Грошы любяць... пільнасць
Сёння кіберзлачыннасць становіцца ўсё больш арганізаванай дзейнасцю, таму поўнай няўразлівасці — ні на агульным, ні на персанальным узроўні — дасягнуць немагчыма. Адзіны спосаб паменшыць рызыку — гэта выкананне правіл лічбавай бяспекі, аб чым бесперапынна нагадваюць эксперты.
Падставы розныя, мэта — адна
Асабліва важна навучаць асновам бяспечных паводзін у інтэрнэце дзяцей і пажылых сваякоў, а на прадпрыемствах — мэтанакіравана фарміраваць адпаведную культуру ў працоўных калектывах. Справа ў тым, што зламыснікі аператыўна рэагуюць на любыя змены ў лічбавай прасторы. У прыватнасці, яны ўжо адаптаваліся да пераходу сістэмы аховы здароўя на электронныя рэцэпты і бальнічныя і актыўна выкарыстоўваюць іх як нагоду для тэлефонных званкоў грамадзянам.
«Грамадзянам тэлефануюць з розных прычын, з розных нумароў. Прадстаўляючыся той ці іншай установай аховы здароўя, прапануюць прайсці электронную рэгістрацыю, перадаць свае персанальныя даныя. Нічога паведамляць нельга. Ні Міністэрства аховы здароўя, ні іншыя дзяржаўныя органы не просяць правесці аўтэнтыфікацыю, паведаміць якія-небудзь паролі, коды ці асабістыя даныя», — расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці крымінальнай міліцыі Міністэрства ўнутраных спраў, палкоўнік міліцыі Андрэй Кавалёў.

Паводле яго слоў, замежныя калегі актыўна дзеляцца аператыўна-тэхнічнай інфармацыяй, што дае магчымасць выбудоўваць эфектыўнае ўзаемадзеянне і перашкаджаць дзейнасці ашуканцаў. Цяпер такое супрацоўніцтва вядзецца з 89 краінамі свету — усё для аператыўнага абмену данымі і раскрыцця злачынстваў.
Яшчэ адна ашуканская схема, вельмі папулярная апошнім часам у кібермахляроў, — «дэклараванне» прыбыткаў. Пад выглядам супрацоўнікаў міліцыі ці іншых сілавых структур яны тэлефануюць грамадзянам — у першую чаргу людзям пажылога ўзросту — і пад рознымі падставамі патрабуюць тэрмінова «задэклараваць» свае зберажэнні. Часам нават прапануюць асабіста забраць наяўныя грошы і даставіць іх у падатковую. Насамрэч падатковыя органы ніколі не выступаюць пасрэднікамі пры перадачы грошай, расказаў Андрэй Кавалеўскі, начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах. Такой схемы працы проста не існуе.
Сутнасць дэкларавання, якім аферысты так любяць маніпуляваць, зводзіцца выключна да інфармавання дзяржавы аб прыбытках, якія паступілі, прычым толькі ў тых сітуацыях, калі гэтага патрабуе закон. Аб запрашэннях з’явіцца з наяўнымі ў інспекцыю або перадаць сродкі праз старонняга чалавека гаворкі быць не можа.
А што наконт крыптавалюты?
Аперацыі з «крыптой», якія праводзяцца праз рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, у нашай краіне падаткам не абкладаюцца. А вось садзейнічанне ў аперацыях з крыптавалютай для трэціх асоб з’яўляецца незаконным і забаронена, адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах. Сцерагчыся варта і прапаноў купіць актыў па цане, прыкметна вышэй сярэдняй па рынку. За ўдзел у такіх схемах можна паплаціцца не толькі грашыма, але і сутыкнуцца з адміністрацыйнай адказнасцю аж да адабрання ўсяго атрыманага такім чынам прыбытку.

«Сёння вядзецца актыўная работа над пашырэннем колькасці аперацый. Напрыклад, хутка ўступае ў сілу заканадаўства, якое ўводзіць новы від дзейнасці — крыптабанк, — адзначыў Філіп Пяткевіч, саветнік дзяржаўнай установы „Сакратарыят Назіральнага савета Парка высокіх тэхналогій“. — Ён сумяшчае ў сабе крыптарэзідэнта ПВТ і банк пад кантролем Нацыянальнага банка, што дазволіць пэўным фізічным і шэрагу юрыдычных асоб ажыццяўляць знешнеэканамічныя аперацыі, выкарыстоўваючы крыптавалюту, ужо цалкам легальна». У перспектыве — капітрэйдынг, давернае кіраванне і нават аірдропы.
Па словах Філіпа Пяткевіча, інтарэсы дзяржавы і карыстальнікаў крыптавалюты тут супадаюць: абодва бакі імкнуцца да пашырэння легальных і бяспечных інструментаў для інвеставання, зводзячы магчымасць махлярства да мінімуму. Але сфера гэтая ўсё ж не выключае рызыкі грашовых страт, пра што рэзідэнты ПВТ заўсёды папярэджваюць сваіх кліентаў. Затое ёсць просты і надзейны спосаб праверыць контрагента: дастаткова патэлефанаваць у Парк высокіх тэхналогій і ўдакладніць, ці з’яўляецца канкрэтная біржа ці арганізацыя яго рэзідэнтам.
Аміна НАЗАРАВА
Фота з адкрытых крыніц