Сёння дэлегацыя Міністэрства адукацыі і падрыхтоўкі кадраў В’етнама наведала БДУ. Узначаліў яе намеснік міністра НГУЕН Ван Фук.
У сустрэчы прымалі щдзел намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр БАХАНОВІЧ і першы прарэктар БДУ Дзмітрый КУРЛОВІЧ. Гасцей вітаў Аляксандр Бахановіч. Ён акцэнтаваў увагу на актыўным і прадуктыўным супрацоўніцтве навукова-адукацыйных устаноў Беларусі і В’етнама. У сваю чаргу Нгуен Ван Фук пазначыў спектр напрамкаў для сумеснай работы ўстаноў у галіне навукі і адукацыі. Сярод іх асаблівую ўвагу ён надаў абмену студэнтамі і заахвочванню міжвузаўскага супрацоўніцтва.
Затым госці азнаёміліся з дзейнасцю БДУ, яго структурай, канкурэнтнымі перавагамі, асноўнымі стратэгічнымі партнёрамі і пазіцыямі ў міжнародных рэйтынгах. Сёння дзейнічаюць 14 пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж БДУ і дзесяццю адукацыйнымі і навуковымі ўстановамі В’етнама. Грамадзяне гэтай краіны вучацца на факультэтах філасофіі і сацыяльных навук, механіка-матэматычным, філалагічным, у Інстытуце бізнесу БДУ. Таксама БДУ ўдастоены вышэйшай дзяржаўнай узнагароды В’етнама ў дачыненні да замежных краін-ордэна Дружбы народаў за актыўны ўклад у падрыхтоўку студэнтаў, развіццё дружалюбных адносін паміж краінамі.