Top.Mail.Ru

Дэпутат Марына Лянчэўская — аб асаблівасцях работы ў самым густанаселеным раёне сталіцы

«Акруга — галоўная „лабараторыя“, дзе правяраецца якасць рашэнняў»

Старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў расказала пра спецыфіку сваёй 101-й Заходняй выбарчай акругі, пра тое, чым жывуць жыхары Фрунзенскага раёна, якія задачы яна ставіць перад сабой на бліжэйшы час.

— Марына Аляксандраўна, традыцыйнае пытанне. За час дэпутацтва вы добра вывучылі Фрунзенскі раён. Можаце вылучыць асаблівасці вашай выбарчай акругі?

— Фрунзенскі раён — самы вялікі і самы густанаселены ў нашай сталіцы. І я заўсёды з асаблівым пачуццём гавару пра Заходнюю выбарчую акругу № 101. Гэта не проста геаграфічны пункт на карце Мінска, гэта жывы, дынамічны арганізм са сваім унікальным характарам. З аднаго боку, наша акруга — гэта тэрыторыя маладых сем’яў. Мікрараёны Захад і Чырвоны Бор пастаянна папаўняюцца новымі жыхарамі. Гэта накладвае на мяне як на дэпутата асаблівую адказнасць: мы павінны забяспечваць апераджальнае развіццё сацыяльнай інфраструктуры. Новыя дзіцячыя садкі, сучасныя школы і гульнявыя пляцоўкі — гэта не раскоша, а базавы запыт маіх выбаршчыкаў.

З другога боку, мы знаходзімся быццам каля «варот» горада. Блізкасць да МКАД і найважнейшых артэрый фарміруе не толькі высокую мабільнасць, але і адпаведныя выклікі: пытанні парковак, бяспекі дарожнага руху і развіцця грамадскага транспарту.

Нягледзячы на шчыльную забудову, жыхары акругі вельмі берагуць зялёныя зоны. Захаванне сквераў і добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый — гэта тое, за што людзі стаяць гарой. Ну і, бадай, галоўная асаблівасць 101-й акругі — гэта самі людзі. Мае выбаршчыкі — юрыдычна адукаваныя, актыўныя і канструктыўныя грамадзяне. Менавіта тут, у жывых стасунках, нараджаюцца ідэі, якія я потым выношу на абмеркаванне ў Авальную залу.

— За сухімі лічбамі справаздач заўсёды стаяць жывыя гісторыі. Што сёння больш за ўсё «баліць» у жыхароў Фрунзенскага раёна?

— Прааналізаваўшы тэматыку зваротаў, адзначу, што найбольш часта грамадзяне звяртаюцца па пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі, пенсіённага забеспячэння і сацыяльнай абароны. Нярэдка падымаюцца пытанні, звязаныя з дзейнасцю судоў і праваахоўных органаў. Шэраг зваротаў утрымліваюць прапановы па ўдасканаленні дзеючага заканадаўства, якія ў далейшым становяцца крыніцай для заканатворчай дзейнасці.

— Якія формы ўзаемадзеяння са сваімі выбаршчыкамі лічыце найбольш эфектыўнымі?

— Універсальнага рэцэпту няма. Для мяне важна, каб дапамога людзям была справай, а не словам. Раскрыю некаторыя лічбы. У справаздачным перыядзе я правяла 41 сустрэчу ў працоўных калектывах, 18 прыёмаў грамадзян, 12 прамых тэлефонных ліній. Падчас асабістага прыёму прыняла 36 выбаршчыкаў, разгледзела 36 зваротаў.

Акрамя таго, у 2025 годзе працягнула практыку правядзення бясплатных юрыдычных кансультацый для жыхароў акругі па вырашэнні крызісных сітуацый у сям’і. Усяго за год правяла 12 кансультацый, аказана дапамога 42 грамадзянам. Таксама бачу актыўнасць людзей у сацсетках. Цяпер у маім афіцыйным акаўнце ў Іnstagram 2000 падпісчыкаў, на Facebook — 4500, у Telegram-канале — 1800. Сацыяльныя сеткі — выдатны канал зваротнай сувязі.

— На вашу думку, для выбаршчыкаў дэпутат — абаронца ці, хутчэй, «сацыяльны навігатар»?

— Гістарычна склалася, што дэпутат — гэта і абаронца, і праваднік інтарэсаў у абодвух напрамках: ад людзей да выканаўчай улады, ад дзяржавы да людзей.

Часта людзі прыходзяць на прыём, калі заблыталіся ў інстанцыях або сутыкнуліся з несправядлівасцю. Мая місія — не проста выслухаць, а дакапацца да сутнасці. Дэпутат — гэта той, хто перакладае патрэбы жыхароў на мову кіраўніцкіх рашэнняў.

Калі да мяне прыходзяць дзесяць чалавек з аднымі і тымі ж праблемамі, звязанымі з ЖКГ ці з выплатамі пенсій, для мяне гэта сігнал: закон дае збой. І тут сваю місію бачу ў тым, каб ператварыць прыватную праблему суседа ў заканадаўчую ініцыятыву. Акруга — гэта мая галоўная «лабараторыя», дзе правяраецца якасць рашэнняў.

— Чым акрузе запомніўся Год добраўпарадкавання?

— Летась асноўную ўвагу сканцэнтравалі на камфорце нашага раёна. Мой галоўны прынцып: калі людзі просяць — мы павінны давесці справу да выніку, нават калі пытанне складанае.

Кіруючыся гэтым прынцыпам, стварылі безбар’ернае асяроддзе. На вуліцах Адзінцова, Прытыцкага, Лабанка і іншых усталявалі сучасныя пад’ёмнікі ў пад’ездах і зручныя пандусы. Абсталявалі 13 спецыяльных парковачных месцаў. Актыўна абнаўляліся двары і спартыўныя пляцоўкі. На Семянякі, Фёдарава, Чайлыткі і Адзінцова з’явілася новае абсталяванне. Асобны гонар — лесапарк «Мядзвежына». Да 80-годдзя Вялікай Перамогі адкрылі там асаблівую зону адпачынку, прысвечаную 14 Героям Савецкага Саюза, чыімі імёнамі названы вуліцы Фрунзенскага раёна. Там усталявалі стылізаваную «зямлянку», інфастэнды, лаўкі. І, вядома, важны ўдзел саміх жыхароў. Мы разам выходзілі на суботнікі, а з моладдзю правялі плогінг-забег у тым жа «Мядзвежыне».

— Якімі актыўнасцямі плануеце парадаваць жыхароў акругі ў Год беларускай жанчыны?

— Для мяне як дэпутата работа ў акрузе — гэта заўсёды спалучэнне рэальных спраў і жывых стасункаў. У Год беларускай жанчыны мой унёсак у развіццё акругі стане яшчэ больш адрасным. Праз праекты Беларускага саюза жанчын і заканатворчую работу я планую сканцэнтравацца на падтрымцы працуючых мам, прававым асветніцтве і захаванні нашых сямейных каштоўнасцяў.

Мая звышзадача — каб кожная жанчына ў раёне адчувала падтрымку дзяржавы, а моладзь бачыла годныя прыклады самарэалізацыі. Мы працягнем і добрыя традыцыі сумесных ініцыятыў. Толькі разам мы робім наш агульны дом утульней і мацней.

— І на заканчэнне: што вы пажадалі б сваім выбаршчыкам?

— Я хачу, каб праз пяць гадоў, гледзячы ў вочы сваім выбаршчыкам, я магла сказаць: «Мы разам зрабілі нашу акругу і наша жыццё найлепшымі». Я ганаруся, што ў маёй рабоце ёсць добрыя прыклады ўзаемадзеяння дэпутата, жыхароў раёна і мясцовых органаў улады. У іх ліку адкрыццё ў снежні 2025 года крамы крокавай даступнасці ў мікрараёне «Сухарава-8».

Без даверу выбаршчыкаў мандат — гэта проста «корачка». Мая мэта — каб жыхары ведалі свайго дэпутата ў твар і разумелі: за іх інтарэсы ёсць каму пазмагацца.

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю