Top.Mail.Ru

Даведаліся, якія тэхналогіі выратавання і рэабілітацыі пацыентаў з інсультамі выкарыстоўваюцца ў айчыннай медыцыне

Каштоўнасць кожнай хвіліны

Неўралагічны корпус 5-й гарадской клінічнай бальніцы ў Мінску, дзе днямі пабывалі карэспандэнты «Звязды», — адносна новы. 

Ён быў адкрыты ў 2020 годзе і стаў адной з найбуйнейшых спецыялізаваных пляцовак сталіцы для аказання неўралагічнай і нейрахірургічнай дапамогі. Цяпер ён разлічаны на 280 ложкаў. За 9 месяцаў тут пралечана больш за 4 тысячы пацыентаў з разнастайнымі неўралагічнымі захворваннямі.

Метады лячэння — сучасныя

Як расказаў галоўны ўрач 5-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска Станіслаў ТРАЦЦЯК, у структуры гэтага корпуса працуюць два неўралагічныя аддзяленні, два аддзяленні для пацыентаў з вострымі парушэннямі мазгавога кровазвароту, а таксама аддзяленне для лячэння хворых з паражэннем спіннога мозга.

— У 2022 годзе мы зрабілі чарговы крок у развіцці: адкрылася дадатковае аддзяленне для пацыентаў з інсультамі і рэанімацыя, — дапоўніў ён.


Тут таксама паступова ўдасканальваецца дыягнастычная база неўралагічных паталогій.

— Для ацэнкі стану перыферычнай нервовай сістэмы ўжываецца электранейраміяграфія, якая дазваляе вызначыць узровень паражэння нервовых структур і выяўляць васкуліты. Пры падазрэнні на сасудзістую паталогію выкарыстоўваюцца ўльтрагукавыя і ангіяграфічныя метады даследавання на прадмет паталогіі брахіцэфальных сасудаў, што асабліва важна для пацыентаў з вострымі парушэннямі мазгавога кровазвароту, — расказаў Станіслаў Траццяк.



Сучасныя магчымасці ўстановы дазваляюць праводзіць лячэнне рассеянага склерозу прэпаратамі, якія змяняюць цячэнне захворвання, а таксама дапамагаць пацыентам з аўтаімуннымі паталогіямі, у тым ліку з ужываннем монакланальных антыцел, — дадаў галоўны ўрач. — Для хворых з інсультам даступныя высокатэхналагічныя метады лячэння, уключаючы тромбалітычную тэрапію і тромбаэкстракцыю.


Па словах галоўнага ўрача ўстановы аховы здароўя, за дзевяць месяцаў бягучага года ў неўралагічным корпусе пралячылі больш за 4 тысячы пацыентаў з рознымі неўралагічнымі захворваннямі. З іх каля 1300 чалавек паступілі з вострымі парушэннямі мазгавога кровазвароту. Тромбалітычную тэрапію выканалі ў 297 выпадках, тромбаэкстракцыю правялі 93 пацыентам.

Інсульт імкліва маладзее

Такім не вельмі заспакаяльным назіраннем падзялілася загадчык 3-га неўралагічнага аддзялення 5-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска, галоўны пазаштатны неўролаг камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Наталля ЛУКАШЭВІЧ.

— Калі яшчэ некалькі гадоў таму гэта захворванне асацыявалася пераважна з пажылым узростам, то цяпер урачы ўсё часцей сутыкаюцца з маладымі пацыентамі. Самым маладым пацыентам з інсультам летась стала 18-гадовая дзяўчына. Прычынай захворвання стаў трамбоз, звязаны з прыёмам аральных кантрацэптываў. Пры гэтым фактараў рызыкі ў маладым узросце нямала: спадчынная каагулапатыя, інфекцыйныя захворванні, прыём некаторых лекаў, забароненых рэчываў. Сучасныя дыягнастычныя магчымасці дазваляюць выяўляць сапраўдную прычыну сасудзістай катастрофы і падбіраць адрасную прафілактыку. Разам з тым асноўнымі фактарамі рызыкі па-ранейшаму застаюцца артэрыяльная гіпертэнзія, атэрасклероз, цукровы дыябет і іншыя хранічныя захворванні, — адзначыла спецыяліст.


Паводле слоў Наталлі Лукашэвіч, людзям з павышаным артэрыяльным ціскам неабходна рэгулярна прымаць гіпатэнзіўныя прэпараты, выконваць рэкамендацыі спецыялістаў і не спыняць лячэнне самастойна. Гэта датычыцца і лекаў, якія перашкаджаюць тромбаўтварэнню і запавольваюць прагрэсіраванне сістэмнага атэрасклерозу. Менавіта самавольная адмена тэрапіі становіцца адной з прычын паўторных інсультаў.

— Хоць за апошнія гады магчымасці аказання дапамогі пацыентам з вострымі парушэннямі мазгавога кровазвароту значна пашырыліся, але ключавой умовай паспяховага лячэння па-ранейшаму застаецца своечасовая дастаўка пацыента ў стацыянар, — падкрэсліла загадчык аддзялення. — Чым раней чалавек трапляе ў спецыялізаваны цэнтр, тым больш шанцаў мінімізаваць наступствы захворвання.



Тэрапеўтычнае акно складае ад 4,5 да 6 гадзін — тады ўрачы могуць правесці тромбалітычную тэрапію і растварыць тромб медыкаментозна. Калі ж закупораны буйны сасуд, пацыенту выконваюць механічную тромбаэкстракцыю. Такія метады дазваляюць хутка аднавіць кровазабеспячэнне галаўнога мозга, паменшыць выяўленасць неўралагічных парушэнняў і знізіць рызыку інваліднасці. Галоўная мэта лячэння заключаецца не толькі ў выратаванні жыцця, але і ў захаванні яго якасці за кошт максімальна ранняга аднаўлення страчаных функцый.

— Аб развіцці інсульту могуць сведчыць раптоўнае парушэнне маўлення, слабасць у руцэ або назе, перакос твару, — нагадала Наталля Лукашэвіч. — Нягледзячы на тое, што інфармаванасць людзей паступова расце, лічым неабходным пашыраць сацыяльную рэкламу і прафілактычную работу, каб як мага больш пацыентаў звярталіся па дапамогу ў межах тэрапеўтычнага акна. Вынікі ўжо заўважныя. Калі тры гады таму ў гэты перыяд дастаўлялі каля 25 працэнтаў пацыентаў, а аднаўленне кровазвароту ўдавалася выканаць толькі прыкладна ў 20 працэнтах выпадкаў, то цяпер сучасныя метады рэперфузійнай тэрапіі прымяняюцца ўжо амаль у 30 працэнтах пацыентаў з інфарктам мозга.


Сістэма аказання дапамогі пры інсульце ў сталіцы выбудаваная такім чынам, каб скараціць час да пачатку лячэння. Пасля выкліку хуткай меддапамогі і з’яўлення падазрэння на інсульт інфармацыя аператыўна перадаецца ў стацыянар. Пацыента ў прыёмным аддзяленні сустракае каманда спецыялістаў, праводзіцца камп’ютарная тамаграфія, пасля чаго кансіліум прымае рашэнне аб правядзенні тромбалізісу або механічнага выдалення тромба. Пасля тромбаэкстракцыі пацыент знаходзіцца пад наглядам у аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі, дзе праводзіцца інтэнсіўная тэрапія і кантроль стану. Затым выконваюцца неабходныя абследаванні і падбіраецца праграма другаснай прафілактыкі.

«З’явілася галавакружэнне і пачаў адымацца левы бок»

Пацыент Вячаслаў ДЗЕМЯНЕЦ трапіў у 5-ую гарадскую клінічную бальніцу з прыкметамі інсульту.

— Заўважыў, што з’явілася галавакружэнне і пачаў адымацца левы бок, — падзяліўся мужчына. — Зрэагаваў даволі хутка. Удзячны работнікам аховы здароўя. Яны прыехалі да мяне за дзве хвіліны і прывезлі сюды (у бальніцу. — «Зв.»). Тут правялі неабходныя маніпуляцыі. На другі дзень знаходжання ў бальніцы мне стала значна лягчэй.

Цяпер мужчына адчувае толькі слабасць у руцэ.

— Што стала прычынай майго інсульту, я дакладна не ведаю, — сказаў ён, адказваючы на пытанне журналістаў. — Быў павышаны ціск, увесь час прымаю таблеткі. Каб пазбегнуць паўторнага інсульту, урачы строга рэкамендавалі кінуць курыць. Ну і, вядома, прытрымлівацца здаровага харчавання. У мяне павышаны халестэрын.

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю