Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Андрэй Балыш пракаментаваў новы Указ Прэзідэнта аб парадку рэгістрацыі зямельных участкаў, падкрэсліўшы яго выключную важнасць для развіцця сельскіх тэрыторый.
«Падпісанне Прэзідэнтам новага Указа аб парадку рэгістрацыі зямельных участкаў — гэта чарговы сістэмны крок па ўдасканаленні зямельных адносін, — адзначыў дэпутат. — Для нашага аграрнага сектара і для ўсіх, хто жыве і працуе на зямлі, гэта не проста змены, а рэальная, адчувальная падтрымка і спрашчэнне.»
Галоўнае, што дае гэты дакумент — гэта магчымасць зарэгістраваць правазасведчвальныя дакументы на зямельны ўчастак без распрацоўкі складаных праектаў яго адводу да 1 студзеня 2028 года. Андрэй Балыш патлумачыў, што гэта значыць на практыцы, асабліва для нашых аграрыяў?
- Спрашчэнне для К(Ф)Х. Сялянскія (фермерскія) гаспадаркі змогуць аформіць зямлю па спрошчанай схеме, што значна знізіць адміністрацыйную нагрузку і дазволіць фермерам засяродзіцца на вытворчасці.
- Для жыхароў вёскі: Спрошчаны парадак распаўсюджваецца на землі для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных жылых дамоў, калектыўнага садоўніцтва і дачнага будаўніцтва.
- «Зямельная амністыя» прадоўжана: Вельмі важны момант — Указ датычыцца і самавольна занятых зямель, а тэрмін «зямельнай амністыі» прадоўжаны да 1 студзеня 2028 года! Гэта дае шанец мноству людзей узаконіць свае правы на зямлю, навесці парадак у дакументах, не сутыкаючыся з залішнімі складанасцямі.
Важна і тое, адзначыў дэпутат, што змяненні датычацца і арганізацый, якім прадастаўлена зямля для будаўніцтва і абслугоўвання шматкватэрных жылых дамоў і аб’ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія эксплуатуюцца.
На заканчэнне Андрэй Балыш дадаў: «Усе гэтыя змяненні, а таксама раней прынятыя меры па аўтаматызацыі працэсаў, магчымасці атрымліваць дакументы ў натарыуса і экстэрытарыяльны прынцып, робяць сістэму рэгістрацыі нерухомасці максімальна зручнай і сучаснай».