Савет Рэспублікі: на парадку дня «Хочацца быць на адной хвалі з нашай моладдзю»
У жніўні бягучага года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў адпаведнасці з часткай 2 артыкула 91 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь назначыў Сяргея Сыранкова членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу восьмага склікання. Як адзначыў сенатар падчас размовы з карэспандэнтам «Звязды», дзейнасць парламентарыяў у Савеце Рэспублікі — гэта служэнне беларускаму народу.
— У першую чаргу хачу сказаць, што назначэнне мяне членам Савета Рэспублікі — асаблівая адказнасць перад кіраўніком дзяржавы, які падпісаў указ, і перад жыхарамі Беларусі, — адзначыў Сяргей Сыранкоў. — У сенатарскай дзейнасці перад сабой стаўлю чатыры ключавыя задачы.
Найперш — гэта захаванне прынцыпу сацыяльнай справядлівасці ў заканатворчасці. Пры разглядзе кожнага праекта закона я буду глядзець праз прызму спадзяванняў і інтарэсаў простых людзей працы.
Наступная пазіцыя — акцэнт на рэгіёны і работа з людзьмі непасрэдна на месцах. І ў гэтым плане таксама пашанцавала, таму што я не замацаваны за нейкім канкрэтным рэгіёнам, таму ёсць магчымасць ездзіць па ўсёй краіне і выкарыстоўваць разнастайныя метады работы з грамадзянамі.

Яшчэ адной задачай Сяргей Сыранкоў назваў садзейнічанне ў рэалізацыі маладзёжных праектаў і ініцыятыў.
— Я — прадстаўнік новага пакалення палітыкаў, — падкрэсліў парламентарый. — У гэтым плане хочацца быць на адной хвалі з нашай моладдзю. Ведаю, што даволі актыўна працуе Маладзёжны савет пры Савеце Рэспублікі. Зусім нядаўна прайшло заключнае пасяджэнне, дзе падвялі вынікі яго работы за 2024–2026 гады.
Актыўнае ўзаемадзеянне з моладдзю важнае для таго, каб дапамагаць новаму пакаленню рэалізоўваць ініцыятывы, планы і задумкі. Хацелася б выхоўваць новае пакаленне палітыкаў, якое ўдумліва і мэтанакіравана ў будучыні зробіць нашу Беларусь яшчэ больш магутнай.
Яшчэ адзін прыярытэт — дзейнасць на міжнародным трэку, заўважыў сенатар.
— І ў гэтым плане маю намер задзейнічаць увесь рэсурс партыі і павагу, якую яна мае ў рамках міжнароднага камуністычнага руху (Сяргей Сыранкоў — першы сакратар Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі. — «Зв.»). Хочацца стварыць тую самую сінергію міжпарламенцкай і міжпартыйнай дыпламатыі, — падкрэсліў парламентарый.
Паводле яго слоў, парадак дня работы Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, членам якой ён з’яўляецца, вельмі разнастайны і шырокі.
— Строга ў адпаведнасці з планам заканадаўчай дзейнасці, з найбліжэйшых найбольш важных мерапрыемстваў магу назваць чарговае пасяджэнне МПА СНД, што адбудзецца ў Туркменістане. У найбліжэйшай перспектыве таксама ратыфікацыя асобных дагавораў міжнароднага ўзроўню. 2026-ы адзначаны знакавай датай — 30-годдзем утварэння двухпалатнага парламента Рэспублікі Беларусь, заўважыў сенатар.
— Па ўсёй краіне праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай падзеі. Знакавая дата 24 лістапада не толькі для беларускага парламентарызму, але і ў цэлым для ўсёй сістэмы дзяржаўнага кіравання. У далёкім 1996 годзе ў гэтую дату быў праведзены рэспубліканскі рэферэндум па найважнейшых праблемах дзяржаўнага і грамадскага жыцця, падчас якога беларускі народ унёс змяненні ў Канстытуцыю, згодна з якімі наша рэспубліка стала прэзідэнцкай, у тым ліку быў сфарміраваны двухпалатны парламент.

З гэтай нагоды па ўсёй краіне цяпер праводзіцца даволі разнастайны фармат мерапрыемстваў, падкрэсліў парламентарый.
— Гаворачы аб Савеце Рэспублікі, я лічу правільным і абгрунтаваным рашэнне Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Іванаўны Качанавай наконт таго, што не варта праводзіць агульнарэспубліканскае мерапрыемства тут, у Мінску. Наадварот, акцэнт робіцца на рэгіёны. Знакавыя мерапрыемствы ўжо прайшлі амаль па ўсёй краіне.
Пасыл такі — каб была магчымасць жывых стасункаў з рознымі людзьмі, якія стаялі каля вытокаў беларускага парламентарызму. Неабходна выслухаць іх меркаванне і разам прааналізаваць, чаго нам ужо ўдалося дасягнуць.
Рэзюмуючы, Сяргей Сыранкоў адзначыў:
— Дзейнасць парламентарыяў у Савеце Рэспублікі — гэта служэнне беларускаму народу.
Фота з асабістага архіва Сяргея СЫРАНКОВА