Top.Mail.Ru

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Кузьмін расказаў аб асаблівасцях работы з выбаршчыкамі

У Івацэвіцкую выбарчую акругу № 11, дзе дэпутатам выбраны Алег Кузьмін, уваходзяць Івацэвіцкі і частка Бярозаўскага раёна. Свае рабочыя паездкі, сустрэчы, прыёмы грамадзян дэпутат Палаты прадстаўнікоў размяркоўвае так, каб за пэўны адрэзак часу пабываць на тэрыторыі ўсіх сельсаветаў кожнага з раёнаў.


Інфармацыя з першых вуснаў

Алег Аляксеевіч працуе ў Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы. Як педагог з вялікім стажам, асаблівы акцэнт робіць на сустрэчах і стасунках з педагагічнай грамадскасцю, вучнямі і навучэнцамі ўстаноў адукацыі.

Паводле слоў дэпутата, адной з самых эфектыўных форм работы ў акрузе ён лічыць прыёмы грамадзян і прамыя тэлефонныя лініі. «А паколькі акруга ахоплівае 11 гар- і сельсаветаў Івацэвіцкага і 9 — Бярозаўскага раёнаў, то для зручнасці выбаршчыкаў, — кажа ён, — арганізую прыёмы ў кожным з выканкамаў. Людзі прыходзяць з рознымі пытаннямі, праблемамі, прапановамі. Але ж на першым месцы па колькасці — звароты з просьбамі аб паляпшэнні вуліц і дарог. За імі ідзе тэма ўладкавання тратуараў, іншых нюансаў добраўпарадкавання, здараюцца скаргі-прапановы па карэкціроўцы аўтобусных маршрутаў. Звычайна кіраўнікі мясцовай улады бываюць у курсе агучаных праблем. У некаторых выпадках работа па іх вырашэнні ўжо вядзецца: на стадыі праектавання альбо ўключэння ў планы на наступныя гады. Тады застаецца патлумачыць гэта заяўніку, расказаць аб перспектывах. Чалавек, атрымаўшы інфармацыю з першых вуснаў, дзеліцца ёю з суседзямі, аднавяскоўцамі, і больш названае пытанне ўзнімаць не будзе», — кажа Алег Кузьмін.

Даволі частымі сталі звароты, якія датычацца зносу старых аварыйных дрэў. Дэпутат гаворыць, што ўсе яны вырашаюцца ў рабочым парадку профільнымі арганізацыямі. Ужо было некалькі выпадкаў, калі людзі прыходзілі на наступны прыём, каб падзякаваць.

Калі ж гаворка заходзіць аб праблемах газіфікацыі, правядзення камунікацый для электраацяплення альбо водаправода, то даводзіцца тлумачыць грамадзянам пра дарагавізну падобных праектаў і парадак фінансавання. Напрыклад, выйсцем можа стаць утварэнне кааператыва з частковым фінансаваннем — грамадзян і бюджэту. Такія пытанні ўзнімаліся ў Яглевіцкім, Квасевіцкім сельсаветах. Варта сказаць, што нашы вясковыя жыхары цяпер дастаткова інфармаваныя, хочуць жыць з камфортам і гарадскімі выгодамі, і гэта цалкам зразумела. Трэба толькі даступна, з лічбамі і фактамі расказваць людзям аб рэальных перспектывах, тлумачыць на прыкладах, тады, як правіла, сустракаеш разуменне, лічыць дэпутат.

«У асобных выпадках разам з памочнікамі мы рыхтуем адпаведныя пісьмы-запыты ў адрас раённай выканаўчай улады. Хачу сказаць, што на іх атрымліваем аператыўнае рэагаванне і паведамляем заяўніку. Падобныя стасункі з людзьмі каштоўныя яшчэ і тым, што асобныя праблемы бяруцца на кантроль, занатоўваюцца як матэрыял для магчымага ўдасканалення заканадаўства».

Аб тым, што хвалюе

Адной з дзейсных форм атрымання зваротнай сувязі парламентарый назваў сустрэчы ў працоўных калектывах. За год работы Алег Кузьмін пабываў у 116 такіх калектывах. «Кожная такая сустрэча прыносіць не толькі новыя знаёмствы. На падобных мерапрыемствах даволі часта сустракаю сваіх былых вучняў, іх бацькоў, сваіх землякоў, аднакласнікаў. І гэта не толькі дае падтрымку, але і накладвае дадатковую адказнасць. Выбаршчыкі чакаюць ад мяне адказаў на канкрэтныя пытанні, размоў аб тым, што іх хвалюе. На сустрэчах у калектывах мы звычайна абмяркоўваем надзённыя пытанні палітычнага і грамадскага жыцця нашай краіны. 

Сутнасць узнятых тэм стараюся раскрыць простымі словамі. І вельмі радуюся, калі атрымліваю водгук, калі адчуваю падтрымку аўдыторыі».
Паводле слоў дэпутата, нярэдка ў працоўных калектывах узнімаюцца канкрэтныя праблемы, звязаныя з умовамі працы, захаваннем экалагічных норм, наяўнасцю інфраструктуры, кадраў. Парламентарый стараецца аператыўна рэагаваць на запыты з тым, каб праблемы вырашаліся. Так было, напрыклад, у РМУ (рамонтна-маставым упраўленні) РУП «Брэстаўтадар». Мінулай восенню падчас прыёму грамадзян яго кіраўнік узняў праблему забеспячэння спецыялістамі рабочых прафесій. Дэпутат накіраваў запыт у Міністэрства адукацыі, менавіта там падказалі шляхі вырашэння праблемы. І падчас сустрэчы ў гэтым працоўным калектыве сёлета прагучала падзяка за дапамогу.

На ўрок — да дэпутата

У Алега Кузьміна ёсць і свой праект, які ён рэалізуе ў акрузе. Праект называецца «Школьніку пра важнае. Урокі дэпутата». Як ужо гаварылася, Алег Аляксеевіч у мінулым настаўнік і кожны тыдзень, адведзены для работы ў акрузе, наведвае школу, каледж, іншую навучальную ўстанову. «Падчас сустрэчы з вучнямі мы шмат гаворым пра любоў да Радзімы, разбіраем з імі, што такое патрыятызм і яго складнікі, гаворым пра дружбу, любоў, веру і вернасць. І ведаеце, нярэдка дзеці радуюць сваімі недзіцячымі меркаваннямі на ўзнятыя тэмы. Так было ў школе № 3 Івацэвічаў, у Агародніцкай школе Бярозаўскага раёна, шэрагу іншых, дзе старэйшыя школьнікі прадэманстравалі актыўную грамадзянскую пазіцыю, высокі інтэлектуальны ўзровень».

«Яны, дарэчы, уважліва слухаюць расповеды аб асаблівасцях работы парламентарыя, задаюць нямала пытанняў аб тым, як рыхтуюцца і прымаюцца законы, як наладжаны кантроль за іх выкананнем, — працягвае Алег Кузьмін. — У кожнай навучальнай установе сустрэчы маюць свае асаблівасці. Але нярэдка выкарыстоўваю іх як магчымасць прафарыентацыйнай работы, расказваю юнакам і дзяўчатам аб прафесіі настаўніка, якую і сёння лічу самай лепшай прафесіяй на зямлі. У адказ нярэдка чую даволі канкрэтныя пытанні пра асаблівасці атрымання профільнай адукацыі і далейшай работы, што таксама радуе».

«Наогул люблю камунікаваць з моладдзю, — гаворыць дэпутат. — Яны найбольш актыўныя падпісчыкі і суразмоўцы ў сацыяльных сетках, якія я актыўна выкарыстоўваю з першага дня работы ў парламенце. Прысутнічаю ў „Фэйсбуку“, у „Інстаграме“, у „Тэлеграме“. Дарэчы, нямала падпісчыкаў — мае былыя вучні. Яны нярэдка задаюць канструктыўныя пытанні, уключаюцца ў абмеркаванне той ці іншай тэмы, выказваюць прапановы».

Фота з архіва дэпутата

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю