Top.Mail.Ru

Дэпутат Алег Гайдукевіч — пра ўзаемадзеянне з выбаршчыкамі і асаблівасці акругі, у якой працуе

«Я заўсёды гатовы да дыялогу»


Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч лічыць: дэпутат павінен быць чалавечным і заўсёды гаварыць праўду. Такімі прынцыпамі ён заўсёды кіруецца ў сваёй дзейнасці — парламентарый адкрыты да камунікацыі і па тэлефоне, і ўжывую, і нават не падчас асабістага прыёму грамадзян, калі ў гэтым ёсць патрэба. «Найлепшае — адчуваць задаволенасць, калі праблема чалавека вырашана», — падзяліўся меркаваннем дэпутат.

— Алег Сяргеевіч, раскажыце, у чым асаблівасць Першамайскай выбарчай акругі № 108?

— Мінск — сталіца, акруга ўваходзіць у яго склад. Адметнасць у тым, што да цябе на прыём можа прыйсці бабуля, якая не ведае дакладна, які дэпутат працуе ў акрузе, да якой адносіцца месца яе жыхарства. Пры гэтым усіх трэба прымаць. Першамайскі раён цікавы яшчэ і тым, што ў ім спалучаюцца старыя дамы і сучасная забудова. Вельмі рознабаковы, дзе ёсць шмат прадпрыемстваў.

Улічваючы тое, што я лідар партыі, мая акруга — гэта ўся краіна. І гэта відаць па прыёмах грамадзян, якія ў мяне праходзяць як у дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Да мяне прыязджаюць з Віцебска, Гродна, Магілёва... Гэта асаблівасць, якую трэба ўлічваць.

— Ці прасочваецца ўзаемасувязь паміж пытаннямі, з якімі звяртаюцца людзі, і той камісіяй, у склад якой вы ўваходзіце?

— У асноўным грамадзяне прыходзяць з пытаннямі, звязанымі з іх жыццём, — працаўладкаваннем, жыллём, камунальнымі праблемамі, няякаснай, як ім здаецца, работай камунальных службаў, рамонтамі, пенсіямі. Вельмі шмат зваротаў па тэматыцы праваахоўных органаў з улікам таго, што многія ведаюць, што я доўгія гады працаваў у праваахоўнай сістэме.

Па міжнароднай тэматыцы таксама ёсць звароты. У большасці гэта палітычныя пытанні, якія датычацца развіцця ўзаемаадносін з нейкай краінай — калі ўзнікаюць праблемы па развіцці эканамічных адносін, бізнесмены нярэдка звяртаюцца.

Сёлета таксама хачу адзначыць вялікую колькасць жанчын, якія звяртаюцца да мяне на тэму разводаў, непрыстойных паводзін мужчын падчас разводаў. Я да гэтага вельмі балюча стаўлюся, стараюся ім дапамагчы.

— Ці знаходзяць канструктыўныя прапановы грамадзян сваё адлюстраванне ў змене нормаў заканадаўства?

— Так. Напрыклад мы зараз абмяркоўваем заканадаўства, якое датычыцца дачных кааператываў і садовых таварыстваў. Міністэрства эканомікі ўнесла прапанову забараніць там забаўляльныя мерапрыемствы. Людзі купілі ўласны домік, каб спакойна адпачываць у суботу і нядзелю, а побач пастаянна праводзяцца нейкія шумныя гулянкі. Да мяне паступала шмат такіх зваротаў. Зыходзячы з іх, я буду ініцыіраваць, каб падобная забарона распаўсюджвалася не толькі на дачы, але і на вёскі.

Час ад часу ўзнікаюць пытанні, якія, здавалася б, не ўваходзяць у кампетэнцыю дэпутата, але па-чалавечы хочацца дапамагчы. Мне здаецца, дэпутат павінен быць чалавечным. Вось гэта асноўнае. Нельга працаваць выключна ў юрыдычным ключы. Пры гэтым заўсёды варта гаварыць праўду. Самае дрэннае — паабяцаць зрабіць тое, што не можаш, таму што насамрэч не ўсе пытанні можа вырашыць нават дэпутат. Напрыклад, вельмі шмат зваротаў да дэпутатаў і да мяне ў тым ліку паступае адносна судовых рашэнняў. А як дэпутат можа ўмешвацца ў гэта?..

Бывае, што даводзіцца грамадзяніну аказваць псіхалагічную дапамогу. Але самае лепшае — гэта адчуваць задаволенасць, калі праблема чалавека вырашана. Сёлета да мяне звярнулася жанчына, якой у сувязі з цяжкім разводам не было дзе жыць — з былым мужам дзялілі пакой у інтэрнаце. У выніку ў яе з’явілася жыллё, а мне прыемна, калі яна супакоілася і цяпер жыве ў добрых умовах.

— Якія формы ўзаемадзеяння з выбаршчыкамі вы выкарыстоўваеце ў сваёй дзейнасці?

— Акрамя абавязковых прыёмаў грамадзян па асабістых пытаннях, з улікам колькасці людзей, я адкрыў дадатковыя прыёмныя, і запіс да мяне ажыццяўляецца ў любы дзень, каб людзі не чакалі ў чэргах. Такім чынам лягчэй арганізаваць работу.

У адзіныя дні інфармавання я езджу па ўсёй краіне, але ніколі не забываю пра сваю акругу, кожны месяц імкнуся наведваць нейкае прадпрыемства. Але я лічу, што інфармацыйныя сустрэчы не павінны праводзіцца толькі таму, што трэба, павінен быць запыт на гэта і запатрабаванасць.

Мой мабільны тэлефон ведаюць шмат людзей, я яго ніколі не хаваў, не мяняў. І калі хтосьці тэлефануе, то мы размаўляем. Я заўсёды гатовы да дыялогу. Прамыя тэлефонныя лініі — таксама форма работы, але асабістая сустрэча, на мой погляд, заўсёды лепш.

Практыкую таксама прыезд «на месца». Напрыклад, звяртаецца грамадзянін, што ў яго ў пад’ездзе няякасна зроблены рамонт. Прыязджаем, глядзім, размаўляем.

— Работа з моладдзю — асаблівы кірунак дзейнасці. Як вам удаецца зацікавіць аўдыторыю і знайсці з ёй агульную мову?

— Я вельмі люблю выступаць перад школьнікамі. Вядома, калі ты будзеш ім расказваць лекцыю, цябе слухаць ніхто не будзе. Трэба гаварыць пра тое, што ім цікава. Я выхоўваю дзвюх дачок, яны мне ў гэтым плане дапамагаюць, я ведаю, чым жывуць падлеткі.

Што датычыцца студэнцкай моладзі, яна ў нас класная. З імі трэба ўмець размаўляць, разумеючы, што гэта нармальна, — быць у такім настроі: усе мы былі ў такім узросце. Пасля кожнай сустрэчы са студэнтамі я чамусьці вучуся і даведваюся аб нечым новым.

— Ці ўдаецца вам у Год беларускай жанчыны ў сваёй парламенцкай дзейнасці надаваць асаблівую ўвагу прадстаўніцам прыгожага полу?

— Я лічу, што гэта геніяльнае рашэнне Прэзідэнта (аб’явіць 2026-ы Годам беларускай жанчыны. — «Зв.»), таму што яно вельмі адгукнулася ў сэрцах людзей. Гэта трэнд, які запатрабаваны. І, вядома ж, мы ўдзяляем час жанчынам, але трэба разумець, што гэта варта рабіць заўсёды.

Дзяржава не толькі сёлета, а ў цэлым вельмі шмат робіць, каб нашу жанчыну падтрымаць. Нас крытыкуюць у Еўропе (гавару як дэпутат-міжнароднік): маўляў, павінна быць поўная роўнасць паміж жанчынамі і мужчынамі, а ў нас ёсць спіс цяжкіх работ і работ са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы, на якіх забараняецца прыцягненне да працы жанчын.

Няма ніякай роўнасці. Жанчына лепшая за мужчыну. Яна нараджае дзяцей. Навошта ёй цяжар цягаць? Гэта ненармальна. Жанчына мае права праяўляць сваю слабасць, і мы павінны гэта падтрымліваць.

— Алег Сяргеевіч, якія задачы вы ставіце перад сабой у парламенцкай дзейнасці?

— У кожнага дэпутата ёсць праграма і разуменне таго, як зрабіць жыццё ў краіне яшчэ лепш. Атрымаўшы давер народа, зрабіць так, каб тая праграма, з якой ён ішоў (выбірацца ў дэпутаты. — «Зв.»), была рэалізавана, хоць бы часткова.

Важна таксама жыццё канкрэтных людзей, якія цябе выбіралі ў надзеі, што ты дапаможаш рэалізаваць тое, што абяцаў падчас выбарчай кампаніі.

І трэцяя місія — заканадаўчая дзейнасць. Гэта тое, дзеля чаго парламент існуе. Няма законаў — няма жыцця краіны. Іх распрацоўкай мы займаемся. Усе тыя аспекты, што я пералічыў, роўнавялікія і важныя ў нашай дзейнасці.

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю