Як паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, ужо з аўторка ўмовы надвор’я ў Беларусі будуць вызначаць актыўныя атмасферныя франты і вельмі цёплая няўстойлівая паветраная маса.
Сёння чакаецца пераменная воблачнасць. Раніцай на большай частцы тэрыторыі, днём пераважна па ўсходняй палове кароткачасовыя дажджы. Вецер пераменных напрамкаў умераны да парывістага, пры навальніцах месцамі шквалістае ўзмацненне ветру да моцнага парывістага. Тэмпература паветра ноччу ад 16 да 22 °C, днём — ад 24 да 29 °C, па паўднёвым усходзе краіны да 30–32 °C.
9 і 10 ліпеня на нашу тэрыторыю прыйдуць досыць моцныя дажджы. У гэтыя дні ўмовы надвор’я ў Беларусі ў асноўным будуць фарміраваць актыўныя франтальныя раздзелы, звязаныя з паўднёвым цыклонам, цэнтр якога перамесціцца з Усходніх Карпат на захад краіны. Будзе воблачна з праясненнямі. У сераду на большай частцы тэрыторыі краіны дажджы, месцамі моцныя, навальніцы. Вецер няўстойлівы парывісты, пры навальніцах моцны. Тэмпература паветра ўначы ад 14 °C па поўначы да 22 °C па паўднёвым усходзе, удзень ад 19 °С па паўночным захадзе да 33 °С па паўднёвым усходзе. Такая павышаная тэмпература ўначы адзначалася ў нас летась у трэцяй дэкадзе ліпеня і ў жніўні. Гэту з’яву яшчэ называюць «трапічныя ночы».
У чацвер на большай частцы тэрыторыі месцамі чакаюцца моцныя дажджы. У асобных раёнах навальніцы. Вецер пераменных напрамкаў умераны, пры навальніцах парывісты, удзень месцамі моцны. Тэмпература паветра ўначы ад 13 да 20 °C, днём — ад 18 °C па захадзе да 33 °C па паўднёвым усходзе краіны.
Сяргей КУРКАЧ