Top.Mail.Ru

Дэпутат Віктар Пляскач расказаў аб сваім падыходзе ў рабоце з людзьмі

Устойлівасць на мясцовым узроўні.


Ваўкавыская акруга № 48 налічвае больш за 55 тысяч выбаршчыкаў. І, як адзначае член Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Віктар Пляскач, гэта вялікая адказнасць — прадстаўляць інтарэсы грамадзян.
— Да работы дэпутата я стаўлюся вельмі адказна. Упэўнены, што дабрабыт народа павінен быць у прыярытэце. Ведаю праблемы жыхароў нашага рэгіёна. Аднак яшчэ падчас сваёй выбарчай кампаніі на ўсіх агітацыйных сустрэчах адразу абазначыў, што я не чараўнік і не абяцаю імгненна пабудаваць бальніцу ці дарогу, умомант вырашыць нейкую комплексную праблему. Мая задача — унікаць у гэтыя сацыяльныя, эканамічныя і культурныя пытанні, садзейнічаць вырашэнню, даносіць іх да выканаўчай улады, якая распараджаецца фінансамі і мае пэўныя планы.
Такая пазіцыя была добра ўспрынятая выбаршчыкамі. Яны адзначаюць, што не хочуць пустых абяцанняў, ім важна дакладна разумець, што рэальна зрабіць па тым ці іншым пытанні. А каб ведаць, чым дэпутат можа дапамагчы, Віктар Пляскач рэгулярна праводзіць прыёмы грамадзян ва ўсіх сельсаветах акругі, не толькі на базе райвыканкама.
— На дадзены момант я пабываў амаль ва ўсіх сельсаветах Ваўкавыскага раёна, а таксама ў частцы Свіслацкага раёна ў межах Ханевіцкага сельсавета. Вельмі радуе, што людзі прыходзяць. Важна падтрымліваць гэту сувязь. Звяртаюцца з самых розных нагод. Напрыклад, адзін са зваротаў. Дзевяностагадовай жанчыне патрэбна была інвалідная каляска, прычым тэрмінова. Дапамог знайсці чалавека, які пагадзіўся даць каляску на бязвыплатнай аснове. Пытанне вырашылася за два дні. У нас у краіне чуллівыя людзі, проста часам трэба дапамагчы ім знайсці адно аднаго.
  • Масткі цераз рэчку Рось — яшчэ адно праблемнае пытанне, якое хвалявала жыхароў акругі № 48. Атрымалася так, што яны ні на чыім балансе не ўтрымліваліся, было не зразумела, хто павінен прыводзіць іх у парадак.
— Вядома, я не мог не адгукнуцца. Масткі адрамантавалі, зрабілі парэнчы. Цяпер па іх бяспечна і камфортна хадзіць. Сёння Ваўкавыскі раён нагадвае адну вялікую будоўлю. Тут пройдуць абласныя Дажынкі, і пасля іх правядзення работа не спыніцца. Я трымаю цесную сувязь з кіраўніцтвам райвыканкама, у курсе, што і дзе будзе будавацца, прыводзіцца ў парадак, і з радасцю адказваю на запыты грамадзян. Часта людзі звяртаюцца па медыцынскіх пытаннях, напрыклад наконт шпіталізацыі або лячэння. Звяртаюцца з гаспадарчымі праблемамі. Вось прыходзілі жыхары, якія хочуць правесці інжынерныя камунікацыі. Растлумачыў, куды варта звярнуцца спачатку, да каго запісацца на прыём. Часам людзі проста не ведаюць, хто ім можа дапамагчы.
Віктар Пляскач нагадвае сваім выбаршчыкам, што грамадзяне могуць уплываць на рашэнні, якія прымаюцца ў дзяржаве: напрыклад, удзельнічаць у грамадскіх абмеркаваннях тых ці іншых законапраектаў, уносіць свае прапановы. Пра гэта дэпутат гаворыць і з моладдзю, якую важна падключаць да ўнутранай палітыкі. Практыка паказвае, што маладыя людзі зацікаўлены ў гэтай тэме.
— У нас класная моладзь, якая задае цікавыя пытанні, і мне вельмі падабаецца з ёй сустракацца. Заўсёды застаюцца падставы для разважання. Нярэдка мяне пытаюць, а як стаць дэпутатам. Першы раз, калі спыталі пра гэта, не адразу знайшоў, што адказаць. Але потым зразумеў: для гэтага трэба быць неабыякавым чалавекам і актыўным грамадзянінам. Я таксама вучыўся ў школе, потым служыў, атрымліваў вышэйшую адукацыю, працаваў. Але заўсёды стараўся зрабіць свой унёсак у развіццё дзяржавы. Трэба дзейнічаць!.. Я ў сваю чаргу таксама задаю пытанні. Толькі падчас дыялогу можна нешта даведацца, аб нечым дамовіцца, вырашыць праблему.
Адна з апошніх сустрэч з моладдзю адбылася ў Ваўкавыскай раённай бібліятэцы. Цэнтральнай тэмай стала Вялікая Айчынная вайна. Сустрэча прайшла эмацыянальна, моладзь жыва рэагавала, задавала пытанні.
— Вядома, праходзяць сустрэчы ў калектывах, на прадпрыемствах. І ні ў якім разе нельга быць абыякавым, адказваць суха. З людзьмі трэба ўступаць у дыялог, ставіцца да іх праблем, як да асабістых. Работа для птушачкі заўсёды адчуваецца. А гэта спараджае недавер.
Як падкрэслівае Віктар Пляскач, у сучасным свеце асаблівае значэнне набывае ўстойлівасць менавіта на мясцовым узроўні. У Ваўкавыскім раёне грамадска-палітычная сітуацыя характарызуецца такімі якасцямі, як спакой, стабільнасць і ўзаемаразуменне паміж жыхарамі і органамі ўлады. Адсутнасць канфліктаў і напружанасці ствараюць спрыяльныя ўмовы для паўсядзённай працы і развіцця сацыяльнай сферы. Мясцовыя ўлады ўдзяляюць вялікую ўвагу падтрыманню правапарадку для камфортнага жыцця ўсіх катэгорый насельніцтва.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ.

Фота з архіва дэпутата.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю