У вёсцы Альхоўцы, што ў Ляхавіцкім раёне, набірае абароты ферма. Яе ўладальнік, прадпрымальнік Уладзімір Гатоўчыц, на справе даказвае, што і ў Беларусі можна вырасціць крэветку Розенберга.
Уладзімір Гатоўчыц прызнаецца, што жарт пра беларускія крэветкі без мора ён чуў шмат разоў у Маскве, дзе пражываў разам з сям’ёй. Вярнуўшыся ў Беларусь, вырашыў заняцца фермерствам, кірунак выбраў няпросты...
— Прааналізаваўшы розныя сферы, зразумеў, што ў Беларусі ўжо амаль усё ёсць, а вось вырошчваннем крэветак ніхто не займаўся. Падумаў, што можа атрымацца вельмі цікавая гісторыя, — усміхаецца Уладзімір.
Закінуты будынак, які раней быў школай, Уладзімір выкупіў і цалкам перабудаваў пад патрэбы вытворчасці. Закупіў праграмнае забеспячэнне і абсталяванне. Адзін з самых каштоўных прамысловых відаў у Азіі — крэветку Розенберга — сам асабіста прывёз з Астраханскай вобласці Расіі.
— Думаю, мы пройдзем усе стадыі, наладзім працэсы і выведзем сваю беларускую крэветку, якая будзе адаптаваная да нашых умоў. Кожнае наступнае пакаленне крэветак будзе пераносіць мясцовае асяроддзе лягчэй, — упэўнены ён.
Уладзімір Гатоўчыц ведае ўсе таямніцы акварыумнага жыцця сваіх падапечных. А характар у ракападобных зусім не просты.
— Самцы дамінуюць, яны плаваюць вышэй і пастаянна б’юцца паміж сабой за тэрыторыю, ежу і самак. Калі бачым, што нейкая з асобін пацярпела, адразу спяшаемся адсадзіць яе на час, каб прыйшла ў сябе, — расказвае ён. — Таксама стараемся адсаджваць сем’і і назіраем за іх развіццём. Некаторыя адразу адно з адным наладжваюць міралюбныя адносіны. А ёсць самка, якая не змагла ўжыцца з васьмю самцамі.
Пры гэтым, па словах суразмоўцы, рачкі вельмі ранімыя стварэнні. Да прыкладу, яны дрэнна пераносяць змену абстаноўкі, могуць адчуваць стрэс ад занадта яркага святла і вялікай колькасці людзей падчас экскурсій. Пачынаюць нервавацца і дрэнна харчавацца.
Што ж датычыцца масавых продажаў беларускай крэветкі, то Уладзімір перш за ўсё ўдакладняе, што на старце таварнай прадукцыі будзе не так шмат.
— У нас ёсць шэсць басейнаў з крэветкамі, якіх можам адпраўляць у продаж, але гэта зусім невялікая колькасць. Трэба, каб яны ўсе былі запоўнены ракападобнымі, — тлумачыць ён. — Думаю, што дэгустацыі мы зможам праводзіць ужо вясной наступнага года.
У крамах жа беларускай крэветкі ў замарожаным выглядзе вы не знойдзеце — залішне затратнай выходзіць яе вытворчасць.
— Адно толькі пастаяннае падтрыманне патрэбнай тэмпературы вады патрабуе вялікага спажывання электраэнергіі. Гэта робіць прадукцыю неканкурэнтаздольнай з той, якая вырасла ў натуральным асяроддзі і была завезена ў велізарных аб’ёмах да нас з Азіі і Аргенціны, — каментуе ён. — Таму мэта — прадаваць жывую крэветку, супрацоўнічаючы з рэстаранамі, кавярнямі, аграсядзібамі.