У аўторак, 20 студзеня, пад кіраўніцтвам Юрыя Наркевіча адбылося пашыранае выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў. У цэнтры ўвагі — вывучэнне практыкі прымянення заканадаўства ў галіне пітнога водазабеспячэння і водаадвядзення ў рамках падрыхтоўкі праекта закона Рэспублікі Беларусь «Аб пітным водазабеспячэнні і водаадвядзенні».
Перад пачаткам пасяджэння ўдзельнікі наведалі водазабор са станцыяй абезжалезвання і ачышчальныя збудаванні гаспадарча-бытавых сцёкавых вод у Заслаўі, азнаёміліся з тэхналагічным працэсам ачысткі сцёкавых вод, наведалі лабараторыю кантролю сцёкавых вод.
Падчас адкрыцця пасяджэння старшыня Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў Юрый Наркевіч звярнуў увагу, што тэма пашыранага пасяджэння закранае інтарэсы большасці грамадзян нашай краіны: «Забеспячэнне насельніцтва бяспечнай пітной вадой і цэнтралізаванымі сістэмамі водаадвядзення — гэта найважнейшы кампанент нацыянальнай бяспекі і сацыяльнай стабільнасці, гэта інвестыцыі ў здароўе нацыі, стабільную эканоміку і паспяховую будучыню. Таму ўжо цяпер важна прымаць рашэнні на перспектыву, у тым ліку на заканадаўчым узроўні», — адзначыў парламентарый.
Юрый Наркевіч дадаў, што водазабеспячэнне — тая тэма, якая датычыцца кожнага чалавека. «Вядома, хацелася б, каб закон пайшоў на карысць нашай краіны, на карысць нашым людзям. Шмат увагі ў законе надаецца якасці пітной вады. Упершыню мы закранулі тэму водаадвядзення, таму што ад гэтага залежыць наша экалогія. Выразна расстаўленыя будуць прыярытэты па ролі такіх дзяржаўных органаў, як Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Будзе таксама вызначана роля мясцовых органаў улады. Сітуацыі бываюць розныя. Напрыклад, калі здараюцца перабоі з вадой. Кожны павінен дакладна разумець, як дзейнічаць у гэтай сітуацыі», — адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў.
У ходзе мерапрыемства былі абмеркаваны навацыі ў заканадаўстве, якія закранаюць якасць і своечасовасць аказаных насельніцтву паслуг, у тым ліку забеспячэнне насельніцтва бяспечнай пітной вадой, а таксама забеспячэнне надзейнай работы водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі. Усе прапановы, крытычныя заўвагі, пажаданні, выказаныя ў ходзе пашыранага выязнога пасяджэння, былі пачутыя распрацоўшчыкам і пры неабходнасці знойдуць сваё практычнае ўвасабленне. Удзельнікі пасяджэння падтрымалі падыходы, прапанаваныя праектам закона Рэспублікі Беларусь «Аб пітным водазабеспячэнні і водаадвядзенні», які ў цяперашні час рыхтуецца для разгляду ў другім чытанні.
Даслоўна
Першы намеснік старшыні Мінскага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Жук падзякаваў членам Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў за выбар рабочай пляцоўкі пашыранага пасяджэння. «Спадзяюся, тое, што мы сёння абмеркавалі, пойдзе на карысць канчатковаму спажыўцу — нашым людзям», — падкрэсліў Мікалай Жук.
Яна ВАЛАСАЧ.