Настаўніца хіміі Вуцеўскай сярэдняй школы Добрушскага раёна Вольга САВЯНОК — дэлегат Усебеларускага народнага сходу ад працоўнай моладзі Гомельшчыны.
— Для мяне ўдзел у УНС — велізарная адказнасць. Вельмі важна прадстаўляць інтарэсы свайго пакалення, уздымаць пытанні, якія я добра ведаю з уласнага вопыту жыцця і працы ў сельскай мясцовасці.
Ва Усебеларускі народны сход увайшлі самыя дасведчаныя і актыўныя людзі з усіх куткоў нашай краіны. Апынуцца ў іх ліку, прадстаўляць моладзь Гомельшчыны — надзвычай адказна. Не маю права падвесці сваю сям’ю, якая падтрымлівае мяне, а таксама свой калектыў, свой раён і вобласць, — падкрэслівае Вольга Савянок.
Прадстаўніца працоўнай моладзі Добрушскага раёна сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыяй вядома не толькі ў сябе на малой радзіме. Яна падтрымлівае ўсе знакавыя праекты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і ўвогуле не застаецца раўнадушнай да ўсіх грамадска-значных падзей у краіне.
— Безумоўна, такі актыўны ўдзел у палітычным і грамадскім жыцці аказвае вялікі ўплыў на развіццё маладога чалавека. Гэта не проста ўдзел, гэта магчымасць вучыцца, аналізаваць, фарміраваць сваё меркаванне і браць на сябе адказнасць. Адчуваю, як гэта дапамагае мне расці як актыўнаму грамадзяніну і патрыёту сваёй краіны. Магчымасць максімальна ўключацца ў важныя для краіны падзеі, дапамагае не толькі стаць больш ідэалагічна падкаваным чалавекам. Але і больш свядома казаць «Так!» таму, што важна для цябе і тваёй краіны, — пераканана дэлегат.
Актыўная пазіцыя
Пра сябе Вольга гаворыць коратка:
— Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Гэта пра мяне. Яшчэ вучаніцай старэйшых класаў яна актыўна займалася навуковай дзейнасцю, брала ўдзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах даследчых работ.
— З восьмага класа захапілася даследчай дзейнасцю. Пачалося ўсё з удзелу ў самых розных конкурсах экалагічнага кірунку, рыхтавалі даследчыя праекты. Адным з іх, напрыклад, быў праект па стварэнні ў школьнай хімічнай лабараторыі магнітнай вадкасці для ачысткі ад нафтаўтрымліваючых прадуктаў вады ў нашай мясцовай рэчцы Вуць. Пасля рыхтавалі цікавы праект па стварэнні супрацьгалалёднага рэагенту на аснове бурачнага соку, — успамінае Вольга.
У 2014, 2015 і 2016 гадах тады яшчэ школьніца Вольга Савянок была адзначана прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Пасля заканчэння біялагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны яна вярнулася працаваць у родную вуцеўскую школу.
Сёння маладая настаўніца хіміі ў школе сама імкнецца заахвочваць ужо сваіх вучняў да даследчай дзейнасці, удзельнічаць у адукацыйных праектах.
Моцныя рэгіёны — моцная краіна
Вольга Савянок падкрэслівае, што сапраўды ганарыцца сваім родным населеным пунктам, школай, калегамі па працы і вучнямі.
— Ганаруся тым, што нарадзілася ў вёсцы. Шчаслівая, што вярнулася працаваць у родную школу, — шчыра прызнаецца ў любові малой радзіме дэлегат. — Мая хоць яшчэ і не такая доўгая жыццёвая гісторыя — прыклад таго, як можна вучыцца і развівацца, шчасліва жыць і працаваць у сельскай мясцовасці.
Вольга падзялілася, як хвалявалася, калі яе кандыдатуру вылучылі на галасаванне за кандыдатаў Усебеларускага народнага сходу спачатку на ўзроўні раёна, пасля вобласці і нарэшце сярод моладзі з усёй краіны.
— Як спецыяліста, які жыве і працуе ў сельскай мясцовасці, мяне хвалюе будаўніцтва жылля на вёсцы, развіццё транспартных зносін, медыцынскае абслугоўванне. Лічу, што гэта вельмі сугучна з дзяржаўнай палітыкай развіцця моцных рэгіёнаў, — разважае дэлегат УНС. — Хочацца звярнуць увагу на праблемы замацавання маладых спецыялістаў не толькі ў сельскай мясцовасці, але ў раёнах у цэлым. На мой погляд, для маладога чалавека вельмі важна ўзважана і адказна падыходзіць да выбару прафесіі, будучай справы жыцця. Безумоўна, ад гэтага таксама шмат у чым залежыць замацаванне маладога спецыяліста на першым месцы працы. На сваім вопыце пераканалася: калі выбіраеш спецыяльнасць па душы, то не мае значэння, ёсць у цябе абавязковая адпрацоўка пасля вучобы ці не і колькі яна гадоў. Проста хочацца заставацца працаваць, развівацца ў прафесіі, — упэўнена прадстаўніца працоўнай моладзі Добрушчыны.
Дэлегат падзялілася, што ўжо актыўна рыхтуецца да чарговага Усебеларускага народнага сходу.
— Кожны раз, калі краіна збіраецца на такую значную падзею, адчуваю прыліў сіл і жаданне ўнесці свой пасільны ўклад у агульную справу. Упэўнена, што гэта гістарычная падзея і Усебеларускі народны сход — па-сапраўднаму найважнейшая пляцоўка для прыняцця ўсёй краінай рашэнняў, якія вызначаюць вектар нашага руху наперад, — пераканана Вольга Савянок.
Наталля КАПРЫЛЕНКА