«Час канкрэтных спраў» — гэтыя словы, сказаныя Прэзідэнтам падчас другога пасяджэння VІІ УНС, сталі практычным арыенцірам для Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады. Але за кожным яе напрамкам стаіць чалавек. Пра гэта — размова з дэлегатам VІІ Усебеларускага народнага сходу, настаўніцай сярэдняй школы № 84 горада Мінска імя П. Ц. Панамарова Людмілай ШЫЦІК.
Людміла Міхайлаўна прадстаўляе Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў. Для дэлегата дэвіз VІІ УНС «Час выбраў нас!» непарыўна звязаны з іншым лозунгам, які гучаў у Пасланні Прэзідэнта 18 снежня 2025 года: «Час канкрэтных спраў». На чарзе — трэцяе пасяджэнне, якое адбудзецца ў снежні. Педагог, рыхтуючыся да яго, сваім вучням тлумачыць сутнасць дэвіза: чалавек вызначаецца не словамі, а тым, што ён робіць кожны дзень — за партай, дома, у адносінах да іншых.
На першым пасяджэнні VІІ УНС разглядаліся важныя для краіны дакументы. «Быць датычным да абмеркавання ваеннай дактрыны, Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі — гэта вельмі важна. І я разумела, што павінна не толькі ва ўсім разабрацца, але і данесці гэтую інфармацыю на працоўным месцы — калегам-педагогам, маладым настаўнікам, вучням і іх бацькам», — гаворыць дэлегат.
На другім пасяджэнні, прымаючы Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026–2030 гады, першым з сямі прыярытэтаў назвалі нацыянальную дэмаграфічную бяспеку. Менавіта з гэтым выклікам звязаны разважанні дэлегата пра новае пакаленне: «Моладзь — гэта наша будучыня. І нам, старэйшаму пакаленню, важна перадаваць назапашаны вопыт такім чынам, каб нам верыл, і каб моладзь пераймала наш вопыт як эстафету».
Для Людмілы Шыцік Усебеларускі народны сход — гэта перш за ўсё ўлада народа. «Кожны з нас датычны да жыцця краіны, да арганізацыі працы і адпачынку, да таго, як мы ўдзяляем увагу сям’і, — усё гэта ляжыць у плоскасці дзяржаўнасці і самога народа», — падкрэслівае суразмоўніца. На яе думку, гэта вельмі патрэбны орган, бо дазваляе кожнаму адчуць сваё дачыненне да лёсу краіны: «Роля грамадзяніна ў жыцці дзяржавы — гэта дарагога каштуе».
Людміла Міхайлаўна ўпэўнена: быць дэлегатам — не ганаровы статус, а абавязак і адказнасць: «Нават калі б і не хацелася — у мяне мандат. За мной — людзі. Удзел ва УНС — гэта таксама работа: падчас пасяджэнняў грунтоўна вывучаю матэрыялы, разам з калегамі ўдзельнічаю ў абмеркаванні».
Людміла Шыцік падкрэслівае: у снежні яна ідзе на чарговае пасяджэнне УНС не назіраць, а працаваць. «На першым пасяджэнні мы знайшлі сабе аднадумцаў, таму хочацца сустрэцца, абмяняцца меркаваннямі і паслухаць зварот Прэзідэнта, выступаючых, вызначыць асноўныя крытэрыі, па якіх мы далей будзем рухацца».
Асабліва цёпла Людміла Міхайлаўна гаворыць пра зварот Прэзідэнта: «Што мне імпануе? Адкрытасць нашага лідара, яго зацікаўленасць. Бачна, што лёс краіны — гэта справа яго жыцця. Адчуваеш, што ён гаворыць не проста пра дзяржаву, а асабіста пра мяне, пра кожнага беларуса, і, самае галоўнае, ад сэрца». Дэлегат дадае, што заўсёды давярае беларускаму лідару і просіць у Бога яму здароўя: «Дай, Божа, сіл, здароўя, таму што ён наш шчыт».
Акрамя дэлегацкай місіі, Людміла Міхайлаўна выконвае яшчэ адну, не менш значную ў сваім жыцці, — яна настаўніца з вялікім стажам: у сталічнай школе № 84 працуе з 1981 года, больш за паўтара дзесяцігоддзя была дырэктарам, а цяпер, на пенсіі, выкладае беларускую мову ў пачатковых класах. Яна ўпэўнена: «Без мінулага будучыні не бывае».
І гэтыя дзве місіі — дэлегацкая і настаўніцкая — для яе непарыўныя. «Час канкрэтных спраў» — гэта не толькі праграма на пяцігодку, а яе штодзённая праца. Менавіта на гэтым, на яе думку, і трымаецца ўлада народа: калі кожны на сваім месцы разумее, што ад яго залежыць агульны вынік і лёс краіны.
Надзея ЗУЕВА