Top.Mail.Ru

Дэпутат Руслан Шкодзін знаходзіць сустрэчы з выбаршчыкамі надзвычай карыснымі

Самыя каштоўныя, на думку дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад Віцебскай-Чыгуначнай № 19 выбарчай акругі, члена Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Руслана Шкодзіна, тыя звароты, якія накіраваны не на аднаразовае вырашэнне асабістага пытання, а на развіццё краіны шляхам змянення заканадаўства ў той ці іншай галіне.


І работа дэпутатаў Парламента перш-наперш звязана з заканатворчасцю — карэкціроўкай, удакладненнем, прыняццем законаў. Напрыклад, на адзін з нядаўніх прыёмаў да дэпутата прыйшоў спецыяліст, які абгрунтавана, з прадастаўленнем цэлага пакета дакументаў даводзіў, што існуюць падставы для змяненняў у паляўнічай і лясной гаспадарцы. Такія прапановы заслугоўваюць увагі і пільнага разгляду профільнай Пастаяннай камісіяй.

За паўтара года дэпутацкай дзейнасці Руслан Шкодзін зарэгістраваў больш за сотню зваротаў. Ён акцэнтуе ўвагу на тым, што ў выпадку, калі чалавек прыйшоў не з канкрэтным пытаннем, а па большай частцы «выпусціць пару», паэмацыяніраваць — выслухоўвае, але растлумачвае, што трэба разумець сутнасць работы дэпутата. Так, народны выбраннік павінен кіравацца пажаданнямі грамадзян і сваім асабістым вопытам. Але гэта не спецыяліст ва ўсіх галінах, не хадзячая энцыклапедыя, здольная даваць адказы на ўсе пытанні адразу. Не мае ён і распарадчых паўнамоцтваў, маўляў, набраў нумар — і загадаў камусьці зрабіць так, як трэба таму, хто прыйшоў на прыём.

Па-чалавечы дэпутат разумее кожнага, але як асобе пры пасадзе яму трэба паступіць па законе, унікнуць у сутнасць праблемы, пракансультавацца ў дзяржаўных органах, са спецыялістамі і разбірацца ў гэтым пытанні. З улікам абставін кожная сітуацыя патрабуе індывідуальнага падыходу. Руслан Шкодзін прызнаўся, што за сваю практыку ў прыватным парадку звяртаўся ў юрыдычную кансультацыю, каб атрымаць рознабаковыя незалежныя меркаванні.

Але ёсць і звычайныя «хацелкі», даходзіла нават да камічнага: адна група грамадзян прыйшла на прыём, каб рашыць пытанне пэўным чынам, следам прыйшла другая група па тым жа пытанні, але патрабавала палярнага вырашэння праблемы.

У шэрагу выпадкаў перш чым прыйсці да дэпутата, людзі нават не спрабавалі звяртацца ў арганізацыі па кампетэнцыі, знайсці кампраміс з зацікаўленымі бакамі, але спрабуюць перакласці ўрэгуляванне асабістых праблем на «слугу народа». Такая пазіцыя спажывецтва Руслану Шкодзіну не да спадобы, але ён цярпліва ставіцца да ўсіх наведвальнікаў, растлумачвае, як ім трэба дзейнічаць. Калі ж чалавек, як высвятляецца, не змог папярэдне вырашыць сваю праблему без пабочнага ўмяшальніцтва, дэпутат дапамагае: ад яго імя звяртаецца ў распарадчыя органы і профільныя арганізацыі. Як правіла, у 90 % выпадкаў правы грамадзян удаецца адстаяць.

— Ніводны закон не задаволіць абсалютна ўсіх, але ён прыняты з захаваннем інтарэсаў большасці бакоў, існуе — і яго трэба выконваць, — даводзіць субяседнік. — Калі дэпутат пераконваецца, што трэба ўздымаць пытанні аб змяненні заканадаўства і падзаконных актаў, ён накіроўвае адпаведныя прапановы ў профільныя камісіі, міністэрствы, мясцовыя органы ўлады. Па выніках работы ў акругах дэпутаты складаюць справаздачы. Ніводны зварот не застаецца без увагі, усе яны, з усёй краіны, акумулююцца, аналізуюцца. Тыповыя выступаюць лакмусам таго, што сёння хвалюе грамадства, і кладуцца на стол на самым версе для таго, каб выпрацаваць схему зняцця сацыяльнага напружання і задаволіць інтарэсы грамадзян.

Большасць пытанняў, паступіўшых ад выбаршчыкаў акругі Руслана Шкодзіна, датычацца жыллёва-камунальнай сферы. Гэта нядзіўна, бо Чыгуначны раён — адзін з найстарэйшых у Віцебску, з вялікім прыватным сектарам пасляваеннай забудовы і такім жа шматкватэрным жылфондам. Дробных праблем не бывае, і не варта меркаваць, што з імі ў паўсядзённым жыцці не сутыкаюцца дэпутаты. Яны, іх бацькі і дзеці жывуць у тыповых дамах, робяць пакупкі ў бліжэйшых магазінах, ходзяць у звычайныя школы. І калі там ёсць праблемы накшталт таго, што не ў час вывезлі смецце, утварылася лужына, падаражэлі прадукты — раздзяляюць тыя ж нязручнасці. Незадаволенасць абставінамі ўплывае на эмацыянальны стан людзей, калі здаецца, што паўсюдна дрэнна ўсё. Таму кожны дробны недахоп патрабуе ўхілення.

Дэпутату даводзіцца працаваць у цеснай сувязі з гарвыканкамам, адміністрацыяй свайго Чыгуначнага раёна, арганізацыямі, якія яго абслугоўваюць. Яркі прыклад станоўчага ўзаемадзеяння — дапамога ў вырашэнні шэрагу пытанняў, з якімі сутыкнуліся жыхары новага мікрараёна прыватнай забудовы Біцялёва. Ад іх паступіў калектыўны зварот аб адсутнасці тратуараў і каналізацыйных люкаў, аб перабоях у рабоце вулічнага асвятлення і святлафораў, нерэгулярным вывазе смецця і абкошванні тэрыторый агульнага карыстання.

— Я пабываў на прыёме ў старшыні гарвыканкама Аляксея Героева, і ён узяў пытанні на асабісты кантроль, — расказаў Руслан Шкодзін. — Паступова сітуацыя змяняецца да лепшага: уладкаваны пешаходныя дарожкі, наладжана асвятленне, комплексна рашаюцца іншыя праблемы. Пакуль адкрытым застаецца пытанне аб упарадкаванні дзіцячай пляцоўкі, (абсталяванне для якой жыхары, дарэчы, гатовы набыць за свой кошт), а таксама з будаўніцтвам крамы і больш частымі рэйсамі грамадскага транспарту. Але людзі, яшчэ раз прыйшоўшы на прыём, ужо дзякавалі за тое, што на іх звярнулі ўвагу.

Віцябчане добра ведаюць з малых Руслана Шкодзіна — дэпутата Палаты прадстаўнікоў, палкоўніка, былога ваенкама Віцебскай вобласці — як актыўнага інтэрнэт-карыстальніка, які вядзе папулярныя старонкі ў сацсетках. Напрыклад, у TіkTok колькасць яго падпісчыкаў — каля 847 тысяч. У 2020 годзе ён вырашыў дзяліцца на інтэрнэт-пляцоўках сваімі думкамі і назіраннямі, супрацьлеглымі тым, што вяшчалі «змагары», — і імкліва заваяваў аўдыторыю аднадумцаў. Калі градус унутрыпалітычнага напружання знізіўся, блог трансфармаваўся, стаў больш лёгкім, жартаўлівым, але не менш цікавым.

Стаўшы дэпутатам, народны выбраннік зрабіў спробу камунікату праз сваю старонку з выбаршчыкамі, але ад такой задумы адмовіўся, бо яму пісалі не толькі беларусы, але і грамадзяне Расіі, Казахстана, краін Прыбалтыкі. Цяпер Руслан Шкодзін публічна разважае на тэмы падзей, якія ўзрушваюць грамадства і не пакідаюць раўнадушным асабіста яго. Простай мовай, з гумарам і не хаваючы сваіх ацэнак, ён дзеліцца думкамі наконт пацяжэлых для некаторых жыровак, закрыцця граніц, работы заправак, развенчвае інфармацыю, якую абывацелі, не аналізуючы, «глытаюць» з бяздоннага сеціва. Гэта не з’яўляецца яго абавязкам, але такую пазіцыю ён займае як грамадзянін сваёй краіны, чалавек з правам голасу, які павінен быць пачуты. Заслугоўвае павагі.

Святлана ЯКАЎЛЕВА,

фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю