму БРІКС, — рэзюмаваў Аляксандр Лук’янаў.
Па словах сенатара, парламенцкая дыпламатыя выступае дзейсным інструментам умацавання даверу і ўзаемаразумення, дазваляючы аб’ядноўваць намаганні ў інтарэсах забеспячэння эканамічнай стабільнасці, сацыяльнай справядлівасці і бяспекі. Беларусь паслядоўна выступае за канструктыўны дыялог на прынцыпах раўнапраўя, павагі нацыянальных інтарэсаў і адкрытага партнёрства, уносячы важкі ўклад у пабудову агульнай справядлівай будучыні.