Top.Mail.Ru

Дэпутат Алена Хіля — пра асаблівасці работы ў акрузе, заканатворчасць і адносіны да просьбаў грамадзян

Член Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў Алена Хіля расказала карэспандэнту «МС», чым сёння жыве Мінская сельская выбарчая акруга № 77, у склад якой уваходзяць 5 сельскіх Саветаў: Бараўлянскі, Астрашыцка-Гарадоцкі, Папярнянскі, Беларуцкі і Гайненскі.


З павагай да кожнага

З Мінскім раёнам яна знаёма вельмі даўно — 19 гадоў жыла ў Бараўлянах, там жа працавала дырэктарам дзяржаўнай установы адукацыі «Бараўлянская сярэдняя школа № 2».
— Выхавала не адно пакаленне годных грамадзян нашай краіны і ўжо нават выбаршчыкаў, якія неабыякава ставяцца да лёсу нашай краіны, — кажа дэпутат. — Для мяне гэта тыя людзі, чые дасягненні і праблемы я ўспрымаю як асабістыя. Калісьці, з’яўляючыся дэпутатам Мінскага раённага Савета дэпутатаў, членам Бараўлянскага сельскага выканкама, я прымала непасрэдны ўдзел у вырашэнні надзённых праблем кожнага мясцовага жыхара. І гэта датычыцца не толькі меж Мінскага раёна.


З такімі ж адносінамі Алена Хіля ставіцца і да часткі сваёй акругі, што на Лагойшчыне:

— Для мяне гэты раён стаў адкрыццём. Я яго ўбачыла па-новаму. У народзе гавораць, што гэта «беларуская Швейцарыя». І я ўлюбілася ў гэты край, у яго людзей, добрых і спагадлівых.

Заставацца на сувязі

Вядома, асноўная дзейнасць дэпутата звязана з заканатворчасцю, пры гэтым работа з выбаршчыкамі — адзін з важных яе элементаў, адзначае Алена Хіля:

— Мы працуем з грамадзянамі і потым уносім тыя канструктыўныя прапановы, якія можна выкарыстоўваць пры распрацоўцы тых ці іншых законапраектаў. Адзін з нядаўніх прыкладаў — я ўваходзіла ў групу па распрацоўцы праекта Закона «Аб рыэлтарскай дзейнасці», які нядаўна быў прыняты. Сустракалася з кіраўнікамі і рыэлтарамі буйных кампаній у межах сталіцы і Мінскага раёна, каб растлумачыць, якія будуць новаўвядзенні, пачуць ад іх зваротную сувязь, прадугледзець магчымыя недакладнасці.

Акрамя таго, з’яўляючыся членам Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў, Алена Хіля каментуе, як сёння рэалізуецца Закон «Аб адказным абыходжанні з жывёламі», прыняты ў 2024 годзе:

— Пытанняў, якія патрабуюць асаблівай увагі і дэтальнай прапрацоўкі ў гэтай галіне, паступае вельмі шмат. Камунікую па тэме і з грамадзянамі, і з прадстаўнікамі выканаўчай улады. Калі ёсць патрэба, выходжу на Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Аднак дэпутаты задзейнічаны не толькі ў рабоце сваёй профільнай камісіі — яны адкрыты для вырашэння ўсіх тэм, якія хвалююць людзей.

Жанчына ўпэўнена, што аказанне дапамогі людзям — вельмі важная частка дэпутацкай работы:

— Размаўляючы з людзьмі на сустрэчах, дыялогавых пляцоўках, прыёмах па асабістых пытаннях, нават у фармаце «тэлефоннай лініі», стараюся паглыбіцца ў кожную праблему і знайсці спосабы яе вырашэння. Гэтым прынцыпам кіруюся незалежна ад сітуацыі: няхай гэта будзе складанае і неардынарнае пытанне, якое патрабуе дэталёвай прапрацоўкі, або праблема, якая чамусьці не вырашалася шмат гадоў.


Што датычыцца зваротаў грамадзян, ёсць два найбольш хвалюючыя кірункі — жыллёва-камунальная гаспадарка і пытанні добраўпарадкавання, рамонту дарог, адзначае парламентарый:

— У аграгарадку Лясны нядаўна мясцовыя жыхары мне прадэманстравалі вынік сумеснай працы — там устаноўлены суперсучасныя кантэйнеры для адходаў. Гэта хвалявала мясцовых жыхароў. Цяпер тэрыторыя выглядае закрытай і дагледжанай. Здавалася б, пытанне лакальнае. Але я атрымала вельмі шмат слоў падзякі ад людзей, таму што яно вырашылася хутка, дакладна і якасна.

Яшчэ адна надзённая тэма — транспартнае забеспячэнне.

— Доўгі час, здаецца, яшчэ з 2016 года ў вёсцы Драздова не маглі вырашыць пытанне з транспартам, — прыводзіць прыклад Алена Хіля. — Зносіны былі арганізаваны, але гэта не задавальняла то адну частку вёскі, то другую. Да мяне звярнуліся жыхары з просьбай арганізаваць усё як павінна быць. Мы сабралі ініцыятыўную групу, зрабілі сход вёскі. Як вынік — цяпер транспарт ходзіць так, як зручна большасці яе жыхароў. Дарагога варта, калі людзі бачаць, што праблемы рэальна вырашаюцца, і гавораць, што будуць актыўна ўдзельнічаць у наступных выбарах дэпутатаў. Гэта і ёсць дэмакратыя — калі чалавек, якога выбралі людзі, ведае, што іх хвалюе, умее вырашаць пытанні, шчыра зацікаўлены ў гэтым.

— У прыватнасці, я гавару пра мабільную сувязь у Лагойскім раёне. Ведаю, тэма важная. Лагойшчына — узгорыстая мясцовасць, ёсць метэарытныя ўпадзіны, ад чаго пагаршаецца сувязь. Там, дзе гэта мэтазгодна, пытанне вырашаецца пракладкай оптавалакна. Але ёсць і аддаленыя вёскі. Я трымаю гэта пытанне на кантролі, па меры магчымасцяў яно вырашаецца.

«Адказнасць — наша ўсё»

Некаторым грамадзянам Алена Хіля асабіста тлумачыць, што жаданне і рэальная неабходнасць — розныя рэчы:

— Спажывецкае стаўленне мае месца быць, але яно недапушчальна. Я прама гавару людзям, што калі гэта проста «Я хачу», прабачце, ёсць і іншыя, больш сур’ёзныя задачы.
Парламентарый на сваім прыкладзе дэманструе: дзейнасць дэпутацкага корпуса — не пра фармальнасць, справаздачы і сухія лічбы.

— «Здаў — забыўся» — не пра нас, — запэўнівае Алена Анатольеўна. — Палата прадстаўнікоў адкрытая для кожнага грамадзяніна. Летась я асабіста правяла 15 экскурсій. Прыкладна такая ж колькасць і ў іншых дэпутатаў.


Падлічыць нескладана — усе гэтыя групы людзей наведалі правае крыло Дома ўрада, Авальную залу — сэрца нашай заканатворчасці, музей Палаты прадстаўнікоў, азнаёміліся непасрэдна з дзейнасцю канкрэтнага дэпутата.

— Калі мы працуем у акрузе, а гэта адзін тыдзень на месяц, наша работа нацэленая на вынік. Мы выязджаем на месцы, вывучаем дэталёва праблемы, глядзім, ці не парушаюцца чыесьці правы, — працягвае мая суразмоўніца. — Мы занятыя з раніцы да позняга вечара. Потым ёсць невялікі час для зводкі справаздачы: якія праблемы выявілі, куды трэба накіраваць запыт. Мы робім усё, каб наш грамадзянін камфортна жыў у краіне, каб ён мог рэалізоўвацца, каб яго меркаванне пачулі. Слоган, які са мной на працягу ўсяго жыцця, з якім я пачынала сваю педагагічную дзейнасць і ім жа кіруюся ў дэпутацкай: «Ніхто, акрамя цябе. Адказнасць — наша ўсё!»

Яна ВАЛАСАЧ
Фота з асабістага архіва гераіні

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю