У пачатку тыдня тэрыторыя нашай краіны працягвала знаходзіцца на перыферыі антыцыклону KLAUS, які забяспечваў халаднаватае надвор’е з лакальнымі ападкамі. Але хутка пачнуць наступаць на нас непагодлівыя заходнія цыклоны, якія прынясуць не толькі ападкі ў большасць раёнаў Беларусі, але і запусцяць сагрэтыя Гальфстрымам паветраныя масы. Аднак перыяд цёплага надвор’я будзе доўжыцца нядоўга (з чацвярга па пятніцу). У суботу ўслед за франтальнымі раздзеламі распаўсюдзяцца высокі ціск і паветра арктычнага паходжання, папярэджваюць сіноптыкі.
У сераду ноччу на большай частцы тэрыторыі краіны, днём месцамі выпадуць ападкі (дождж, мокры снег). Уначы і раніцай у асобных раёнах магчымы туман і слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 4 да плюс 3 °C, днём — 1–6 °C вышэй за нуль.
У чацвер ноччу месцамі, днём на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаюцца ападкі — дождж, ноччу з мокрым снегам. Уначы і раніцай у асобных раёнах магчымы слабыя туман і галалёд. Тэмпература паветра ноччу складзе ад мінус 3 да плюс 3 °C, днём — 1–7 °C вышэй за нуль, па паўднёвым захадзе месцамі да плюс 9 °C.
У пятніцу на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца ападкі, у асноўным дождж. Днём месцамі па паўднёвым усходзе пройдуць моцныя дажджы. Уначы і раніцай у асобных раёнах магчымы слабы галалёд. Тэмпература паветра ноччу складзе ад 0 да плюс 6 °C, днём — 1–7 °C цяпла, па поўдні і паўднёвым усходзе месцамі да 9 °C вышэй за нуль.
Віктар ЛЮБІМАЎ