Top.Mail.Ru

Дэпутаты абмеркавалі асобныя палажэнні праекта Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння правоў дзяцей»

Законапраект ужо разгледжаны дэпутатамі ў першым чытанні, аднак шэраг новаўвядзенняў патрабуе сур’ёзнага ўдасканалення, каб на практыцы ні ў педагагічнай супольнасці, ні ў дзяцей і іх бацькоў не ўзнікала ні пытанняў, а тым больш праблем. Якія заканадаўчыя крокі яшчэ неабходна зрабіць, каб абараніць дзяцей ад псіхалагічнага і фізічнага ўздзеяння, абмеркавалі падчас рабочай нарады з удзелам парламентарыяў, прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, іншых зацікаўленых органаў.


Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка праінфармаваў аб канцэптуальна новых палажэннях, прадугледжаных законапраектам. «Пазбаўленне права займацца педагагічнай дзейнасцю асоб, якія ўчынілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці і злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, — канкрэтызаваў ён. — Устанаўленне абавязку бацькоў забяспечваць абарону дзяцей ад інфармацыі, якая прычыняе шкоду іх здароўю і развіццю, у тым ліку праз кантроль за выкарыстаннем дзецьмі рэсурсаў глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт і прымянення праграмна-апаратных, праграмных сродкаў, якія дазваляюць не дапусціць распаўсюджвання сярод дзяцей такой інфармацыі».

Акрамя таго, па словах спікера, прапануецца аднясенне да інфармацыйнай прадукцыі цацак, якія з’яўляюцца адлюстраваннем герояў камп’ютарных гульняў і фільмаў, для прысваення ім знака ўзроставай катэгорыі. Прадугледжана замацаванне прававых гарантый забеспячэння дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, медыцынскімі вырабамі (вырабамі медыцынскага прызначэння, медыцынскай тэхнікай), у тым ліку акулярамі.

Падрабязна падчас нарады разгледзелі прапановы, што датычацца парадку правядзення псіхалагічнага сумоўя грамадзян, якія прэтэндуюць на ажыццяўленне педагагічнай дзейнасці. Менавіта гэта палажэнне законапраекта, як акцэнтаваў увагу Ігар Сергяенка, выклікала найбольш жывую цікавасць і ў дэпутацкім корпусе ў ходзе разгляду на першым пасяджэнні, і сярод педагагічнай грамадскасці. Пры гэтым спікер заўважыў, што педагогі яшчэ недастаткова пасвечаны ў гэту тэму. 

«Пры прадстаўленні праекта ў Авальнай зале Андрэй Іванавіч (Іванец, міністр адукацыі. — „Зв“.) асабліва адзначыў, што законапраект накіраваны на дадатковую абарону дзяцей ад магчымых злачынных замахаў, — нагадаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — У першую чаргу, з дапамогай замацавання абавязку праходжання асобамі, якія прэтэндуюць на занятак педагагічнай дзейнасці, псіхалагічнага сумоўя ў парадку, які будзе вызначаны ўрадам. Безумоўна, праект прымаўся з разуменнем таго, што да другога чытання ён будзе дапрацаваны, перш за ўсё ў частцы замацавання дакладнага, зразумелага ўсім парадку правядзення псіхалагічнай гутаркі. Меркавалася вызначыць кола асоб, якія падлягаюць сумоўю, перыядычнасць праходжання такога сумоўя, а таксама ўстанавіць магчымасць абскарджання яе вынікаў».

Ігар Сергяенка адзначыў, што ў працэсе работы над законапраектам, у тым ліку ў ходзе пасяджэння рабочай групы, дэпутаты не змаглі атрымаць адказы на пастаўленыя пытанні. «Пры гэтым мы бачым, што нашы калегі з улікам меркаванняў педагогаў на месцах занепакоены тым, што ўвядзенне псіхалагічнага сумоўя не прынясе чаканага выніку, не дазволіць выявіць на ранняй стадыі патэнцыйных асоб, схільных да здзяйснення злачынных дзеянняў, — патлумачыў спікер. — З іншага боку, можа выклікаць пэўную напружанасць сярод работнікаў сферы адукацыі. Таму нам трэба абавязкова вызначыць падыход: як неабходна адлюстраваць у законапраекце і ці будзе эфект ад новаўвядзення, якое прапаноўваецца. Сумеснымі намаганнямі мы павінны выпрацаваць такі прававы парадак, які дазволіць стварыць дадатковыя бар’еры па абароне непаўналетніх ад супрацьпраўных замахаў і пры гэтым захаваць здаровую абстаноўку ў калектывах».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА


У тэму 

Старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Валерый Малашка:

— Мы актыўна працуем і ў выбарчых акругах, і ў камісіях, вывучаючы тыя нормы, якія закладзены ў праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння правоў дзяцей». Вельмі важна, што яны з’яўляюцца адказам на тыя выклікі сённяшняга дня, якія і бацькі, і дзеці, і педагогі адчуваюць у нашым адкрытым грамадстве. Гэта цэлы шэраг негатыўных з’яў, якія ўплываюць на псіхіку дзіцяці. На жаль, не заўсёды мы можам даступнымі мерамі абмежаваць іх уздзеянне на нашых дзяцей. У прыватнасці, гэта тыя цацкі, якія з’яўляюцца чужымі выявамі для нашых дзяцей, парушаюць псіхіку, выбудоўваюць зусім іншыя адносіны нават унутры сям’і, дзіцячых калектывах. Гэта і камп’ютарныя гульні, і ў цэлым сусветная сетка інтэрнэт, якая мае патрэбу ў кантролі не толькі педагагічным, але і заканадаўчым тлумачэнні. Закон у дадзенай сітуацыі абавязвае бацькоў кантраляваць, наколькі далёка дзіця зайшло. Прыгожыя абгорткі і іншае заводзяць дзяцей у такія тупікі, з якіх ім складана выбірацца адным, часам гэта носіць радыкальнае ўздзеянне на псіхіку дзіцяці.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю