Дэфіле па пешаходнай вуліцы Брэста наладзяць мадэлі ў строях швейных кампаній горада. Пра гэта БелТА паведамілі ў Брэсцкім гарвыканкаме.
«Наш любімы горад пачынае зваротны адлік да свайго 1007-годдзя, і мы вырашылі адкрыць святочны сезон максімальна эстэтычна. Запрашаем 17 ліпеня з 14:30 да 16:00 на эксклюзіўны анонс моднага фестывалю „LookБуг“ на пешаходнай вуліцы Савецкай», — заінтрыгавалі у Брэсцкім гарвыканкаме.
У перформансе прымуць удзел прадстаўнікі мадэльных школ Брэста, якія прэзентуюць адзенне швейных кампаній горада. Вобразы прадставяць не на подыуме, а ў нязмушанай атмасферы — проста на вуліцы, сярод мінакоў. Чакаецца, што будзе задзейнічана некалькі лакацый, на якіх мадэлі будуць пазіраваць у строях і наладзяць вулічную фотасесію. Яркім момантам абяцае стаць дэфіле па пешаходнай Савецкай.
Фестываль моды і стылю «LookБуг» у Брэсце пройдзе ўжо пяты раз. Так, 24–25 ліпеня на вуліцы Гогаля разгорнецца «модны маркет». Гэта выстава-продаж швейных вырабаў прадпрыемстваў-удзельнікаў фестывалю. Яшчэ адным пунктам прыцягнення стане пляцоўка каля фантана на вуліцы Савецкай. Туды гледачоў запрашаюць увечары 24 ліпеня, дзе з 20:00 да 23:00 пройдзе грандыёзнае фэшн-шоу. Дарэчы, адна са швейных фірмаў зробіць гораду падарунак. Падрабязнасці пакуль трымаюць у сакрэце.
Сваё 1007-годдзе Брэст будзе адзначаць 24–28 ліпеня. Святочную праграму яшчэ працягваюць фарміраваць, але некаторыя дэталі ўжо вядомыя. Напрыклад, брастаўчан і гасцей горада запрашаюць зарадзіцца энергіяй на фестывалі «Аблокі малака», атрымаць уражанні на байк-фестывалі, пахварэць на міжнародных спаборніцтвах наймацнейшых выратавальнікаў-пажарных. Арганізатары рыхтуюць і іншыя цікавыя мерапрыемствы.