У рамках падпісанага на Форуме рэгіёнаў пагаднення паміж Мінскім абласным Саветам дэпутатаў і Дзяржаўным Саветам Рэспублікі Татарстан аб гандлёва-эканамічным, гуманітарным, навукова-тэхнічным супрацоўніцтве дэлегацыя жанчын Рэспублікі Татарстан у гэтыя дні наведвае Мінскую вобласць. Замежныя госці знаёмяцца з культурна-гістарычнай спадчынай Міншчыны, яе эканамічным і прамысловым, турыстычным патэнцыялам. Так, у панядзелак член Савета Рэспублікі, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая разам з дэлегацыяй жанчын-дэпутатаў Дзяржаўнага Савета Рэспублікі Татарстан наведалі знакавае для кожнага беларуса месца — мемарыяльны комплекс «Хатынь», азнаёміліся з яго трагічнай гісторыяй, аддалі даніну памяці, усклалі кветкі... Карэспандэнты «Звязды» далучыліся да займальнага падарожжа.
«Забяспечыць узаемадзеянне па ўсіх напрамках»
Тры гады таму ў Гродне было заключана пагадненне паміж Мінскім абласным Саветам дэпутатаў і Дзяржаўным Саветам Рэспублікі Татарстан.
Пра гэта заявіла член Савета Рэспублікі, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая: «Гэта пагадненне датычыцца развіцця гандлёва-эканамічных, навукова-тэхнічных і гуманітарных узаемаадносін. Мы прапануем жанчынам-дэпутатам Рэспублікі Татарстан пазнаёміцца з нашай культурнай і гістарычнай спадчынай, а таксама з эканамічным патэнцыялам Мінскай вобласці. І сёння мы наведалі святыню нашага народа — мемарыяльны комплекс „Хатынь“, каб аддаць даніну памяці і ўскласці кветкі».
Наталля Якубіцкая паведаміла, што далей жанчыны-дэпутаты Рэспублікі Татарстан наведаюць аб’екты аграэкатурызму, правядуць круглы стол на тэму «Роля жанчыны ў сучасным грамадстве». Дарэчы, круглы стол пройдзе на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мінскага раёна ў вёсцы Бараўляны. «Гэта новы тэрытарыяльны цэнтр, які быў адкрыты два месяцы таму. ТЦСАН Мінскага раёна — вельмі важны, значны для нас сацыяльны аб’ект. І нам сапраўды ёсць, што паказаць і абмеркаваць», — дадала яна.
Уздымаючы тэму маючага адбыцца Форуму рэгіёнаў, сенатар адзначыла, што скарбонка пагадненняў паміж краінамі штогод папаўняецца:
«Сёлета мы таксама будзем прымаць самы актыўны ўдзел у Форуме рэгіёнаў, які адбудзецца ў Ніжнім Ноўгарадзе. Штогод падчас Форуму мы заключаем не менш за 2-3 пагадненні. У гэтым годзе з расійскага боку нам ужо прапанавана для падпісання чатыры пагадненні аб супрацоўніцтве. Мы падтрымліваем іх і абавязкова будзем працаваць у дадзеным кірунку. Мы не проста падпісваем пагадненні, а насамрэч стараемся забяспечыць узаемадзеянне па ўсіх напрамках. Па сутнасці, мы, парламентарыі, ствараем аснову, можна нават сказаць, падмурак для развіцця бізнесу.
Бо нават калі казаць аб супрацоўніцтве з Рэспублікай Татарстан, то гэта ўжо не першая такая паездка. Раней мы ездзілі ў Татарстан, прычым не толькі дэпутацкім складам, але і з прадстаўнікамі бізнесу. Са свайго боку мы павінны аказваць разнастайнае садзейнічанне малому і сярэдняму бізнесу. І такія кантракты як раз заключаюцца на Форумах рэгіёнаў, прычым у вельмі вялікай колькасці».
Дэпутацкі корпус Міншчыны традыцыйна прымае актыўны ўдзел на такіх форумах і пляцоўках. «Гэта вялікі плюс для нашай усёй нашай Беларусі.
Вядома, мы не можам не ўлічваць той санкцыйны ціск, які аказваецца супраць нашай краіны. Таму мы стараемся развіваць нашу эканоміку ва ўсіх напрамках. Пры гэтым мы разумеем, што Расія сёння з’яўляецца галоўным стратэгічным партнёрам для Беларусі. І каму, як не нам, парламентарыям, займацца наладжваннем добрых дыпламатычных сувязяў паміж краінамі? Акрамя таго, гэтыя міжнародныя пагадненні моцна ўплываюць на эканоміку і прамысловасць. На абласным узроўні мы даем аснову такому ўзаемадзеянню. Але сёння шчыльна супрацоўнічаць з расійскімі рэгіёнамі сталі і асобныя раёны Міншчыны. Напрыклад, два гады таму быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж Старадарожскім і Рыбна-Слабадскім раёнамі. Мы робім усё для таго, каб паказаць нашу краіну, каб пазнаёміць гасцей з нашай краінай, каб прасунуць усе нашы эканамічныя сувязі, раскрываем свой патэнцыял, магчымасці, аказваем разнастайнае садзейнічанне. І вельмі важна тое, што сёння мы выйшлі на такую новую прыступку міжрэгіянальнага супрацоўніцтва», — падагульніла Наталля Якубіцкая.
«Мы прыехалі ў Беларусь толькі ўчора, і ва ўсіх у нас аднолькавае пачуццё, што мы прыехалі да родных»
«Нашы сувязі з Беларуссю — краінай, якая нам асабліва дарога, — вельмі блізкія, — падзялілася намеснік старшыні Камітэта Дзяржаўнага Савета Рэспублікі Татарстан па адукацыі, культуры, навуцы і нацыянальных пытаннях Ірына Цярэнцьева. — Устояныя сувязі паміж Рэспублікай Татарстан і Мінскай вобласцю падкрэслівае і заключанае на Форуме рэгіёнаў пагадненне. І сёння мы працягваем актыўна ўзаемадзейнічаць з Міншчынай, падтрымліваць адзін аднаго. Гэта не толькі адбываецца на эмацыйным узроўні. Таксама мы супрацоўнічаем у прамысловасці, сацыяльнай і многіх іншых сферах. Мы прыехалі ў Беларусь толькі ўчора, і ва ўсіх у нас аднолькавае пачуццё, што мы прыехалі да родных. Гэта на самай справе так. Бачым, якія вялікія змены адбываюцца ў вас ў лепшы бок. З кім бы мы ні сустракаліся тут, усюды адчуваем беларускую дабрыню і гасціннасць».
Ірына Цярэнцьева падкрэсліла, што сёлета брацкія народы адзначаюць 80-годдзе з Дня Перамогі: «Таму для нас вельмі важна наведванне такога мемарыяльнага комплексу, як „Хатынь“. Вядома, Беларусь самай першай адчула на сабе націск фашыстаў, вельмі моцна пацярпела ад Вялікай Айчыннай вайны. Але паглядзіце, якая ў вашага народа чалавечая стойкасць. Выжыць з усяго гэтага пекла і так моцна ўстаць на ногі сапраўды дадзена не кожнаму народу».
Дэпутат Дзяржаўнага Савета Рэспублікі Татарстан Вольга Воранава прызналася, што ў нашай краіне яна ўжо не ўпершыню: «Але гэта было ў дзяцінстве, калі я вучылася ва ўніверсітэце. Тады я наведала мемарыяльны комплекс „Хатынь“, але сёння ў мяне зусім іншыя, дарослыя ўражанні. Мне вельмі балюча ад таго, сколькі чалавечых жыццяў было панесена ў гады Вялікай Айчыннай вайны, што Беларусь практычна цалкам была выпалена, што многія былі забітыя. Самае галоўнае цяпер — распавядаць нашым дзецям пра тую вайну, правільна іх выхоўваць. Патрыятычнае выхаванне цяпер вельмі важна для Рэспублікі Татарстан і для Расіі ў цэлым. І тое, што ў Беларусі захавалася гэтая пераемнасць, захавалася павага і памяць — гэта вельмі радуе. І хоць я не ўпершыню была ў Хатыні, сёння не змагла стрымаць слёз, апынуўшыся пад такім вялікім уражаннем ад новага музея і ўсяго мемарыяльнага комплексу ў цэлым. Музей проста фенаменальны! Тут таксама захавана памяць, захаваны гістарычныя факты, дадзеныя аб тых людзях, якія загінулі і якія яшчэ жывыя. Дзякуй вялікі беларускаму народу за тое, што вы захоўваеце гісторыю, што паважаеце гісторыю, і што вы разам з Расіяй».
Паводле яе слоў, вялікая ўвага ў Рэспубліцы Татарстан надаецца міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву, падтрыманню цёплых узаемаадносіны паміж нашымі народамі: «На Форуме рэгіёнаў ужо было заключана пагадненне паміж нашымі краінамі, а літаральна на наступным тыдні прыязджае дэлегацыя казанскіх дэпутатаў. Узаемавыгадныя адносіны і ў плане эканомікі, і ў плане развіцця нашых краін вельмі важныя. Але не менш важным складнікам з’яўляецца і азнаямленне з вашай патрыётыкай. У нас, на жаль, няма такога выдатнага музея, як музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Таму для нас вельмі важна захоўваць пераемнасць і пераносіць ваш станоўчы вопыт у наш рэгіён».
- Завяршыўся візіт у мемарыяльны комплекс «Хатынь» ускладаннем кветак да падножжа манумента «Няскораны чалавек» і наведваннем музея. Затым дэлегацыя жанчын-дэпутатаў Дзяржаўнага Савета Рэспублікі Татарстан азнаёміцца з патэнцыялам Мядзельшчыны і іншых раёнаў Мінскай вобласці.
Фота Лізаветы ГОЛАД