Мерапрыемства аб’яднала амаль 300 удзельнікаў: прадстаўнікоў мясцовых Саветаў дэпутатаў, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, грамадскіх аб’яднанняў і актыўных грамадзян.
На форуме можна было азнаёміцца з ідэямі, увасобленымі ў жыццё ў розных кутках паўднёва-ўсходняга рэгіёна. Свае праекты прэзентавалі ініцыятыўныя групы з раёнаў вобласці і Гомеля. Тэмы, якія ахапілі грамадзянскія ініцыятывы, датычацца захавання гістарычнай памяці, духоўна-маральных каштоўнасцяў, павышэння прывабнасці тэрыторый, папулярызацыі здаровага ладу жыцця, а таксама экалогіі, добраўпарадкавання, падтрымкі маладзёжных і адукацыйных праектаў.

Як звярнула ўвагу член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч, мясцовыя ініцыятывы становяцца важным інструментам дыялогу паміж грамадзянамі і дзяржавай, грунтоўнай матывацыяй удзелу актыўных, неабыякавых людзей у развіцці свайго населенага пункта.
— Устойлівае развіццё — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці кіраўніцтва краіны і вобласці. Для рэалізацыі гэтай мэты дзяржавай створаны і ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы, — падкрэсліла член Савета Рэспублікі. — Адным з найважнейшых фактараў паспяховага развіцця Гомельскай вобласці з’яўляецца заахвочванне грамадзян да вырашэння пытанняў мясцовага значэння. Бо ніхто лепш за саміх жыхароў не ведае, што неабходна, чаго не хапае на месцах для камфортнага жыцця. І, як паказала практыка, грамадзянскія ініцыятывы — хоць і адносна новы, але вельмі эфектыўны від узаемадзеяння, камунікацыі людзей і дзяржаўных органаў, які паспяхова развіваецца.
Як нагадала Кацярына Зенкевіч, значная роля ў арганізацыі і рэалізацыі праектаў грамадзянскіх ініцыятыў у рэгіёне належыць Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў.
— За два гады ў рэгіёне рэалізавана 44 грамадзянскія ініцыятывы. Дзякуючы механізму конкурснага адбору лепшых праектаў грамадзянскіх ініцыятыў толькі сёлета было разгледжана 55 праектаў, 19 з якіх, самых цікавых і інавацыйных, на думку конкурснай камісіі, сталі пераможцамі. Насамрэч увасобленых у жыццё праектаў значна больш, бо на месцах сіламі ініцыятыўных груп былі рэалізаваны многія з тых праектаў, якія не сталі пераможцамі па выніках конкурсу, — звярнула ўвагу член Савета Рэспублікі. — Важна таксама, што асноўная частка праектаў была прапанавана і ўвасоблена ў сельскай мясцовасці, бо, як заўжды падкрэслівае кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, у вёсцы неабходна ствараць умовы, як у горадзе, таму што без вёскі не будзе дзяржавы.
У развіцці грамадзянскай актыўнасці на Гомельшчыне асобная ўвага — навучанню актыўных грамадзян. У вобласці створаны курс «Школа рэгіянальнага развіцця», дзе ўжо падрыхтаваны 42 выпускнікі — дэпутаты, прадстаўнікі органаў тэрытарыяльнага самакіравання і ініцыятыўныя людзі. Дзякуючы спонсарскай дапамозе сёлета пераможцы праграмы атрымаюць фінансавую падтрымку — да дзесяці тысяч рублёў на ўвасабленне сваіх праектаў. Значны ўнёсак зрабіла абласное аб’яднанне партыі «Белая Русь», якое прафінансавала набыццё святлодыёднага экрана для ініцыятывы «Код памяці» ў Гомелі.
— Мы рады, што форум прырастае новымі ўдзельнікамі і фактычна набывае статус міжнароднага. Так, на наша запрашэнне адгукнуліся прадстаўнікі трох рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі: Бранскай, Варонежскай і Ніжагародскай абласцей. Упэўнена, што наш форум дазволіць распаўсюдзіць вопыт рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў у грамадстве, перайсці да доўгатэрміновых мэт і іх дасягнення, — падкрэсліла Кацярына Зенкевіч.
«Сіла ініцыятывы нараджаецца там, дзе ёсць чалавек, якому неабыякава тое, што адбываецца вакол»: як на практыцы гэты прынцып матывуе ініцыятыўныя групы, якія цікавыя і крэатыўныя ідэі яны прадставілі на ІІ Форуме грамадзянскіх ініцыятыў «Ад ідэі — да выніку», — падрабязней у наступным выпуску «Мясцовага самакіравання».
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота з сайта newsgomel.by