Ігар Шалудзін ужо шмат гадоў займаецца дэпутацкай дзейнасцю і прызнаецца, што з кожным годам цікавасць да яе толькі расце. Як намесніку старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў яму асабліва блізкая работа з людзьмі.
Смаргонская выбарчая акруга № 59 уключае два раёны — Смаргонскі і Астравецкі. Ігар Шалудзін часта называе яе люстэркам, у якім адбіваецца эфектыўнасць усёй яго работы, але з вельмі важнай папраўкай на маштаб. Бо Астравецкі раён унікальны: тут працуе першая Беларуская АЭС.
— Гэта накладвае асаблівую адказнасць. Акруга заўсёды знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, тут рэалізоўваюцца вельмі складаныя інфраструктурныя праекты, а тэмпы жыцця і запыты людзей адпавядаюць статусу горада энергетыкаў. Гэта спалучэнне надзённых бытавых патрэб і вельмі высокага запыту на сацыяльную справядлівасць, — расказаў дэпутат.
Як адзначыў Ігар Шалудзін, традыцыйна лідзіруюць пытанні ЖКГ, транспарту, аховы здароўя і землеўпарадкавання. Але ёсць і рэгіянальныя асаблівасці. Напрыклад, для жыхароў вельмі актуальная тэма пераходу на электраацяпленне.
— За два гады разгледзеў 82 звароты, і за кожным з іх стаіць канкрэтная чалавечая сітуацыя, якую намагаемся вырашыць разам з мясцовай уладай максімальна аператыўна.
Дэпутат кажа, што яго галоўны прыярытэт — гэта жывы камунікат. Ніводная справаздача не заменіць асабістай размовы. Зваротная сувязь — галоўны навігатар. Парламентарый выкарыстоўвае ўсе даступныя каналы сувязі. Гэта асабістыя прыёмы і «прамыя лініі». Работа ў працоўных калектывах: наведванне прадпрыемстваў, школ, бальніц. Менавіта там узнікаць прапановы, якія потым выносяцца на абмеркаванне ў парламент.
— Я свядома раблю стаўку на сустрэчы ў невялікіх калектывах, дзе людзі больш адкрытыя і гатовыя да дыялогу. Гэта дазваляе пазбегнуць фармалізму, пачуць «нязручныя» пытанні і атрымаць сапраўдную зваротную сувязь, якая становіцца асновай для маіх далейшых дэпутацкіх запытаў і ініцыятыў. Актыўна працую з моладдзю, асабліва з юнымі парламентарыямі, каб забяспечыць пераемнасць досведу, — расказвае Ігар Шалудзін.
Шлях майго суразмоўцы ў Палату прадстаўнікоў стаў лагічным працягам шматгадовай працы «на зямлі». Больш за 7 гадоў Ігар Шалудзін быў старшынёй Астравецкага раённага выканаўчага камітэта, працаваў у Смаргонскім раёне: доўгі час ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі, пасля быў першым намеснікам старшыні — начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Смаргонскага раённага выканаўчага камітэта.
— Паколькі Смаргонская выбарчая акруга ўключае ў сябе менавіта гэтыя два раёны, роля дэпутата тут для мяне максімальна арганічная, — гаворыць парламентарый. — Я не проста ведаю геаграфію рэгіёна — дасканала вывучыў спецыфіку кожнага прадпрыемства, патрэбы кожнага сельсавета і, што немалаважна, асабіста знаёмы з кіраўнікамі і спецыялістамі на месцах. Гэта веданне знутры дазваляе мне не траціць час на азнаямленне са становішчам, а адразу пераходзіць да вырашэння праблем. Для мяне гэта адказнасць перад людзьмі, з якімі я плячо ў плячо працаваў дзесяцігоддзямі.
Работа ў акрузе ідзе бесперапынна. Гэта вырашэнне інфраструктурных задач, такіх як электрыфікацыя ацяплення, пытанні добраўпарадкавання, транспарту і аховы здароўя, што вырашаюцца ў аператыўным рэжыме сумесна з райвыканкамамі. Ігар Шалудзін падкрэслівае важнасць сумеснай працы заканадаўчай і выканаўчай галін улады, бо толькі сумесна можна дасягнуць высокіх вынікаў.
— Пытанні ўдаецца вырашыць самыя розныя. Было праведзена асфальтаванне вуліцы ў адным з населеных пунктаў, прайшла рэканструкцыя веласіпеднай дарожкі. Было вырашана пытанне грамадзяніна аб страце стажу з-за няправільнага наймення пасады — справядлівасць адноўлена, стаж цалкам вернуты. Удалося аператыўна дапамагчы маладой прыёмнай сям’і ў пытанні падключэння электраацяплення. Гэта толькі маленькая частка, усяго не пералічыш, бо работа з насельніцтвам вядзецца штодня, — падсумаваў дэпутат.
Вераніка Казлоўская