Дэлегат УНС, старшыня Беларускай партыі «Белая Русь» Вольга Чамаданава напярэдадні другога пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу прызналася, што чаканні ад найважнейшай падзеі хвалюючыя.
«Мы разумеем, што шэраг напрамкаў, пра якія сёння будзе гаварыцца ў тым ліку і ў пасланні кіраўніка нашай дзяржавы — усе яны для нас не проста актуальныя, а жыццёва важныя. Бо Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на бліжэйшую пяцігодку нездарма вызначана сямю прыярытэтамі, якія для кожнага чалавека з’яўляюцца асновай яго жыццядзейнасці і, самае галоўнае, наступнай пабудовы будучыні нашай краіны», — адзначыла Вольга Чамаданава.
У дэлегата УНС няма сумнення, што падчас работы Сходу неаднаразова будуць казаць пра суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны. «Мы будзем казаць пра бяспеку нашай краіны ў абсалютна шырокім сэнсе гэтага слова, — падзялілася Вольга Чамаданава. — Але, напэўна, самае галоўнае, што сёння гучыць ужо неаднаразова ў шматлікіх сродках масавай інфармацыі, замежных і беларускіх СМІ, — гэта, вядома, эканоміка. Эканоміка і яшчэ раз эканоміка. Так кажа наш Прэзідэнт. Мы разумеем, што гэта сёння ў аснове. І паспяховае развіццё краіны на 100 % залежыць ад таго, наколькі людзі ўцягнутыя ў гэты працэс, наколькі сам чалавек разумее, што развіццё краіны — гэта будучыня яго дзяцей, гэта будучыня ўнукаў, гэта наступныя пакаленні, дзеля якіх мы сёння жывём, дзеля якіх сёння будуем нашу Беларусь».
Паводле яе слоў, мы абавязкова прымножым усё тое добрае, што было зроблена ў нашай краіне. «Мы з вялікім гонарам будзем гаварыць на ўсіх кантынентах, што наша краіна, наша Беларусь — гэта тая дзяржава, на якую сёння варта раўняцца ўсім сусветным дзяржавам», — упэўнена Вольга Чамаданава.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.
Фота Лізаветы ГОЛАД.