У Беларусі працягваецца самы гарачы сезон для аграрыяў. І, нават нягледзячы на надвор’е, якое сёлета выпрабоўвае працаўнікоў вёскі на трываласць, спецыялісты запэўніваюць: абавязкова будзем з хлебам. Такога меркавання прытрымліваюцца і аграрыі з самай буйной гаспадаркі Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці — ААТ «Сінкевіцкі».
У гэтым пераконваемся на свае вочы, прыехаўшы разам з хлебаробамі на адно з бязмежных палёў беларускага Палесся.
Бітва за кожны колас
Як вядома, якасць і колькасць ураджаю залежыць ад многіх фактараў. У гэтым адыгрываюць ролю і прафесіяналізм аграрыяў, і своечасовасць агратэхнічных мерапрыемстваў, і, вядома ж, надвор’е. Адносна цёплая зіма, рэзкія перапады тэмператур вясной, то замаразкі, то засуха, то ліўні, якія накрылі нашу краіну сёння... Але, нягледзячы на выклікі, ураджай на палях вырас годны.
Гул камбайнаў, магутныя МАЗы, якія спяшаюцца на загрузку золата беларускіх палёў, і нястомная праца хлебаробаў — такая карціна на палях ААТ «Сінкевіцкі». Але ў дзень нашага прыезду над полем хадзілі цяжкія хмары. Камбайны завіхаліся, як пчолкі, каб паспець зжаць як мага больш збожжа да чарговай залевы...
- Бітва ідзе ў прамым сэнсе за кожны колас. У гаспадарцы разумеюць: гэта не проста збор ураджаю, а стратэгічная задача, ад паспяховага выканання якой залежыць, ці будзе хлеб на стале кожнага беларуса. «Літаральна тыдзень таму мы толькі пачалі ўваходзіць у каляіну, у актыўнае жніво. І пакуль работы даюцца вельмі цяжка, — расказвае аграном Людміла Шкут. — Работу камбайнераў ускладняюць дрэнныя ўмовы надвор’я. Сёння, напрыклад, удалося прыступіць да працы толькі з абеду. Прыехалі ў поле, прайшлі 200 метраў — і дождж. Спыніліся, пачакалі, праз нейкі час толькі запусцілі жняяркі — і зноў жа дождж... І так раз за разам. Мы стараемся як можам, таму што разумеем: ад нашай працы залежыць харчовая бяспека краіны. І сёння ў нашай гаспадарцы ёсць усё неабходнае, каб забяспечыць людзей хлебам».
Усяго ў гаспадарцы працуе восем экіпажаў камбайнераў. «Бяда толькі ў тым, што мы не можам адначасова задзейнічаць усе восем камбайнаў. Усяму віной — сітуацыя, якая складваецца на палях. З-за той самай непагадзі значна павялічваецца нагрузка на камбайны і зернеачышчальна-сушыльныя комплексы гаспадаркі. Нам катэгарычна не хацелася б губляць ураджай ад вільгаці на палях. Таму пытанні дасушвання ў такім выпадку стаяць рубам».
Вызваляць палі і рыхтавацца да чарговага сезона сяўбы
Дарэчы, аграрыі гаспадаркі ўжо выбарачна прыступілі да ўборкі збожжавых. «Са 100 гектараў азімага ячменю, на жаль, загінула 25. Захаваныя 75 гектараў мы ўжо цалкам зжалі, — падключаецца да размовы дырэктар ААТ „Сінкевіцкі“ Генадзь Наздрын. — Валавы збор маем каля 240 тон пры ўраджайнасці 31,2 цэнтнера з гектара. На такую ўраджайнасць вельмі разлічваем і далей. На ўборку рапсу, праўда, пакуль выйшлі не ўсім складам — не даюць разгарнуцца ўмовы надвор’я».

Нягледзячы на гібель больш як 300 гектараў, сёлета ў гаспадарцы плануюць павялічыць збор збожжа. Летась тут абмалацілі больш за 5 тысяч гектараў. «Уборачная плошча па збожжавай групе складае
2171 гектар. Акрамя гэтага, маем яшчэ 20 гектараў проса, 200 гектараў кукурузы на зерне, а таксама азімы рапс. На жаль, каля 30 % азімага рапсу загінула сёлета з-за непагадзі — да ўборкі ён дарос на 235 гектарах. Агульная ўборачная плошча азімых культур складае больш за 2600 гектараў», — працягвае кіраўнік сельгасарганізацыі, дадаўшы, што сёлета нагрузка на адзін камбайн па ўборцы збожжавых складае крыху больш за 290 гектараў.
Нягледзячы на пэўную гібель плошчаў ад зімовых і вясновых замаразкаў, у тым ліку азімых і яравых збожжавых, хлеб стаіць нядрэнны. «Думаю, што ўзровень мінулага года мы павінны ўзяць у любым выпадку. На жаль, працаваць даводзіцца як атрымаецца: шукаем „форткі“ паміж дажджамі — і адразу ж пускаем у ход камбайны, — падкрэслівае Генадзь Наздрын. — Як сказаў на нядаўнім селектары кіраўнік дзяржавы: не чакайце, не сушыце хлеб у палях, вы яго не высушыце. Таму ўбіраем збожжа з павышанай вільготнасцю. Што нам застаецца рабіць? Палі трэба вызваляць і рыхтавацца да чарговага сезона сяўбы збожжавых культур і рапсу пад ураджай ужо 2026 года. Таму ўсе справы цяпер сціскаюцца ў адну спружыну настолькі, што выйсця іншага проста няма. Трэба працаваць, шукаць прымальныя для ўборкі палі. Так мы і робім».
Сакрэт добрых ураджаяў
Ранні пад’ём, работа да позняга вечара — а як інакш? Адпачываць няма калі, уборачная дыктуе свой распарадак дня. Кожны механізатар, які выходзіць у поле, усведамляе асабістую адказнасць за вынік. На размовы, як і на хобі, часу ў аграрыяў цяпер няма. Пакуль надвор’е спрыяе, яны выкарыстоўваюць кожную хвіліну. Кожны колас, кожная тона — на вагу золата. У гэтай барацьбе за ўраджай работнікі ААТ «Сінкевіцкі» паказваюць прыклад сапраўднай самааддачы і прафесіяналізму. Ды і хто лепей раскажа пра ўборку, калі не сам аграрый, які штодзень выходзіць у поле? Так, трактарыста-машыніста Мікалая Рудзько мы і заспелі якраз за ўборкай рапсу. «Пакуль складана, — адзначае ён, — але мы абавязкова справімся, нягледзячы на тое, што надвор’е, вядома, уносіць свае карэктывы. У цэлым, працаваць вельмі падабаецца. Я люблю ўбіраць хлеб. Заўсёды прыемна глядзець, як колас за коласам, шырокай хваляй, заходзіць у жняярку, бункер паступова напаўняецца, а потым зерне забірае машына. І разумееш, што ты таксама ўносіш сваю лепту ў наш агульны каравай».
Сакрэт добрых ураджаяў, па словах Мікалая, просты: «Трэба любіць сваю справу. Тады і ўборачная будзе праходзіць паспяхова. А яшчэ, што важна, мы працуем на айчыннай тэхніцы, і яна нас не падводзіць. Вельмі спадзяюся пабіць свае мінулыя рэкорды. Ды і ў цэлым будучыню звязваю толькі з полем: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Бо, хто б што ні казаў, зарплата ў аграрыяў годная. Заўсёды душа радуецца, калі прыходжу ў краму, купляю хлеб і разумею: я датычны да яго вытворчасці»
Наперадзе ў хлебаробаў яшчэ шмат працы. Аб выніках пакуль гаварыць рана. Але, гледзячы на тое, як гараць вочы хлебаробаў, як зладжана рухаецца тэхніка па бязмежных палескіх палях, можна з упэўненасцю сказаць: будзем з хлебам!
Фота Лізаветы ГОЛАД
Лунінецкі раён