Top.Mail.Ru

«Дай пяць!»: у сталіцы юныя пяціборцы разыгралі ўзнагароды фіналу

Фотарэпартаж з Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы

У Мінску 10–12 лістапада 2026 года праходзіць трэці, фінальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па сучасным пяцібор’і «Дай пяць!». Арганізатарамі выступілі Міністэрствы адукацыі, спорту, Мінгарвыканкам, Прэзідэнцкі спартыўны клуб і Беларуская федэрацыя сучаснага пяцібор’я.

У фінале прымаюць удзел 168 прадстаўнікоў шасці рэгіёнаў Беларусі і Мінска, якія паказалі лепшыя вынікі ў першых двух этапах. Спаборніцтвы праходзяць у дзвюх узроставых групах: малодшай (2015–2016 г. н.) і старэйшай (2013–2014 г. н.).

Першы этап адбору ўключаў масавыя спаборніцтвы ў кожнай узроставай групе. Другі — абласныя і гарадскія старты па праграме лазер-ран, па выніках якіх быў сфарміраваны спіс удзельнікаў рэспубліканскага фіналу.

Сёння, 11 лістапада, адбылося ўрачыстае адкрыццё спаборніцтваў. У гэты ж дзень прайшоў лазер-ран, спрынт: хлопцы і дзяўчаты спаборнічалі ў бегу і стральбе. На здымках — кульмінацыйныя моманты гонак.

А заўтра, 12 лістапада, адбудуцца масавы старт і эстафеты, дзе можна будзе пабалець за сваіх, адчуць камандны дух, падтрымку трэнераў і балельшчыкаў.

Акрамя спартыўнай праграмы, для ўдзельнікаў і гасцей арганізаваны інтэрактыўныя спартыўна-забаўляльныя пляцоўкі, аўтограф-сесія ад імянітых пяціборцаў. Завершыцца фінал узнагароджаннем пераможцаў.

Спаборніцтвы праходзяць на пляцоўцы Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы (вул. Каліноўскага, 111, Мінск).

Надзея ЗУЕВА

Фота Валерыя КАРТУЛЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю