Top.Mail.Ru

Даволі ўражлівай падаецца кніга вершаў «За Радзімы жыццё!»

Разам сабраны творы паэтаў Берасцейшчыны. 27 аўтараў прадставілі свае паэтычныя здабыткі, прысвечаныя 85-годдзю Брэсцкай вобласці і 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Падрыхтавалі выданне як укладальнікі Таццяна Дзмідовіч і Наталля Ніжнік. Звычайна калектыўныя зборнікі чытаюцца складана, бо творы ў іх прадстаўляюць розныя аўтары. Тэматычныя абсягі ў такіх выпадках даволі ўмоўна пазначаны. Ды і ўзровень у аўтараў зборнікаў, зразумела, розны...


Кніга «За Радзімы жыцё!» абвяргае традыцыйныя меркаванні. Нягледзячы на тое, што ў кожнага з паэтаў свой мастацкі вопыт, свае вышыні, літаральна на кожнай старонцы знаходзіш цікавыя і эмацыйна даволі моцныя радкі. Валерый Грышкавец, Мікалай Антаноўскі, Ніна Гарагляд, Таццяна Дземідовіч, Настасся Нарэйка, Надзея Парчук, Зінаіда Дудзюк, Раіса Раманчук, Любоў Красеўская і іншыя іх калегі творчаму цэху пранікліва даводзяць галоўную ідэю жыцця беларуса — любі родны край, шануй яго краявіды, бацькоўскую хату, трымай у памяці подзвігі прашчураў, гераічныя і драматычныя падзеі Вялікай Айчыннай... «На маёй Радзіме пахне сенажаццю,/ Вільгаццю у лесе і рачным пяском./ І збірае ў полі земляроб багацце —/ Вышывае шчасце кожным каласком. <...> На маёй Радзіме добры госць — жаданы./ У вясковых святах роднай мовы звон,/ З цеплыні душэўнай яркі мост сатканы,/ Да чуллівых сэрцаў цягнецца святлом!» Паэты паказваюць сваёй творчасцю звычайнае жыццё, простых людзей, сваіх родных і блізкіх, паказваюць той шлях, які беларусы лічаць сапраўды мірным і вартым будучых пакаленняў. 

Кніга выдадзена ў Брэсцкай вобласці накладам усяго толькі 99 асобнікаў. І многія творы з гэтага зборніка, назвай якога стаў радок з верша легендарнага паэта-барацьбіта Валянціна Таўлая «Ранак Перамогі» («...Кожны кінуцца мог за Радзімы жыццё/ І ўзарвацца гранатай пад крокамі смерці»), варты таго, каб быць надрукаваны ў рэспубліканскім друку. А зборнік можна смела прэзентаваць у Мінску і па ўсёй краіне. 


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю