— Ірына Анатольеўна, раскажыце пра асаблівасці сваёй выбарчай акругі. З чаго пачалося ваша знаёмства з ёй?
— Дзяржынская выбарчая акруга № 71 сфарміравана з двух раёнаў, якія знаходзяцца ў цэнтры Мінскай вобласці, — Дзяржынскага і часткі Мінскага (Міханавіцкі, Навадворскі, Крупіцкі і Самахвалавіцкі сельсаветы). Гэта тэрыторыя з багатай гісторыяй і моцнымі працоўнымі традыцыямі. Тут гарманічна спалучаюцца прамысловы і сельскагаспадарчы патэнцыялы, сацыяльная інфраструктура і актыўнае грамадскае жыццё. У акрузе працуе не адзін дзясятак буйных прадпрыемстваў, такіх як ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі», ААТ «АМКАДОР-СЕМАШ», ААТ «Дзяржынскі эксперыментальна-механічны завод», ЗАТ «Уніфлекс», актыўна развіваюцца малы і сярэдні бізнесы. Па ўзроўні аплаты працы гэтыя два раёны ўваходзяць у топ-10 раёнаў краіны, што пацвярджае сацыяльна-эканамічны ўзровень і патэнцыял далейшага развіцця.
Маё знаёмства з акругай пачалося задоўга да выбарчай кампаніі — праз сустрэчы з працоўнымі калектывамі, удзел у грамадскіх мерапрыемствах, асабістыя звароты грамадзян. Ужо тады стала відавочна: тут жывуць неабыякавыя людзі, якія зацікаўлены ў развіцці сваёй тэрыторыі і гатовыя ўключацца ў вырашэнне актуальных пытанняў.
— Што хвалюе вашых выбаршчыкаў? З якімі пытаннямі звяртаюцца людзі?
— Людзей хвалююць цалкам канкрэтныя і зразумелыя рэчы — якасць жыцця тут і цяпер. Хтосьці прыходзіць з пытаннямі добраўпарадкавання: рамонт двара, асвятленне вуліцы, стан дарогі. Для пажылых грамадзян асабліва важная даступнасць медыцынскай дапамогі і сацыяльная падтрымка. Маладыя сем’і ўздымаюць тэмы дзіцячых садкоў, занятасці, жыллёвых умоў. Прадпрымальнікі — пытанні рэгулявання і падтрымкі бізнесу.
Напрыклад, жыхары аграгарадка Самахвалавічы звярнуліся з просьбай аб усталяванні, перш за ўсё для моладзі, вулічнага спартыўнага комплексу. І я вельмі рада, што ў канцы мінулага года атрымалася падрыхтаваць для жыхароў па-сапраўднаму навагодні падарунак.
Вядома, ёсць прамая сувязь паміж тэматыкай зваротаў і дзейнасцю камісіі, якую я ўзначальваю. Людзі ўважліва сочаць за заканадаўчай работай і прыходзяць не проста са скаргамі, а з прапановамі — як змяніць норму, як палепшыць механізм. І гэта вельмі каштоўна: з такіх дыялогаў нараджаюцца сістэмныя рашэнні. Так, напрыклад, па выніках праведзенага асабістага прыёму грамадзян у Фаніпалі была вырашана праблема не толькі самога чалавека, але і ўнесены змены ў заканадаўства. На прыём да мяне звярнулася маці наконт свайго сына, які звольніўся з працы ў сувязі з прызывам на ваенную службу. Аднак па аб’ектыўных прычынах не быў накіраваны для яе праходжання. Праблема, бясспрэчна, ёсць — па факце страціў працоўнае месца і ў армію не прызвалі, трэба чакаць чарговага прызыву. Я аператыўна падключылася — хлопец працаўладкаваўся на ранейшае працоўнае месца.
А каб з такім пытаннем у далейшым хлопцы не сутыкаліся, аператыўна былі падрыхтаваны змяненні ў артыкул 342 Працоўнага кодэкса, якія былі прынятыя і ўступілі ў сілу з 1 верасня 2025 года.
— Якімі мерапрыемствамі адзначылася ваша работа ў выбарчай акрузе ў апошні час?
— Перш за ўсё, адбыліся дзве сустрэчы з працоўнымі калектывамі ААТ «Дзяржынская швейная фабрыка «Эліз» і прыватнага прадпрыемства «Фрэш Мінт Тэхноладжы». На гэтых прадпрыемствах для работнікаў таксама правяла асабісты прыём грамадзян. Яшчэ адзін асабісты прыём грамадзян адбыўся ў Фаніпальскім гарадскім выканаўчым камітэце. Частку пытанняў атрымалася вырашыць яшчэ да пачатку прыёму ў рабочым парадку, дзякуючы аператыўнаму ўзаемадзеянню з мясцовымі органамі ўлады. У Дзяржынску адбылася сустрэча з воінамі-інтэрнацыяналістамі, ветэранамі Афганскай вайны. Мы гаварылі аб дзеянні Закона «Аб ветэранах», аб тых зменах, якія былі ўнесены дзякуючы сумеснай рабоце і ўступілі ў сілу з 1 мая мінулага года. Важна было пачуць, як на практыцы працуюць прынятыя нормы.
Цікавая і душэўная сустрэча, якую я арганізавала, адбылася на базе прыватнага сацыяльнага пансіяната «Клопат як дома» ў Крупіцкім сельскім Савеце з удзелам намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Марыны Арцёменка, прадстаўнікоў Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра і кіраўніцтва пансіяната. Гэта сустрэча прадыктавана самім жыццём і шчырым жаданнем усіх бакоў выбудаваць эфектыўнае ўзаемадзеянне ў сферы сацыяльнай абароны.
Сёння дзяржаўныя пансіянаты адчуваюць павышаную нагрузку. Грамадства ўсё часцей звяртаецца за якаснымі і даступнымі паслугамі па доглядзе. Манастыр і прыватныя ўстановы гатовыя ўключацца ў такую работу, дапамагаць адзінокім, нямоглым, тым, хто асабліва мае патрэбу ў падтрымцы і чалавечым цяпле. І тут сапраўды ўсё аб’ядналася: ёсць запыт грамадства, ёсць гатоўнасць дапамагаць, ёсць разуменне агульнай адказнасці.
— Якая форма ўзаемадзеяння з выбаршчыкамі, на ваш погляд, найбольш эфектыўная?
— Універсальнага фармату няма. Вырашэнне кожнай праблемы мае права на сваю форму, галоўнае, каб гэта форма спрацавала эфектыўна.
Напрыклад, асабістыя прыёмы грамадзян дазваляюць дэталёва разабрацца ў канкрэтнай сітуацыі, а сустрэчы з працоўнымі калектывамі даюць магчымасць абмеркаваць сістэмныя пытанні. Дыялогавыя пляцоўкі і адкрытыя дыскусіі даюць магчымасць пачуць розныя пункты гледжання.
Самым каштоўным лічу прамы дыялог, бо нішто не заменіць жывую камунікацыю. Калі глядзіш чалавеку ў вочы, лепш разумееш яго сітуацыю і адчуваеш ступень адказнасці. Таму ў сваёй працы паспрабавала і цяпер максімальна на практыцы ўжываю такую форму, як правядзенне пасля сустрэчы з працоўным калектывам асабістага прыёму па хвалюючых праблемах.
— 2026 год аб’яўлены кіраўніком дзяржавы Годам беларускай жанчыны. Ці плануеце ўдзяляць асаблівую ўвагу гэтай тэматыцы?
— Безумоўна. Роля жанчыны ў грамадстве сёння велізарная — гэта і прафесійная самарэалізацыя, і мацярынства, і грамадская дзейнасць. Год беларускай жанчыны — гэта магчымасць не проста падкрэсліць значнасць, а напоўніць парадак дня канкрэтнымі рашэннямі: падтрымка сем’яў, развіццё жаночага прадпрымальніцтва, пытанні здароўя, стварэнне ўмоў для сумяшчэння кар’еры і выхавання дзяцей.
Важна казаць не толькі пра дасягненні, але і пра практычную падтрымку. Каб кожная жанчына — няхай гэта будзе шматдзетная мама, малады спецыяліст або кіраўнік — адчувала, што яе праца і ўнёсак цэняцца.
Трэба адзначыць, што плануюцца і змяненні ў заканадаўстве. Рэспубліканскім планам прадугледжана, што на працягу года будуць распрацаваны законапраекты, накіраваныя на пашырэнне прафесійных магчымасцяў жанчын, удасканаленне сістэмы дапамог, абарону маёмасных правоў.
— Ірына Анатольеўна, у чым, на вашу думку, заключаецца місія дэпутата?
— Для мяне місія дэпутата — быць побач з людзьмі і заставацца адкрытым да дыялогу. Гэта не толькі заканатворчая дзейнасць, але і штодзённая работа са зваротамі, выезды ў акругу, пошук кампрамісаў. Галоўнае — не губляць жывую сувязь з людзьмі і памятаць, што за кожным законам стаяць канкрэтныя лёсы. Давер выбаршчыкаў — гэта вялікая адказнасць, і яе трэба пацвярджаць справамі.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота з асабістага архіва Ірыны КАСЦЕВІЧ