Прадстаўнічы форум традыцыйна збірае кіраўнікоў паліцэйскіх ведамстваў з розных краін, экспертаў па бяспецы, кіраўнікоў міжнародных арганізацый для абмену вопытам і ўмацавання супрацоўніцтва.

На палях саміту запланаваны двухбаковыя рабочыя сустрэчы кіраўніка МУС Беларусі з замежнымі калегамі і кіраўніцтвам Інтэрпола для абмеркавання аспектаў сумеснай работы па многіх напрамках. Шэраг сустрэч з калегамі з СНД ужо адбыліся.
У прыватнасці, Іван Кубракоў правёў рабочую сустрэчу з прэзідэнтам Інтэрпола Ахмедам Насерам Аль Раісі. Міністр унутраных спраў выказаў удзячнасць калегу за падтрымку Беларусі, у цэлым за развіццё паліцэйскай супольнасці, нягледзячы на тое, што шэрагам краін гэты працэс тармозіцца.
Адзначыўшы актыўнае ўзаемадзеянне з Міжнароднай арганізацыяй крымінальнай паліцыі, Іван Кубракоў асабліва падкрэсліў поспехі ў аператыўным супрацоўніцтве па барацьбе з цяжкімі злачынствамі, уключаючы тэрарызм, наркагандаль і кіберзлачыннасць. Кіраўнік МУС агучыў новыя ініцыятывы па паглыбленні партнёрства, у тым ліку сумесныя трэнінгі і семінары для павышэння кваліфікацыі супрацоўнікаў.

«Беларусь гатова падтрымліваць міжнародныя ініцыятывы па барацьбе са злачыннасцю і распрацаваць сумесныя праекты з іншымі дзяржавамі, — падкрэсліў Іван Кубркоў. — Маем намер працягваць актыўнае супрацоўніцтва і абмен вопытам для забеспячэння бяспекі, як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўнях».
Суразмоўцы абмеркавалі актуальныя пытанні ўзаемадзеяння па розных напрамках, знайшлі разуменне і падтрымку ініцыятыў адзін аднаго. Акцэнт быў зроблены на працы па супрацьдзеянні нарказлачынствам і пошуку асоб, якія знаходзяцца ў міжнародным вышуку.

«Адносіны з Інтэрполам для нас выключна важныя, і МУС Беларусі, з’яўляючыся адказным і актыўным членам арганізацыі, адкрыта да ўсіх тэм і ідэй, якія садзейнічаюць нашаму сумеснаму развіццю, — канстатаваў кіраўнік міліцэйскага ведамства. — Гатовы актыўна працаваць над новымі праектамі і ініцыятывамі. Упэўнены, што наша супрацоўніцтва можа дасягнуць новых вышынь, калі будзем працягваць абменьвацца вопытам і знаходзіць пункты судакранання».
У сваю чаргу, кіраўнік Інтэрпола адзначыў, што мае добрыя сувязі з нашай краінай. «Кожнае яе наведванне прыносіць незабыўныя ўражанні, — заўважыў ён. — Асабліва каштоўна, што вашы супрацоўнікі, нават нягледзячы на пэўныя палітычныя моманты, нязменна працягваюць працаваць па нашым напрамку».
Вераніка КАНЮТА.
Фота прэс-службы МУС.