Top.Mail.Ru
383

Дэбаты пад прыцэлам

Як кандыдаты на пасаду прэзідэнта Польшчы — Тшаскоўскі і Наўроцкі — спрабуюць перавабіць выбаршчыкаў перад другім турам

У пятніцу, 23 мая, адбыліся дэбаты паміж кандыдатамі ў прэзідэнты Польшчы Рафалам Тшаскоўскім і Каралем Наўроцкім. Другі тур выбараў, калі стане вядома, хто будзе прэзідэнтам, адбудзецца 1 чэрвеня. А таму кандыдаты робяць усё магчымае, каб прыцягнуць на свой бок электарат, які пакуль не вызначыўся. Бо менавіта ад іх будзе залежаць, хто пераможа на выбарах.

Былы польскі суддзя Томаш Шміт, які цяпер жыве ў Беларусі, прааналізаваў для БелТА вынікі гэтых дэбатаў.

Ён нагадаў, што Рафал Тшаскоўскі, цяперашні мэр Варшавы, — кандыдат ад «Грамадзянскай платформы» (ГП), лідарам якой з’яўляецца Дональд Туск. У двух словах гэта можна назваць прабрусельскім варыянтам. З іншага боку — Караль Наўроцкі, кіраўнік Інстытута нацыянальнай памяці, тэарэтычна з’яўляецца беспартыйным кандыдатам, але на самай справе яго падтрымлівае партыя «Права і справядлівасць» (ПіС) на чале з Яраславам Качыньскім. «ПіС» апошнім часам зрабіла палітычны паварот у бок адміністрацыі Трампа і партый у ЕС, якія можна назваць еўраскептычнымі.

Томаш Шміт не выключае, што для «Права і справядлівасці» цяперашнія выбары — барацьба за выжыванне. Бо перамога Тшаскоўскага будзе азначаць, што Дональд Туск, які неаднаразова заяўляў, што ўладзіць скандалы, звязаныя з палітыкамі «ПіС», атрымае ўсю паўнату ўлады.

Аўтар прыводзіць цытату з часопіса Polytіca: «Бываюць дэбаты, якія вырашаюць зыход выбараў. Ці былі пятнічныя дэбаты паміж двума кандыдатамі ў прэзідэнты аднымі з іх? Хутчэй за ўсё. Таму што на гэты раз Рафал Тшаскоўскі, кажучы груба, „раздавіў“ Караля Наўроцкага. Дакладней — Наўроцкі „ўчыніў самазнішчэнне“. Ён зрабіў усё магчымае, каб яго паходжанне не было забыта. Такога свята брыдоты, кпінаў, паклёпу і адкрытага хамства многія з нас, мабыць, не чакалі. Выказванні Наўроцкага складаліся ў асноўным з хлусні, скажэнняў, паклёпу, здзекаў і хамскага абвяржэння 

таго, што ён пачуў ад свайго апанента. І ўсё гэта суправаджалася штучнымі агрэсіўнымі ўхмылкамі, нервовымі паводзінамі і скрыжоўваннем ног».

Ці дакладная гэта ацэнка і ці вырашаць пятнічныя дэбаты зыход выбараў?

— І ў Тшаскоўскага, і ў Наўроцкага ёсць свой электарат, — канстатуе экс-суддзя. — Праблема для абодвух кандыдатаў заключаецца ў тым, што гэтага электарату занадта мала для перамогі на выбарах.

Ён адзначае ход Славаміра Ментцэна (трэці вынік у першым туры выбараў), які прапанаваў Тшаскоўскаму і Наўроцкаму падпісаць дэкларацыю з васьмі пунктаў:

1. Я не падпішу ні аднаго закона, які павялічвае існуючыя падаткі, узносы, зборы або ўводзіць новыя фіскальныя нагрузкі.

2. Я не падпішу ні аднаго закона, які абмяжоўвае наяўныя аперацыі, і буду падтрымліваць польскі злоты.

3. Я не падпішу ні аднаго закона, які абмяжоўвае свабоду выказвання поглядаў, адпаведных Канстытуцыі Польшчы.

4. Я не дазволю адпраўляць польскіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю.

5. Я не падпішу закон аб ратыфікацыі ўступлення Украіны ў НАТА.

6. Я не падпішу ні аднаго закона, які абмяжоўвае доступ палякаў да зброі.

7. Я не пагаджуся на перадачу паўнамоцтваў ад улад Рэспублікі Польшча органам Еўрапейскага Саюза.

8. Я не падпішу ратыфікацыю любых новых дагавораў ЕС, якія аслабляюць ролю Польшчы, напрыклад, аслабляюць яе права голасу або пазбаўляюць яе права вета.

Наўроцкі падпісаў гэту дэкларацыю на пасяджэнні ў чацвер. А вось пятнічныя дэбаты, наадварот, выставілі яго ў не вельмі добрым святле.

— Тут Тшаскоўскі меў відавочную перавагу, згадваючы пра мінулае футбольнага фаната Наўроцкага, пра яго сувязь з гангстарамі з Гданьска або пра кватэру, якую Наўроцкі калісьці купіў на не вельмі зразумелых умовах, — адзначае Томаш Шміт.

Трэба сказаць, што ўсе гэтыя праблемныя тэмы настолькі выбілі Наўроцкага з раўнавагі, што ён вырашыў скарыстацца маленькім пакецікам з невядомым рэчывам падчас праграмы.

— Незалежна ад таго, што гэта быў за прэпарат, выкарыстанне такога стымулятару падчас дэбатаў, якія глядзяць мільёны палякаў, ставіць пад сумненне псіхічны стан кандыдата ў прэзідэнты. У Інтэрнэце паведамляецца, што Наўроцкі ўжыў прэпарат на аснове нікаціну. Эфект заключаецца ў тым, што нікацін аказвае стымуляцыйнае дзеянне, выклікае пачуццё расслаблення і ў некаторых сітуацыях валодае заспакаяльнымі ўласцівасцямі, — кажа аўтар.

У Інтэрнэце адбылася бура. Наўроцкі афіцыйна заклікаў Тшаскоўскага правесці сумесныя тэсты на наркотыкі. Цяпер усе чакаюць адказу Тшаскоўскага. У Варшаве ўжо даўно ходзяць чуткі, што Тшаскоўскі ўжывае псіхатропныя прэпараты.

— Рэч у тым, Наўроцкі проста не справіўся са стрэсам падчас дэбатаў ці гэта была наўмысная правакацыя, каб падставіць Тшаскоўскага? — задаецца пытаннем аўтар. Ён робіць выснову, што дэбаты ў Польшчы вядуцца не на сацыяльныя, грамадскія або геапалітычныя тэмы, а на тэму псіхатропных прэпаратаў, якія ўжываюць кандыдаты ў прэзідэнты.

— І ў мяне ёсць адно пытанне: якая будучыня ў краіны, у якой такі чалавек становіцца прэзідэнтам? — і тут ужо хутчэй рытарычнае пытанне задае напрыканцы Томаш Шміт.

У тэму

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда прапанаваў правяраць кандыдатаў у прэзідэнты на прадмет ужывання наркотыкаў. Пра гэта паведамляе Radіo ZET.

«Гэта вельмі сур'ёзная праблема. Часы надзвычай цяжкія. Чалавек, які з'яўляецца галоўнакамандуючым узброенымі сіламі, не можа мець такіх залежнасцяў, звычак, з-за якіх ён не можа прымаць цалкам усвядомленыя рашэнні, — заявіў прэзідэнт Польшчы, адказваючы на пытанне «ці падтрымлівае ён правядзенне тэста на наяўнасць забароненых рэчываў сярод кандыдатаў у прэзідэнты?». — Я думаю, было б цалкам разумна, калі б гэта сапраўды правяралася».

Дуда таксама заявіў, што сам ён не праходзіў падобных тэстаў, аднак гатовы зрабіць гэта ў любы момант.

Прэзідэнт Польшчы адзначыў: «Нікацінавая залежнасць вельмі непрыемная, паколькі чалавек мае патрэбу ў дадзеным рэчыве. Гэта, безумоўна, нездаровае рэчыва, і я думаю, што сам Караль Наўроцкі таксама шкадуе, што ўжывае яго». «Мяне засмуціў той факт, што ў мяне была нікацінавая залежнасць, гэта мяне вельмі турбавала. На шчасце, мне ўдалося ад яе пазбавіцца пасля цяжкай барацьбы», — дадаў Дуда.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю