Універсальныя еўрапейскія каштоўнасці пачынаюць дыферэнцыравацца ўнутры ЕС, не вытрымаўшы націску эканамічнага шторму. Глыбіня эканамічнай інтэграцыі аказалася не столькі глыбокай і надзейнай, як здавалася. Перманентны энергетычны крызіс прадэманстраваў адсутнасць выразнай і адзінай энергетычнай палітыкі ў саюзе. Фактычна, кожны еўрапейскі рэгіён сёння выпрацоўвае сваю рамку энергетычнай бяспекі, якія паміж сабой, прама скажам, не зусім і адпавядаюць. І наўпрост уступаюць у супярэчнасць з «зялёным» парадкам дня.
Яшчэ нядаўна еўрапейскія ўрады на сыравінныя галіны глядзелі пагардліва. Лічылася: будучыня за аднаўляльнымі крыніцамі энергіі альбо якімі-небудзь высокатэхналагічнымі варыяцыямі, напрыклад, вадароднымі ўстаноўкамі. А капацца ў зямлі, выцягваць з нетраў нафту, газ і іншыя выкапні... не перспектыўна, не экалагічна, не ў духу сучаснага тэхналагічнага развіцця. Вядома, ад нафты, газу і нават вугалю адразу адмовіцца немагчыма. Але гэтым могуць займацца іншыя дзяржавы за межамі ЕС, каб пастаўляць нафту і газ у Стары свет.
Геапалітычны развал, эканамічная фрагментацыя прымусіла перагледзець шэраг пазіцый, якія нядаўна здаваліся непарушнымі. І вось ужо кіраўнік газавай кампаніі Energean Маціяс Рыгас сцвярджае: Еўропа зноў адкрылася для сыравінных інвестыцый. У Італіі суды адмянілі забарону на геолагаразведку вуглевадародаў. Вядуцца перагаворы аб выдачы адпаведных ліцэнзій. Актыўна ўзялася за пошукі газу Грэцыя. Актывізаваўся па вуглевадародным кірунку Кіпр. А яшчэ некалькі гадоў таму такія праекты нават не абмяркоўваліся!
Але падзеі апошніх гадоў безапеляцыйна прадэманстравалі: энергетычная бяспека і ўстойлівасць — алгарытм эканамічнага выжывання дзяржавы. Бо міжнародны рынак энерганосьбітаў не можа забяспечыць стабільнасці паставак: ні па аб’ёме, ні па цане. Стаў відавочным факт: базавыя патрэбы краіны неабходна максімальна забяспечваць за кошт унутраных крыніц. Альбо надзейных пастаўшчыкоў з суседніх рэгіёнаў, камерцыйныя кантракты з якімі падмацаваныя тымі ці іншымі міждзяржаўнымі пагадненнямі.

Іншае пытанне, што ў кожнай еўрапейскай дзяржавы свае прыярытэты, рызыкі і пагрозы, якія дыктуюць выбудоўванне рамкі энергетычнай бяспекі.
Германія працягвае забяспечваць свой суверэнітэт за кошт тэхналагічнага складніка. Сонечныя батарэі, цеплавыя помпы і іншыя навацыі з’яўляюцца досыць дарагімі. Але самая моцная эканоміка Еўропы пакуль можа сабе дазволіць такія выдаткі. Наколькі паспяховай акажацца стратэгія ў забегу на доўгую дыстанцыю трэба аналізаваць на фінішы. Польшча сур’ёзна ўзялася за ядзерную энергетыку. Францыя, мабыць, самая ўстойлівая краіна ў ЕС у сілу ўласнай атамнай галіны, а таксама наяўнасці магутных здабыўных кампаній. Таму і энергетычныя ўраганы гэта дзяржава перажывала адносна бязбольна. Зрэшты, Парыж таксама заявіў аб аднаўленні праектаў у здабыўной галіне. Праўда, не на тэрыторыі метраполіі, а ў сваіх заморскіх уладаннях. Міжземнаморскі рэгіён, мяркуючы па ўсім, робіць стаўку на здабычу ўласных вуглевадародаў. Не адпрэчваючы альтэрнатыўную энергетыку ў прынцыпе, асноўны акцэнт перамясціўся на традыцыйныя крыніцы. Таму з пункту гледжання экалагічнага парадку дня карта Еўропы размаляваная ва ўсе адценні зялёнага. Прычым іншыя колеры пачынаюць пераважаць.
Як гэта ўзгоднена са знакамітымі ESG-стандартамі, за невыкананне якіх яшчэ нядаўна хацелі ўводзіць трансгранічныя санкцыі? Ніяк. Экалагічныя канструкцыі ЕС проста састарэлі. Уласна кажучы, мы назіраем не толькі рэгіяналізацыю сусветнай эканомікі, але фрагментацыю ўнутры інтэграцыйных аб’яднанняў, калі на першы план выходзяць нацыянальныя інтарэсы, з якіх вырастаюць нацыянальныя стандарты: экалагічныя, сацыяльныя, палітычныя і іншыя. Універсалізм перастае працаваць. Нават унутры ЕС. Зрэшты, гэта не перашкаджае яму працягваць дэклараваць адзінства. Але рыторыка і рэальнасць заўсёды не супадалі, а ў нашы дні яны прынцыпова адрозніваюцца.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ