Коласаўская выбарчая акруга № 106 знаходзіцца ў самым што ні на ёсць сэрцы Мінска — менавіта да яе адносіцца плошча Якуба Коласа, Камароўскі рынак, Беларуская дзяржаўная філармонія, БНТУ, БДУІР... Пражывае тут больш за 60 тысяч чалавек — адукаваных, якія прывыклі да парадку і ведаюць цану слова. Аб рабоце з выбаршчыкамі і аб самых частых іх пытаннях расказаў дэпутат Коласаўскай выбарчай акругі № 106, старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Мікалай Бузін.
Раён з гісторыяй і характарам
Акруга Мікалая Бузіна — адна з цэнтральных у Мінску. Агульная колькасць выбаршчыкаў — больш за 61 тысячу чалавек, людзей адукаваных, якія разбіраюцца ў культуры, мастацтве і навуцы. Як адзначыў Мікалай Бузін, усё гэта накладвае пэўны адбітак на работу ў акрузе. «Тут засяроджана вялікая колькасць устаноў адукацыі, сярод якіх Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт радыёэлектронікі, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, шмат прадпрыемстваў. Увогуле, гэта раён з даўняй гісторыяй», — расказвае дэпутат.
Ад свайго прадстаўніка ў парламенце, адзначае Мікалай Бузін, выбаршчыкі чакаюць не агульных слоў, а канкрэтных рашэнняў. «Часта даводзіцца тлумачыць, расказваць нюансы заканадаўства, тлумачыць тыя рашэнні, якія прымаюцца на ўзроўні горада. Па вялікім рахунку часам нават выступаць у ролі псіхолага, які павінен выслухаць людзей, падказаць ім, як паступіць у той ці іншай жыццёвай сітуацыі, — падкрэслівае дэпутат. — Большасць пытанняў жыхароў звязана з жыллёва-камунальнай гаспадаркай, паступаюць таксама пытанні пражывання, арэнды памяшканняў. Бываюць і спадчынныя справы, пытанні дапамогі пажылым людзям».
У апошні час, заўважае Мікалай Бузін, павялічылася колькасць зваротаў, звязаных з ідэямі па паляпшэнні горада. І тут важна не адмахнуцца, нават калі прапанова выходзіць за рамкі дэпутацкіх паўнамоцтваў: «З людзьмі трэба размаўляць, людзей трэба чуць і знаходзіць рацыянальнае зерне ў іх ідэях, у іх думках».

Клопаты сталічнай моладзі
Важнай часткай сваёй дэпутацкай дзейнасці парламентарый лічыць камунікат з моладдзю — школьнікамі і студэнтамі. Гэта нядзіўна, бо менавіта яны — носьбіты і прадаўжальнікі кода беларускай нацыі. «Мы знаходзім агульную мову, і трэба аддаць належнае нашым маладым людзям: ім цікава паслухаць і паглыбіцца ў тыя працэсы, якія адбываюцца ў краіне. Яны не застаюцца абыякавымі, асабліва калі размаўляць на іх мове, знаходзіць тэмы, цікавыя для іх, для падрастаючага пакалення», — адзначае дэпутат.
Моладзь сёння розная, з рознымі запытамі і поглядамі на будучыню. Тым не менш, ёсць пытанні, якія хвалююць кожнага маладога чалавека, заўважае Мікалай Бузін. «Большасць вельмі цікавіць, як ім давядзецца жыць далей, якія кірункі, змяненні заканадаўства датычацца непасрэдна іх з пункту гледжання забеспячэння жыццядзейнасці, функцыянавання дзяржаўных інстытутаў».
Асабліва востра гэтыя тэмы гучаць у студэнцкай аўдыторыі — на другіх-трэціх курсах навучання маладыя людзі ўжо ва ўсю шукаюць сябе і, акрамя кар’ерных перспектыў, уважліва сочаць за тым, што адбываецца ў краіне. Ад такой аўдыторыі, паводле слоў Мікалая Бузіна, часта гучаць пытанні аб жыллі для маладых спецыялістаў, атрыманні адукацыі, у тым ліку другой, аб спосабах удасканалення сваіх прафесійных навыкаў. «Вельмі шмат увагі маладыя людзі сёння надаюць пытанню будучага размеркавання. Ім важна ведаць, што робіць дзяржава, каб кожны малады чалавек знайшоў сябе ў гэтым жыцці», — расказвае Мікалай Бузін.
Замест слоў — канкрэтныя справы
Дарэчы, «з жыцця» ідуць увогуле ўсе пытанні насельніцтва да дэпутата, у тым ліку і тыя, якія парламентарыем альбо здымаюцца з выкарыстаннем патэнцыялу ўлады, альбо абвастраюцца, каб сфарміраваць адпаведную заканадаўчую ініцыятыву ў будучыні. «Людзі ведаюць, калі прыйсці да дэпутата, — падкрэслівае Мікалай Бузін. — Мы заўсёды адкрытыя, кожны месяц працуем тыдзень у акрузе — непасрэдна знаходзімся сярод людзей, наведваем прадпрыемствы, размаўляем з калектывамі. А пасля гэтага абавязкова праводзім асабістую гутарку з тымі, у каго ёсць праблемы».
Па словах парламентарыя, у асноўным пытанні хутка вырашаюцца непасрэдна прадстаўнікамі выканкамаў раёнаў. А роля дэпутата ў тым, каб своечасова заўважыць і давесці праблему да выканаўцаў. Напрыклад, адна з такіх датычылася функцыянавання гаражна-заправачных кааператываў на тэрыторыі Савецкага раёна Коласаўскай выбарчай акругі № 106. Як яе дэпутат Мікалай Бузін разам з адміністрацыяй раёна на працягу двух гадоў шукалі варыянты рашэння: «У выніку ўдалося навесці парадак на тэрыторыі і дамагчыся, каб службовыя асобы кааператываў пачулі людзей, якія там працуюць, — адзначае парламентарый. — Яшчэ адзін прыклад — удасканаленне сістэмы ачысткі сцёкавых вод, зробленае менавіта па запыце жыхароў. Складанасць была ў тым, што не існавала адпаведных карт камунікацый. Аднак знайшлі ўласнікаў і адказных за гэтыя пытанні асоб, звялі іх непасрэдна з людзьмі, і праблема была вырашана».
Шмат зваротаў датычацца добраўпарадкавання тэрыторыі — абрэзкі дрэў — і навядзення парадку на прыдамавых тэрыторыях. Але часам варта сумленна ацаніць, наколькі абгрунтаваныя тыя ці іншыя з іх. Паводле слоў Мікалая Бузіна, людзі, прызвычаіўшыся да таго, што дзяржава заўсёды побач і гатова вырашыць любую праблему, нярэдка падымаюць пытанні надуманыя.
Аднак, падкрэслівае парламентарый, гэта рэаліі жыцця, і задача дэпутацкага корпуса — дасканала разабрацца ў кожным з такіх выпадкаў: «Складана бачыць, што не можаш дапамагчы чалавеку. Разам з тым, самае прыемнае — атрымліваць вынік, калі ад тваёй працы камусьці стала лепш, — прызнаецца ён. — Бо я ўсё жыццё служыў краіне і Айчыне, і сёння працягваю сумленна служыць нашаму беларускаму народу».
Аміна НАЗАРАВА
Фота ТГ-канала Палаты прадстаўнікоў