Мінула некалькі тыдняў з пачатку новага навучальнага года. Сёлета ў нашай краіне першага верасня празвінелі школьныя званкі для больш чым 1 мільёна 25 тысяч навучэнцаў, сярод якіх 87,5 тысячы — першакласнікі. За традыцыйным святочным стартам стаіць каласальная сістэмная работа і падтрымка дзяржавы. Для атрымання адукацыі ў Беларусі створаны ўсе неабходныя ўмовы. Аб тым, якую падтрымку атрымалі сем’і да пачатку навучальнага года, карэспандэнту «Звязды» расказала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Святлана СЯНЬКО.
Адрасная дапамога тым, хто мае ў гэтым патрэбу
— Кожны верасень мы адкрываем новую старонку ў развіцці нашай суверэннай дзяржавы, — адзначыла парламентарый. — Таму што якасныя веды, якія дзеці атрымліваюць у школе сёння, — гэта залог незалежнасці, стабільнасці і працвітання Беларусі заўтра. Менавіта таму дзяржава бярэ на сябе велізарную фінансавую і сацыяльную нагрузку, каб забяспечыць роўныя стартавыя магчымасці для ўсіх навучэнцаў.
Сёлета сем’ям традыцыйна была аказана маштабная матэрыяльная дапамога, падкрэсліла дэпутат. Найбольш важкая сістэма мер накіравана на падтрымку шматдзетных сем’яў, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей. На кожнае дзіця-школьніка была выплачана аднаразовая дапамога для набыцця формы, абутку і канцылярскіх прылад. Памер яе склаў 30 % ад бюджэту пражытачнага мінімуму — 159,11 рубля на аднаго школьніка. У выніку дапамогу атрымаў кожны пяты навучэнец краіны, што дазволіла істотна знізіць фінансавую нагрузку на сямейныя бюджэты напярэдадні навучальнага года.
— Дзяржава не пакінула без увагі і тых, хто апынуўся ў няпростай жыццёвай сітуацыі, сутыкнуўся з часовымі цяжкасцямі, — звярнула ўвагу Святлана Сянько. — Сем’ям,
чый сярэднедушавы даход па аб’ектыўных прычынах не дасягнуў крытэрыю патрэбнасці, была прадастаўлена дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога. Выдзялялася яна як у выглядзе штомесячных выплат, так і ў форме аднаразовай сацыяльнай дапамогі. Памеры разлічваліся індывідуальна, зыходзячы з даходу і сітуацыі ў сям’і.
Сабраць дзіця ў школу — агульны клопат
Дадаткам да дзяржаўнай сістэмы падтрымкі выступае сацыяльны пакет па месцы працы бацькоў, дадала дэпутат.
— Прадпрыемствы і прафсаюзныя арганізацыі актыўна ўключыліся ў кампанію па падрыхтоўцы дзяцей да новага навучальнага года, — адзначыла Святлана Сянько. — У многіх арганізацыях адпаведныя нормы і гарантыі прапісаны ў калектыўных дагаворах. Так, наймальнікі выплачвалі матэрыяльную дапамогу бацькам першакласнікаў, кампенсуючы частку расходаў на куплю школьных тавараў.
Важкай дапамогай сталі шматлікія дабрачынныя мерапрыемствы, у якіх актыўна ўдзельнічалі дэпутаты ўсіх узроўняў, працоўныя калектывы, прафсаюзы, грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі. Па ўсёй рэспубліцы прайшлі акцыі «Збяры партфель першакласніку», «Збяры дзіця ў школу», «У школу з добрым сэрцам» і многія іншыя. Дзякуючы гэтым ініцыятывам дапамогу атрымалі шматдзетныя і малазабяспечаныя сям’і.
Падтрымка шматдзетных сем’яў — не толькі купля школьнай формы і прылад, падкрэсліла дэпутат.
— Яна носіць сістэмны характар і працягваецца штодня, — акцэнтавала ўвагу Святлана Сянько. — Заканадаўствам прадугледжаны льготы пры аплаце за карыстанне падручнікамі. Для шматдзетных сем’яў гэтая плата зніжана на 50 %, а шэрагу сацыяльна неабароненых катэгорый дзяцей падручнікі выдаюцца бясплатна.
Яшчэ адзін важны артыкул расходаў — школьнае харчаванне. Для дзяцей са шматдзетных сем’яў, а таксама іншых ільготных катэгорый прадугледжана бясплатнае харчаванне ў школьных сталовых за кошт сродкаў бюджэту. Яго таксама атрымліваюць навучэнцы пачатковых класаў, школьнікі 5–11-х класаў з сельскай мясцовасці, дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, навучэнцы спецыялізаваных спартыўных класаў і тыя, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Гэты комплекс мер наглядна дэманструе, як дзяржава клапоціцца аб дзецях.
Увага дзецям праз асабісты прыклад
Важнай часткай працы па падтрымцы сем’яў з дзецьмі традыцыйна з’яўляецца асабісты ўдзел дэпутатаў, дадала Святлана Сянько.
— У рамках рэспубліканскіх дабрачынных акцый парламентарыі наведваюць шматдзетныя, апякунскія сем’і, сацыяльна-педагагічныя цэнтры, дамы-інтэрнаты, — расказала Святлана Сянько. — Працуючы ў Жыткавіцкай выбарчай акрузе № 39, я далучылася да акцыі «Збяры партфель першакласніку» і ўручыла заплечнікі з усімі неабходнымі школьнымі прыладамі першакласнікам з трох шматдзетных сем’яў — з Петрыкава, аграгарадка Баравое Лельчыцкага раёна і аграгарадка Кольна Жыткавіцкага раёна.
Асаблівае значэнне для мяне мае ўдзел ва ўрачыстых лінейках у Дзень ведаў і правядзенне першага тэматычнага ўрока «Сёння веды — сіла і росквіт Беларусі заўтра». Выступаючы перад навучэнцамі дзясятага класа сярэдняй школы № 2 горада Петрыкава сёлета, нагадала ім, што ад стараннасці ў школе залежыць тое, якімі прафесіяналамі яны стануць
у будучыні. Гаварылі пра самае галоўнае — дасягненні нашай незалежнай краіны, патрыятызм і асабістую адказнасць за будучыню Радзімы. Сённяшнія школьнікі заўтра ўзначаляць айчынныя прадпрыемствы, здзейсняць навуковыя адкрыцці, будуць вучыць, лячыць і абараняць краіну. Акружаючы іх дзяржаўным клопатам, перадаючы ім жыццёвы вопыт і правільныя каштоўнасныя арыенціры, мы закладваем падмурак нацыянальнай бяспекі і ўпэўненага развіцця Беларусі на дзесяцігоддзі наперад.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ