Top.Mail.Ru

Дэпутат Алена Хаміцэвіч у сваёй рабоце ў акрузе прынцыпова важнай лічыць жывую сувязь з выбаршчыкамі

«Менавіта на месцах фарміруецца разуменне рэальных патрэб грамадства»


Член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Алена Хаміцэвіч прадстаўляе інтарэсы Салігорскай гарадской акругі № 68, дзе больш за 64 тысячы выбаршчыкаў. 

За гэтай вялікай лічбай — не проста адміністрацыйныя межы, дзе а дзясяткі тысяч чалавечых лёсаў, паўсядзённых клопатаў і надзей. Карэспандэнт «МС» даведалася, якімі мерапрыемствамі быў насычаны чарговы візіт дэпутата ў выбарчую акругу і з чым да парламентарыя звярталіся выбаршчыкі.

Перш за ўсё Алена Мікалаеўна адзначыла, што для яе парламенцкая работа — гэта не толькі заканатворчасць у цішыні кабінетаў, але і жывая сувязь з людзьмі.


— Менавіта на месцах фарміруецца разуменне рэальных патрэб грамадства, — лічыць дэпутат. — Падчас работы ў акрузе нараджаюцца моцныя ініцыятывы, знаходзяцца рашэнні складаных лакальных праблем. Для мяне прынцыпова важна, каб за кожным зваротам, кожным званком стаяў жывы чалавек, які ведае, што яго пачуюць.

Эканоміка будняў: баланс попыту і цэн

Падчас апошняга візіту ў акругу дэпутат правяла дэталёвы маніторынг цэн на прадукты харчавання і плодаагароднінную прадукцыю ў гандлёвых аб’ектах Салігорска.

— Правяралася не толькі адпаведнасць цэннікаў нарматыўным актам, але і якасць тавараў, а таксама глыбіня асартыменту, — расказала парламентарый. — Асаблівую ўвагу ўдзяляла прысутнасці на паліцах айчыннай прадукцыі. Аналіз паказаў: перабояў з пастаўкамі няма, беларускія вытворцы прадстаўленыя максімальна шырока, а выбар тавараў закрывае ўсе базавыя патрэбы гараджан. За звыклымі паліцамі крам стаіць штодзённая эканоміка нашых сем’яў, іх упэўненасць у заўтрашнім дні. Стабільнасць спажывецкага рынку — гэта не проста сухія эканамічныя паказчыкі, гэта падмурак сацыяльнай бяспекі ў рэгіёне. І трымаць гэта пытанне на кантролі — прамы абавязак дэпутата.

Сувязь пакаленняў

Напярэдадні Тыдня бацькоўскай любові Салігорск прырос новымі зялёнымі куткамі. Алена Мікалаеўна разам з актывістамі Беларускага саюза жанчын і школьнікамі ўзяла ўдзел у добраўпарадкаванні сквера Сям’і, Любові і Вернасці.


— Праект стаў сімвалічным мостам паміж пакаленнямі: кожнае пасаджанае дрэва — гэта зачын на будучыню, знак павагі да сваёй зямлі, — падкрэсліла дэпутат. — Асабліва кранальна было назіраць за мясцовымі хлопцамі і дзяўчатамі. Яны так стараліся, трымаючы маладыя саджанцы, быццам ім даверылі ахоўваць нешта па-сапраўднаму каштоўнае. Няхай яны растуць разам з гэтымі дрэвамі, вучацца берагчы тое, што створана рукамі старэйшага пакалення.

Тэма пераемнасці падчас работы ў акрузе працягнулася на ўрачыстай цырымоніі ўручэння «Бацькавай кашулі» ў рамках рэспубліканскага праекта «Трэцяе — Бацькава».

— У такія хвіліны востра адчуваеш: галоўны капітал нашай краіны — гэта людзі, здольныя захоўваць цяпло хатняга ачага, перадаваць каштоўнасці з пакалення ў пакаленне і шчыра клапаціцца адзін пра аднаго, — падзялілася думкамі парламентарый.

На думку дэпутата, адным з самых яркіх момантаў работы ў акрузе стала наведванне шматдзетнай сям’і Аляхновічаў.

— Алена Васільеўна і Сяргей Анатольевіч выхоўваюць пятнаццаць дзяцей, — адзначыла дэпутат. — У святочныя дні Тыдня бацькоўскай любові я завітала да іх у госці, каб асабіста падзякаваць за іх вялізную, стваральную бацькоўскую працу. У гэтым доме пануе цудоўная атмасфера: цяпло адчуваецца літаральна з парога: у тым, як дружна дзеці дапамагаюць адзін аднаму, як бацькі гавораць пра кожнае дзіця. Такія сустрэчы пераконваюць: маштабныя дзяржаўныя праграмы падтрымкі мацярынства і дзяцінства працуюць эфектыўна толькі тады, калі яны прыходзяць у канкрэтныя дамы і мяняюць да лепшага канкрэтныя лёсы.

Дыялог без пасярэднікаў

Пошук рашэнняў складаных жыццёвых сітуацый у дэпутата працягнуўся падчас правядзення асабістага прыёму грамадзян і прамой тэлефоннай лініі ў Салігорскім райвыканкаме.


— Спектр пытанняў ахапілі шырокі — ад асабістых праблем гараджан да прапаноў па развіцці прадпрымальніцтва, — расказала парламентарый. — Кожны зварот — гэта асобная гісторыя, за якой стаяць цалкам зразумелыя патрэбы людзей.

Так, жывы водгук выклікала просьба гараджан уладкаваць сквер Сям’і, Любові і Вернасці зручнымі лаўкамі з навесамі ад непагадзі — гэта месца павінна быць камфортным у любую пару года. Складанае і хвалюючае многіх пытанне капітальнага рамонту аднаго з жылых дамоў дэталёва разабралі прама на прыёме разам з запрошанымі профільнымі спецыялістамі: жыхары атрымалі не проста дзяжурныя тлумачэнні, а канкрэтныя рэкамендацыі і пакрокавы алгарытм дзеянняў.

Не засталіся па-за ўвагай і асабістыя праблемы. Патэлефанавала салігарчанка з просьбай дапамагчы ў працаўладкаванні. Рашэнне знайшлося неадкладна: звязаліся з кіраўніком прадпрыемства, і жанчыну запрасілі на сумоўе.

Кожны чалавек прыходзіць са сваім болем, сваёй спецыфічнай праблемай. Мая задача як дэпутата — не проста зафіксаваць гэты зварот, а выбудаваць сумленны, канструктыўны дыялог. Важна, каб заяўнік пайшоў з дакладным разуменнем алгарытму вырашэння яго пытання ў прававым полі. Часам людзям патрэбна не проста юрыдычная кансультацыя, а элементарныя чалавечая ўвага і падтрымка, — адзначыла Алена Мікалаеўна.

Па словах дэпутата, пытанні дзяржаўнай сямейнай палітыкі, дэмаграфічнай бяспекі і духоўна-маральных арыенціраў сталі галоўнымі падчас сустрэчы з калектывам сярэдняй школы № 15 г. Салігорска ў рамках Адзінага дня інфармавання.


— Размова атрымалася глыбокай і двухбаковай, — адзначыла Алена Мікалаеўна. — Было відавочна, што за кожным пытаннем настаўнікаў стаіць каласальны асабісты вопыт і шчыры непакой за будучыню сваіх выхаванцаў. Інвестыцыі ў інстытут сям’і — самыя надзейныя інвестыцыі ва ўстойлівае развіццё нашага грамадства.

У гэтай школе дэпутат стала ганаровым госцем духоўна-асветніцкай праграмы «Пад жыватворным покрывам», падрыхтаванай навучэнцамі факультатыва духоўна-маральнай культуры і бальнага калектыву ўстановы. Праграма, прысвечаная святу Пакрова Прасвятой Багародзіцы і Году беларускай жанчыны, нагадала пра стваральную ролю жанчыны ў гісторыі, культуры і дзяржаўным будаўніцтве. Звяртаючыся да залы, Алена Мікалаеўна гаварыла аб прыкладах духоўнага подзвігу Еўфрасінні Полацкай і Сафіі Слуцкай, чые жыццёвыя арыенціры актуальныя і сёння.

— Калі бачыш, як сучасныя падлеткі вывучаюць гісторыю свайго народа скрозь прызму духоўнасці, разумееш: традыцыі перастаюць быць мёртвым тэкстам з падручніка. Яны ажываюць у танцы, слове, манеры трымацца. Гэта і ёсць сапраўднае выхаванне пачуццяў, — лічыць парламентарый.

Матэрыялы падрыхтавала Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ

Фота з асабістага архіва Алены ХАМІЦЭВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю