Дроны і афрыканскае проса
Інстытут знаходзіцца ў Шчучыне і з’яўляецца вядучым дзяржаўным навукова-даследчым прадпрыемствам вобласці, якое спецыялізуецца на распрацоўцы рэсурсазберагальных тэхналогій для сельскай гаспадаркі і насенняводстве. Больш падрабязна мы папрасілі расказаць пра гэтыя кірункі дзейнасці намесніка дырэктара інстытута па навуковай рабоце Вікторыю КУХАРЧЫК.
Паветраны дэсант
Для павышэння ўраджайнасці і выжывальнасці культур неабходна быць у курсе ўсіх навуковых тэндэнцый і актыўна развіваць даследаванні. Гэта не даніна модзе, а ўмовы, прадыктаваныя часам. Змена клімату, мутацыі вірусаў і бактэрый — усё гэта пагражае харчовай бяспецы. І аграрыі Шчучыншчыны вырашылі праверыць, як будуць паводзіць сябе ў сельскай гаспадарцы аградроны, наколькі гэта тэхналогія будзе эфектыўнай.
.jpg)
— У якасці эксперыментальнай пляцоўкі мы выбралі бульбяныя палі. Гэта культура моцна схільная да ўздзеяння вірусаў. Падчас працы наземная тэхніка кранае бацвінне, і калі нейкі куст хварэе, вірус адразу пачынае распаўсюджвацца. Мы вырашылі, што выкарыстанне дрона ў даглядзе за бульбай — найлепшае рашэнне, і пачалі нашы эксперыменты. Спачатку арандавалі тэхніку, прымяраліся, а потым закупілі сваю і працягнулі даследаванні, — расказала намеснік дырэктара інстытута.
Акрамя таго, выкарыстанне дронаў дазваляе скараціць аб’ём рабочага раствору. Калі пры наземнай апрацоўцы выкарыстоўваецца 200–300 літраў, то пры паветранай — усяго дваццаць. Я пацікавілася, ці не ўплывае памяншэнне аб’ёму на якасць апрацоўкі, бо розніца значная, Вікторыя Кухарчык адзначыла, што цыкл даследаванняў па выкарыстанні дронаў скончаны, і яны паказалі яго абсалютную эфектыўнасць:
— Пры апрацоўцы раствор трапляе непасрэдна на расліну, прычым яна апрацоўваецца з усіх бакоў. Усе наступныя даследаванні паказалі, што расліны абаронены і памяншэнне аб’ёму рабочага раствору не прывяло да хвароб і пагаршэння ўраджаю. Акрамя таго, выкарыстанне дрона скарачае час працы. Не трэба пераганяць тэхніку. На месцы ёсць генератар, пры дапамозе якога можна зарадзіць батарэю і працаваць далей. У дрона можна наладзіць памер кроплі, гэта дазваляе ўносіць самыя розныя сродкі апрацоўкі і абароны. Бо нейкі прэпарат лепш уносіць вялікімі кроплямі, нейкі — маленькімі. Мы адпрацавалі схемы абароны ад хвароб, шкоднікаў, пустазелля і хімічнага знішчэння бацвіння. Па выніку маем дакладную інструкцыю па ўнясенні прэпаратаў для апрацоўкі бульбы.
У планах інстытута — распрацаваць «тэхналагічныя карты» і для іншых раслін. Напрыклад, беспілотнік спрабавалі выкарыстоўваць пры апрацоўцы саду. Усе дзеянні выконваюцца ў начны час, і тэхніка з гэтым выдатна спраўляецца. Спачатку абмалёўваецца карта саду, і потым беспілотнік па ёй ляціць. У інстытуце таксама бачаць добрыя перспектывы паветранай апрацоўкі для рапсу.
Новая пяцігодка — новыя культуры
Выкарыстанне дронаў — завершаны праект, які ўжо паказаў сваю эфектыўнасць. Цяпер у інстытуце працягваюць актыўна весці іншыя даследаванні, у прыватнасці ў новай пяцігодцы вывучаюць вырошчванне белага лубіну. Тут ім займаюцца не першы год, але насенне ў гаспадарку сталі прадаваць не так даўно. Дадзеную культуру яшчэ завуць паўночнай сояй, бо ў ёй утрымоўваецца вялікая колькасць бялку. І перш чым пусціць яе ў абарачэнне, трэба правесці маштабныя даследаванні.
.jpg)
Працэс укаранення новай культуры ў сельскую гаспадарку Беларусі уключае некалькі этапаў. Спачатку праводзіцца тэарэтычная падрыхтоўка і падбор матэрыялу. Гэта ўключае збор калекцыі насення, вывучэнне біялогіі культуры. Ажыццяўляецца першаснае сортавывучэнне, якое ўключае высадку культуры ў гадавальніку інтрадукцыі, феналагічныя назіранні, ацэнку адаптыўнасці і выбракоўванне слабых узораў.
— Пасля гэтага культура праходзіць дзяржаўнае сортавыпрабаванне, падчас якога правяраецца яе адрознасць, аднастайнасць, стабільнасць і гаспадарчая карыснасць на дзяржаўных сортаўчастках. У выпадку паспяховага праходжання выпрабаванняў культура ўключаецца ў Дзяржаўны рэестр сартоў. Далей ідзе вытворчае выпрабаванне і размнажэнне. На гэтым этапе арганізоўваецца насенняводчы працэс культуры пачынаючы з падтрымліваючай селекцыі, выпускаюцца метадычныя рэкамендацыі і культура масава вырошчваецца на мэтавых плошчах.
На сённяшні дзень у інстытуце ў гадавальніках арыгінальнага і элітнага насенняводства на плошчы больш за 100 гектараў размнажаецца тры сарты лубіну белага: Расбел, Элін і Мічурынскі, якія ўнесены ў Дзяржаўны рэестр сартоў. Атрыманы насенны матэрыял будзе ўкаранёны ў сельскагаспадарчую вытворчасць краіны, а таксама выкарыстаны для далейшага рэпрадуцыравання на палях інстытута.
.jpg)
Актыўна вядзецца і навукова-даследчая работа па распрацоўцы элементаў тэхналогіі вырошчвання гэтай культуры на насенне. Тэсціруецца больш за 20 схем унясення прэпаратаў для абароны лубіну белага ад пустазельнай расліннасці, каб выявіць найбольш эфектыўную. Акрамя таго, вызначаюцца аптымальныя тэрміны высеву дадзенай культуры і аптымізуецца мінеральнае харчаванне макра- і мікраэлементамі. Дакладныя рэкамендацыі будуць выдадзены праз тры гады выпрабаванняў. Але ўжо ў першы год можна даваць нейкія парады.
— З улікам кліматычных умоў мы даследуем засухаўстойлівыя культуры. Вывучаем афрыканскае проса. Гэта пажыўная расліна, якую можна касіць і гадаваць на зерне. Яно высокае, дасягае двух метраў, а насенне ў яго сабрана ў своеасаблівыя мяцёлкі, якія падобныя да чароту, — растлумачыла Вікторыя Кухарчык.
Вядома, гэта не ўсе даследаванні, а толькі іх невялікая частка, бо развіццё сельскай гаспадаркі не стаіць на месцы. Усё робіцца з улікам сучасных рэалій.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота дадзена Гродзенскім занальным інстытутам раслінаводства НАН Беларусі