Дэлегат УНС, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Сяргей Рачкоў на палях VII Усебеларускага народнага сходу акрэсліў акцэнты Паслання Прэзідэнта да беларускага народа і Парламента.
«Пасланне Прэзідэнта да беларускага народа і Парламента было вельмі маштабным, змястоўным, якое ідзе ад жыцця. Яно абапіралася на аналіз той канкрэтнай сітуацыі, якая складваецца ў эканоміцы і геапалітычнай абстаноўцы, у якой жыве Рэспубліка Беларусь. Прэзідэнт спачатку зрабіў пасыл, што будзе некалькі сумна, таму што гаворка пойдзе пра эканоміку. Але насамрэч было не сумна, а вельмі цікава. Усё прайшло літаральна, як у нас кажуць, на адным дыханні, таму што абмяркоўваліся пытанні, якія хвалююць нашых людзей, выбаршчыкаў. Мы як дэпутаты Парламента заўсёды стараемся трымаць руку на пульсе. Мы павінны адлюстроўваць настрой нашых людзей — у тым ліку ў тых законапраектах, якія мы распрацоўваем, але і ў гэтым дакуменце, які будзе сёння прыняты: у Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2030 года», — сказаў парламентарый.
Дэлегат УНС падкрэсліў, што Пасланне было па змесце шматаспектным. «Былі закрануты абсалютна ўсе асноўныя пытанні жыццядзейнасці нашых людзей, нашай дзяржавы. Вядома, вельмі важна, што Прэзідэнт разглядаў усе пытанні ў кантэксце сучасных міжнародных адносін, таму што яны ў значнай ступені ўплываюць на нашы планы. І самае галоўнае — як дасягнуць тых вынікаў, пра якія мы гаворым і плануем. Таму вельмі магутны, вядома, быў аналіз нашых адносін з дружалюбнымі краінамі: з Расійскай Федэрацыяй, з Кітаем. Прэзідэнт адзначыў, што бліжэй, чым Расія, у Беларусі нікога няма. Разам з гэтым Беларусь развівае адносіны з Кітайскай Народнай Рэспублікай, якая ў складаны час санкцыйнага ціску на Беларусь вельмі сур’ёзна падтрымала нашу краіну. Мы здолелі павярнуць свае экспартныя пастаўкі на рынкі ўсходніх краін Азіі і перш за ўсё Кітайскай Народнай Рэспублікі», — дадаў Сяргей Рачкоў.
На яго думку, гэта вельмі важныя акцэнты: Рэспубліка Беларусь будзе працягваць міралюбную знешнепалітычную лінію, нягледзячы на тое, што вельмі многія ў Еўропе хацелі б нас усё ж такі ўцягнуць у ваенны канфлікт паміж Украінай і Расіяй.
«Прэзідэнт закрануў і сітуацыю ва Украіне, таму што яна хвалюе нашых выбаршчыкаў. Літаральна на кожнай сустрэчы ў кожным працоўным калектыве задаюцца гэтыя пытанні. Таму Прэзідэнт вельмі падрабязна раскрыў свае падыходы і, перш за ўсё, падыходы нашай беларускай дзяржавы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. Мы, вядома, адназначна выступаем выключна за палітыка-дыпламатычнае развязанне гэтага канфлікту», — падкрэсліў дэпутат.
Акрамя гэтага, па словах Сяргея Рачкова, беларусаў хвалюе пытанне знешняй працоўнай міграцыі. Адказ быў учора ў выступленні Прэзідэнта. «Нам сёння, вядома, не хапае працоўных рэсурсаў. На вялікі жаль, дэмаграфічная сітуацыя таксама некалькі праблемная. Пра гэта ішла сур’ёзная гаворка ўчора ў Пасланні Прэзідэнта. Нашы людзі пачынаюць адчуваць пэўную канкурэнцыю, узмацненне канкурэнцыі. Ну што ж, тут трэба больш якасна працаваць — і пра гэта сказаў Прэзідэнт. З іншага боку, вельмі важна, каб той, хто прыязджае да нас працаваць, асіміляваўся ў наша грамадства, прымаў нашы каштоўнасці, нашы традыцыі. І мы вельмі добразычлівыя, усім дапамагаем. Таму я думаю, што вось гэтая тэма важная», — адзначыў ён.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД