Дэлегат VІІ УНС, галоўны заатэхнік ААТ «Птушкафабрыка Гарадок», дэпутат раённага Савета дэпутатаў Святлана ЯЗЕРСКАЯ:
— На VІІ Усебеларускім народным сходзе была адзінагалосна прынята праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, якая стала настольнай кнігай кожнага дэлегата. Прыярытэтныя кірункі праграмы падпарадкоўваюцца мэце зрабіць камфортным і зручным жыццё насельніцтва ў кожнам рэгіёне нашай краіны. Я часта сустракаюся з насельніцтвам Гарадоцкага раёна, каб даводзіць пра гэта і выяўляць нявырашаныя пытанні, пачуць ад землякоў прапановы. Зрабіць прывабным жыццё ў родным краі — наша агульная мэта.
Гарадоччына — найпрыгажэйшая мясцовасць, дзе жывуць людзі, глыбока адданыя сваёй малой радзіме. Мне хочацца зрабіць усё, каб іх жыццё было камфортным, быт уладкаваным, каб моладзь вярталася і працаўладковалася ў мясцовыя арганізацыі.
З апошніх прыкладаў станоўчых перамен: у Гарадку на вуліцы Гагарына мадэрнізавалі станцыю абезжалезвання, і ў выніку значна палепшылася якасць вады. Тут жа здалі ў эксплуатацыю шматкватэрны дом, у крокавай дасягальнасці ад якога знаходзяцца школа і дзіцячы садок. У ім атрымалі арэнднае жыллё маладыя спецыялісты, новыя кватэры — шматдзетныя сем’і. Наша прадпрыемства набыло дзве кватэры для сваіх работнікаў.
На вуліцы Малышава адрамантавалі дарогу і вадаправод. Актыўна рамантуюцца дарогі ад райцэнтра да сельскіх населеных пунктаў. Вялікая ўвага ўдзяляецца іх гандлёваму абслугоўванню.
Установы аховы здароўя ствараюць электронныя базы даных па кожнаму жыхару раёна.
Усё гэта — канкрэтныя вынікі рэалізацыі пунктаў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, прынятай на Усебеларускім народным сходзе.
Святлана ЯКАЎЛЕВА