Top.Mail.Ru

Дэпутат Руслан Касыгін — пра тое, чым цікавяцца выбаршчыкі

«Грамадзян хвалюе, як захаваць той спакой, мір, які цяпер ёсць у нашай краіне»

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў, дэпутат ад Барысаўскай сельскай акругі № 63 Руслан КАСЫГІН перакананы: дэпутацкі корпус — гэта нерв грамадства і тых праблем, якія ў ім існуюць. «У меру сваіх магчымасцяў і ў адпаведнасці з заканадаўствам я аказваю дапамогу выбаршчыкам па розных кірунках. Зваротная сувязь дазваляе сумесна з мясцовымі органамі ўлады высветліць, якія праблемы хвалююць грамадзян, зрабіць усё магчымае для іх вырашэння», — адзначае Руслан Анатольевіч.

І словам, і справай

Народны выбраннік Руслан Касыгін прадстаўляе інтарэсы больш за 65 тысяч грамадзян — жыхароў горада Барысава, Барысаўскага і часткі Лагойскага раёнаў.

— У рабоце з людзьмі я выконваю патрабаванні Прэзідэнта аб уважлівым, справядлівым і чулым стаўленні да кожнага чалавека і яго праблем, — дзеліцца парламентарый. — Гэта аснова. Як дэпутат удзельнічаю ў грамадска-палітычных, культурна-масавых мерапрыемствах, сустракаюся з працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў і сельскагаспадарчых арганізацый, устаноў адукацыі і аховы здароўя, не абыходжу бокам дыялогавыя пляцоўкі, круглыя сталы. Ні ад каго не дыстанцыруюся. Раблю ўсё, каб быць побач, выслухаць і пачуць кожнага выбаршчыка.

За 2025-ы і пачатак 2026 года мною быў праведзены 21 прыём грамадзян па асабістых пытаннях, у тым ліку ў 9 сельвыканкамах, а таксама 11 асабістых прыёмаў у Барысаўскім райвыканкаме, адзін — у мікрараёне Печы. Былі прыняты 113 зваротаў, з іх 28 — калектыўных.

За гэты час зроблены 90 запытаў у інстанцыі рознага ўзроўню ў сувязі са зваротамі грамадзян. Шэраг прынцыпова важных для жыхароў Барысаўшчыны праблем, асабліва ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі, падымаўся мною для вырашэння з профільнымі міністэрствамі, на пасяджэннях Барысаўскага раённага і Мінскага абласнога выканаўчых камітэтаў. 

Ва ўзаемадзеянні з органамі выканаўчай улады летась быў устаноўлены прыпыначны павільён «Юзафова», пракладзеная пешаходная дарожка да Рэспубліканскага санаторыя «Бярэзіна», набыты тэхнічныя сродкі навучання для дзіцячага садка ў аграгарадку Мятлічыцы.

Сумесная работа з адпаведнымі міністэрствамі і ведамствамі, службовымі асобамі Мінскага абласнога і Барысаўскага раённага выканаўчага камітэтаў спрыяла рэалізацыі такіх праектаў на тэрыторыі акругі, як будаўніцтва лыжаролернай трасы ў Барысаве, капітальны рамонт паліклінікі № 3 барысаўскай Цэнтральнай раённай бальніцы, адкрыццё абноўленай участковай амбулаторыі ў аграгарадку Лошніца.

Аднаўленне асвятлення, утрыманне дарог і тэрыторый каля дамоў — пытанні жыхароў акругі, якія таксама ўдалося вырашыць. Па рашэнні асобных складаных праблем, якія не ўдалося ліквідаваць адразу, работа абавязкова працягваецца.

Паводле слоў дэпутата, на яго асаблівым кантролі знаходзіцца ўзмацненне электрамагутнасці для забеспячэння жыццядзейнасці грамадзян у сельскай мясцовасці Барысаўскага раёна, пытанне водазабеспячэння вёскі Струпень, падрыхтоўка да святкавання 500-годдзя Зембіна і шэраг іншых хвалюючых пытанняў.

Руслан Касыгін адзначае: асаблівы акцэнт у рабоце ён робіць на прадпрыемствы сельскай гаспадаркі.

— На сустрэчах з кіраўніцтвам і работнікамі АПК Барысаўскага і Лагойскага раёнаў абмяркоўвалася далейшае перспектыўнае развіццё, а таксама праблемныя пытанні і парадак іх вырашэння, — падкрэслівае народны выбраннік. — Я па-ранейшаму буду адстойваць сваю пазіцыю: неабходна аказанне дзейснай дапамогі сельгаспрадпрыемствам па ўдасканаленні матэрыяльнай базы, забеспячэнні камфортнымі ўмовамі працы і адпачынку працаўнікоў сяла, годнага ўзроўню сацыяльна-бытавога абслугоўвання.

Людзей хвалюе мір

Кола пытанняў Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў, відавочна, непасрэдна звязана з абаронай нашай краіны. Па словах Руслана Касыгіна, выбаршчыкі вельмі цікавяцца гэтай найважнейшай тэмай.

— Людзі бачаць, што адбываецца ў свеце і вакол нашай краіны, — дадае парламентарый. — Яны задаюць пытанні падчас нашых сустрэч пра абстаноўку вакол Беларусі, пытаюцца пра выклікі і пагрозы, якія сёння існуюць. Грамадзян хвалюе, як захаваць той спакой, мір, які цяпер ёсць у нашай краіне. Бо людзі разумеюць: без яго рэалізацыя задач у іншых сферах практычна немагчымая. Я шчыра расказваю людзям пра рэальную абстаноўку ў свеце і ступень яе ўплыву на нацыянальную бяспеку Беларусі. Пытанням міру кіраўнік дзяржавы ўдзяляе асаблівую ўвагу — пра гэта гавару пастаянна.

Захаваць падрастаючае пакаленне

Пільную ўвагу ў гэтым кірунку, па словах Руслана Анатольевіча, варта звярнуць на камунікацыі з моладдзю.

— Бяспека дзяржавы ў тым ліку звязана з інфармацыйнай сферай, у якую вельмі пагружана падрастаючае пакаленне. У сетках ідзе барацьба за розумы, сэрцы і душы моладзі. У ходзе сустрэч шмат кажу пра гэта — аб вывучэнні падзей, якія адбываюцца, не з дапамогай ілжывай інфармацыі, а з правераных крыніц. Мы разумеем, што менавіта моладзь знаходзіцца пад прыцэлам тых, хто развязаў супраць нас інфармацыйную вайну. Для нас, дэпутатаў, прынцыпова важна ўключацца ў работу па захаванні розумаў, гісторыка-культурнай, духоўна-маральнай спадчыны нашай Беларусі. Мною за мінулы год і пачатак гэтага было праведзена каля 20 сустрэч з моладдзю.

Усё сваё жыццё Руслан Анатольевіч прысвяціў службе ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь і быў адказны за бяспеку Беларусі і нашага народа.

— Скончыўшы службу, ніякага іншага прызначэння для сябе не бачыў — толькі працягваць працаваць у гэтым кірунку, — прызнаецца ён. — У складзе дэпутацкага корпуса, у складзе Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў, я працую на карысць Радзімы і людзей. Гэта маё прызначэнне.

Дарэчы

Акрамя тэрытарыяльнага прадстаўніцтва, Руслан Касыгін актыўнае працуе па адстойванні і прасоўванні нацыянальных інтарэсаў Беларусі на розных міжнародных пляцоўках. Як старшыня Пастаяннай камісіі па сацыяльна-эканамічных і прававых пытаннях Парламенцкай Асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў рамках мерапрыемстваў, якія праводзяцца, ён адстойвае пазіцыю Беларусі па асноўных аспектах сусветнага парадку дня.

Ва ўмовах сучасных выклікаў і пагроз прапановы Рэспублікі Беларусь па ўдасканаленні механізмаў забеспячэння як рэгіянальнай, так і глабальнай бяспекі, прыняцця адэкватных і папераджальных мер па сумесным забеспячэнні бяспекі дзяржаў — членаў арганізацыі выкарыстоўваюцца ў распрацоўцы мадэльных прававых актаў і рэкамендацый. У сваю чаргу яны становяцца асновай для гарманізацыі заканадаўства краін АДКБ у сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота з асабістага архіва Руслана КАСЫГІНА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю