Стратэгіяй наступнай пяцігодкі па-ранейшаму застаюцца моцныя рэгіёны. А гэта даступныя для ўсіх, незалежна ад месца пражывання, медыцына, гандаль, іншыя паслугі. Кіраўнік дзяржавы нядаўна крытычна ацаніў абстаноўку на перыферыі, адзначыўшы, што не заўсёды ў той жа сельскай краме належны асартымент, а ў маланаселеных пунктах наогул жыхары залежаць ад напаўнення аўтакрамы. Ёсць недапрацоўкі і па медыцынскім абслугоўванні, у прыватнасці што датычыцца ФАПаў. Кіраўнік краіны даручыў да 1 студзеня наступнага года зрабіць усё для таго, каб людзі не скардзіліся на тое, што яны на месцы не могуць чагосьці купіць або атрымаць тыя ці іншыя медыцынскія паслугі. І дэпутаты актыўна падключыліся да гэтай тэмы.
У Магілёве стрэлкі на гадзінніках звяралі старшыні мясцовых Саветаў дэпутатаў абласнога, базавага і пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўняў Магілёўскай, Віцебскай і Гомельскай абласцей сумесна з кіраўніцтвам беларускага парламента і прадстаўнікамі міністэрстваў і ведамстваў. Па даручэнні Прэзідэнта дэпутаты з 2020 года рэгулярна манітораць абстаноўку і добра ведаюць, з якімі праблемамі сутыкаюцца жыхары. Іх вопыт і веды могуць быць вельмі карыснымі для ўдасканалення работы па гэтых кірунках. Дэпутаты актыўна ўдзельнічаюць у вырашэнні існых праблем. А каб больш эфектыўна дзейнічаць, звяраюць гадзіннікі і дзеляцца сваім вопытам паміж сабой і з профільнымі міністэрствамі і ведамствамі. У чэрвені падобная сустрэча гродзенскіх і брэсцкіх дэпутатаў з удзелам Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай адбылася ў Зэльве. Цяпер месцам сустрэчы стаў Магілёў.
- Актуальная праблема для сферы гандлю і для сферы аховы здароўя — недахоп кадраў на сяле. Напрыклад, старшыня Слаўгарадскага райсавета Святлана Язерская звярнула ўвагу на тое, што з дзевяці ФАПаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна, шэсць не ўкамплектаваныя фельчарамі. Замест гэтых спецыялістаў у раён былі накіраваны медсёстры, але яны не маюць права займаць пасады фельчараў. У выніку вакансіі як былі, так і засталіся. Дэпутаты прапанавалі ўрэгуляваць пытанне з мэтавікамі. Выпускнікі школ у раёнах бяруць мэтавыя накіраванні ў абласных цэнтрах або Мінску і адпрацоўваюць там. Яшчэ гучала прапанова павялічыць тэрмін абавязковай адпрацоўкі на месцах, каб кадры затрымліваліся.
Крытычна выказалася ў бок медыцынскага абслугоўвання старшыня Семукацкага сельсавета Тамара Укружская, якая сутыкнулася са складанасцямі па пазбаўленні ад невуса. Працэдура гэта платная, але ў звычайнай бальніцы — чарга, а паслугі прыватніка ў разы даражэйшыя. Не кожны сабе можа дазволіць. Але нават пры такіх умовах вырашэнне праблемы зацягнулася.
Дэпутаты з Гомельшчыны гаварылі пра тое, што нярэдка ФАПы знаходзяцца на вялікай аддаленасці ад амбулаторый і паліклінік, наракалі на адсутнасць транспарту для мабільнага абслугоўвання насельніцтва.
І гэта ўсё на фоне таго, што ствараюцца буйныя міжраённыя медыцынскія цэнтры, якія аснашчаюцца самым сучасным дыягнастычным абсталяваннем.
Ішла размова і пра тое, што ў абласных гарадах і Мінску ўсё больш адкрываецца платных медыцынскіх цэнтраў і кабінетаў. Магчыма, яны маглі б узяць на сябе ў якасці сацыяльнай нагрузкі клопат і пра вясковых жыхароў? Тыя ж гандлёвыя сеткі не вельмі актыўна, але ўсё ж такі асвойваюць перыферыйныя тэрыторыі. Было б добра, калі б па такім прынцыпе працавалі і платныя мед-установы.
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава адзначыла, што такія сумесныя сустрэчы дэпутатаў з прадстаўнікамі міністэрстваў і ведамстваў праходзяць вельмі плённа. Дэпутаты маюць магчымасць наўпрост задаваць пытанні службовым асобам, якія рэгулююць працэсы ў адпаведных сферах. Гэта дазваляе народным выбраннікам больш аператыўна вырашаць пытанні, якія ўзнікаюць у людзей.
— Прымаць правільныя рашэнні можна толькі тады, калі яны ідуць ад жыцця, — удакладніла яна. — Прэзідэнт выразна ставіць перад намі задачу, якую павінны вырашаць усе: дэпутаты, выканаўчая ўлада, органы грамадскага самакіравання і гэтак далей. Тое, што хвалюе нашых людзей, павінна знайсці адлюстраванне ў заканадаўчых і
нарматыўна-прававых актах. Прэзідэнт невыпадкова акцэнтаваў увагу на жыхарах сельскай мясцовасці, калі праводзіў нараду па праблемных пытаннях у гандлёвай галіне. Наступная пяцігодка, як і папярэдняя, будзе праходзіць пад знакам «Моцныя рэгіёны». Гэта пазіцыя застаецца прыярытэтнай. Людзі, якія жывуць у маленькіх населеных пунктах, павінны мець магчымасць атрымаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу, набываць любыя тавары ў гандлёвых аб’ектах. І аб’екты гэтыя трэба захаваць. Нельга іх закрываць, не прааналізаваўшы спачатку абстаноўку.
Прыёмы па асабістых пытаннях, прамыя тэлефонныя лініі, сустрэчы ў працоўных калектывах — дэпутаты робяць усё для таго, каб валодаць сітуацыяй.
Старшыня Магілёўскага аблсавета, член Савета Рэспублікі Аляксандр Гарошкін лічыць такія сустрэчы вельмі карыснымі, бо на іх вырашаюцца важныя пытанні для насельніцтва.
— Ужо той факт, што нават дэпутаты базавага ўзроўню маглі задаць пытанне прадстаўнікам рэспубліканскіх органаў кіравання, пра многае гаворыць, — кажа ён. — Перакананы, што вынікі на месцах у гэтым выпадку будуць дасягнутыя нашмат хутчэй.
Вядома, пытанні ў сферы гандлю ёсць, але гэта больш звязана з чалавечым фактарам, напрыклад нешта там не паспелі давезці. Дэпутаты самі жывуць на гэтых тэрыторыях, абслугоўваюцца ў такіх жа крамах і паліклініках і добра ведаюць абстаноўку. Праблемы працэнтаў на 60 здымаюцца яшчэ на ўзроўні раёнаў. Астатнія бярэ на сябе вобласць. А тыя, якія вырашыць сваімі сіламі нельга, мая задача як сенатара давесці да Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў, каб разгледзець іх на заканадаўчым узроўні.
Нэлі ЗІГУЛЯ