Top.Mail.Ru

Дэпутат Аляксандр Барсукоў расказаў як багаты прафесійны вопыт дапамагае з выбаршчыкамі

«Мы робім правільную справу»

Ён прайшоў шлях ад патрульнага да генерала. Пачынаў старшым сяржантам міліцыі, а стаў генерал-лейтэнантам. Служыў у гарачых кропках, ліквідаваў наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС, кіраваў сталічнай міліцыяй, быў памочнікам Прэзідэнта — інспектарам па Мінску. А цяпер ужо два гады працуе дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Мы сустрэліся з Аляксандрам Барсуковым і пагаварылі пра тое, як багатая на падзеі біяграфія дапамагае ў заканадаўчай дзейнасці, з чым да яго ідуць выбаршчыкі і як дэпутат ім дапамагае.

Першы прыклад — 

самы важны

У сям’і Аляксандра Барсукова не было міліцыянераў, акрамя дзядзькі Станіслава Іванавіча Канавалава, старшага следчага па асабліва важных справах.

Аляксандр Пятровіч расказвае, што дзядзька стаў прыкладам для яго. «Ён і параіў мне патрульна-паставую службу», — пачаў аповед пра свой жыццёвы шлях дэпутат.

Так у 1985 годзе Аляксандр Барсукоў стаў міліцыянерам. Спачатку школа міліцыі, потым Акадэмія МУС. Розныя пасады: следчы, старшы следчы. Потым — чэмпіён рэспублікі па рукапашным баі і запрашэнне ў АМАП. Там ён быў камандзірам узвода, намеснікам камандзіра роты, камандзірам роты, потым быў начальнікам аддзела, камандзірам палка ў Мінску, намеснікам начальніка міліцыі Мінскай вобласці, начальнікам дэпартамента выканання пакаранняў, начальнікам мінскай міліцыі, намеснікам міністра ўнутраных спраў — начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі. А потым — званне генерал-лейтэнанта і прапанова стаць памочнікам Прэзідэнта — інспектарам па Мінску.

«Загады камандуючага не абмяркоўваюцца, іх выконваюць, — кажа суразмоўнік. — Быў амаль чатыры гады памочнікам, а потым стаў дэпутатам. Мне ўжо 62, узрост сур’ёзны. Вось ужо два гады працую ў Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы».

Чарнобыль і гарачыя кропкі — незабыўныя старонкі біяграфіі

Нягледзячы на тое, што Аляксандр Пятровіч большую частку жыцця правёў «у пагонах», ён не забывае, адкуль родам. «Я ўмею касіць, араць, сеяць, кароў даіць, — кажа ён. — Дровы калоць, касу кляпаць. Усё, што трэба для працы ў вёсцы, я ўмею». Парламентарый упэўнены, што менавіта сельская мясцовасць загартавала яго характар, навучыла дысцыпліне і працавітасці. І гэта вельмі дапамагло ў арміі, у міліцыі, у жыцці.

Адной з самых незабыўных падзей для Аляксандра Пятровіча стаў удзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, дзе ён быў двойчы. «Гэта было нечакана, — успамінае суразмоўнік. — Ты едзеш у вялікі населены пункт, а там — нікога. Памятаю адзін выпадак: пад’ехаў мужчына на „Масквічы“ з прычэпам. Папрасіўся ў зону, каб забраць абразы, фотаздымкі, альбом і... сабаку. Чатырохлапы сябра кінуўся да яго, вішчаў не сваім голасам — чакаў яго некалькі месяцаў». Гэты выпадак змяніў стаўленне Аляксандра Пятровіча да многіх рэчаў.

«Галоўнае, каб было чыстае неба над галавой, каб была эканамічная стабільнасць і грамадская бяспека. Матэрыяльныя каштоўнасці становяцца неактуальнымі. Ты пачынаеш глядзець на рэчы зусім іншымі вачыма», — упэўнены генерал-лейтэнант міліцыі.

Аляксандр Барсукоў служыў і ў гарачых кропках — падчас нагорнакарабахскага канфлікту. На мяжы паміж Арменіяй і Азербайджанам быў амаль сем месяцаў.

На парламенцкай ніве — законы, якія мяняюць жыццё

Цяпер Аляксандр Пятровіч — намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Ён адказны за заканадаўчыя змяненні, датычныя дзеянняў сілавога блока.

«Усё мяняецца, і злачыннасць у тым ліку, — тлумачыць ён. — Калі раней былі крадзяжы, то цяпер — махлярства па тэлефоне. Пад гэта трэба ўносіць карэктывы ў заканадаўства. Рэагаваць трэба хутка і канкрэтна», — адзначыў Аляксандр Пятровіч.

Парламентарый удзельнічае ў распрацоўцы змен у адміністрацыйны і крымінальны кодэксы. Прапануе вярнуць вопыт добраахвотных дружын — каб грамадскасць дапамагала міліцыі. «Без падтрымкі грамадства цяжка сачыць за правапарадкам, — кажа ён. — Сувязь павінна быць адзінай».

Быць бліжэй да людзей

Аляксандр Барсукоў прадстаўляе ў парламенце Паўднёва-Заходнюю выбарчую акругу № 100. Гэта Маскоўскі раён Мінска. Каля 50 % яго выбаршчыкаў — перасяленцы з забруджаных тэрыторый: Гомельская вобласць, Хойніцкі, Брагінскі, Рагачоўскі, Веткаўскі раёны. Ён сам адтуль, сам ліквідатар, таму разумее іх праблемы лепш за многіх.

Дэпутат праводзіць прыёмы грамадзян раз у тыдзень. Але людзі падыходзяць да яго і проста на вуліцы — каля дома, на стаянцы, у двары.

«Я выходжу вечарам пагуляць, тры-чатыры кіламетры прайдуся, — расказвае суразмоўнік. — І ўжо хтосьці падыходзіць, пытаецца. 

Я заўсёды параю, як на падставе дзеючага заканадаўства вырашыць пытанне».

Дэпутат сотай акругі дапамог зрабіць пандус для жанчыны-інваліда, вырашыць праблемы з ЖКГ, заасфальтаваць двор. Адной з самых яскравых спраў стала дапамога спецыялізаванаму дому для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.

«Звярнуліся да мяне і расказалі, што іх ніхто не віншуе з Новым годам. Я знайшоў спонсараў, сабраў падарункі. Ім патрэбна была машына, каб вазіць калясачнікаў у бальніцу. Мы дамовіліся з прадпрыемствамі, купілі „Газэль“, зрабілі пад’ёмнік, заасфальтавалі пляцоўку. Яны былі такія шчаслівыя!» — падзяліўся дэпутат.

Аляксандр Барсукоў узгадвае, што трапляў у так званыя «расстрэльныя спісы» замежных экстрэмісцкіх структур. «Я кожны вечар хаджу па вуліцы. Прыходзьце: можа, я дрэнна спяваю, але вельмі добра страляю», — усміхаючыся гаворыць Аляксандр Пятровіч і дадае: «Я ў сваёй краіне, у сваім горадзе. І мы робім правільную справу».

Надзея ЗУЕВА

Фота з ТГ-канала Палаты прадстаўнікоў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю