Пытанне справядлівага цэнаўтварэння знаходзіцца на пастаянным кантролі ў беларускага лідара. Яно і зразумела: бо менавіта на цэны ў першую чаргу звяртаюць увагу людзі, прыходзячы ў краму ці на рынак. І мы ўжо прывыклі, што на прылаўках прадстаўлены шырокі асартымент, і што асабліва радуе — кошты не кусаюцца. І ў гэтым заслуга той жорсткай палітыкі, якую праводзіць кіраўнік дзяржавы. «Паўтараю тым, хто не разумее: людзі ядуць прадукты, а не статыстыку. Таму кантроль за цэнамі павінен быць жорсткім, а іх фарміраванне — справядлівым», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 17 лютага справаздачу ўрада за 2025 год.
Для кантролю гэтага пытання дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, працуючы ў сваіх выбарчых акругах, акрамя правядзення прыёмаў грамадзян і прамых тэлефонных ліній наведваюць і гандлёвыя аб’екты. Мэта маніторынгавых мерапрыемстваў простая — не дапусціць неабгрунтаванага росту цэн. Карэспандэнт «Звязды» даведаўся, як гэта працуе на практыцы.
Так, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Вячорка (Столінская акруга № 16) правёў маніторынг гандлёвых аб’ектаў сістэмы «Белкаапсаюза» і прыватнай формы ўласнасці, якія рэалізуюць прадукцыю нехарчовай групы тавараў.
— Прадукцыя айчынных вытворцаў годна прадстаўлена на пляцоўках «Белкаапсаюза», а таксама прысутнічае ў прыватных крамах. Пакупнікі адзначаюць яе даступнасць і якасць.
Член Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Аксана Ільковіч (Салігорская сельская акруга № 69) наведала СТАА «Белвест», азнаёмілася з асартыментам і правяла маніторынг цэн.
— У ходзе гутаркі з кіраўніком гэтага гандлёвага аб’екта я пачула слушныя прапановы па працы індывідуальных прадпрымальнікаў, якія рэалізуюць тавары беларускіх брэндаў лёгкай прамысловасці, асабліва ў сельскай мясцовасці. Размова ішла аб мерах падтрымкі мясцовага бізнесу і стварэння больш камфортных умоў для продажу айчыннай прадукцыі.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Дзяніс Карась (Наваполацкая акруга № 24) наведаў крамы «Калінка», «Дзіцячы свет» і «Беліта-Вітэкс».
— Падтрымка айчыннага вытворцы істотна ўмацоўвае эканоміку краіны. Тавары айчыннай вытворчасці запатрабаваныя і складаюць годную канкурэнцыю імпартным вырабам.
Член Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Ала Навуменка пабывала ў шэрагу магазінаў сваёй Палескай акругі № 43.
— Купля беларускіх брэндаў — гэта выбар на карысць якасці і даверу. У цэнтры маёй увагі была беларуская прадукцыя ў рознічным гандлі. І па выніках маніторынгу магазінаў прамысловай групы тавараў і прадуктовых магазінаў у акрузе адзначу: наша прадукцыя застаецца прыярытэтнай у пакупнікоў.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па экалогіі і прыродакарыстанні Палаты прадстаўнікоў Алег Цылько (Рэчыцкая акруга № 44) прыехаў у краму «Дзіцячы свет».
— Гэта найбуйнейшы лічбавы рытэйлер на рынку дзіцячых тавараў у Расіі і Казахстане. У асартыменце прадстаўлена ад 20 да 30 тысяч найменняў тавараў, якія ахопліваюць усе сферы жыцця дзіцяці. Важна адзначыць, што «Дзіцячы свет» не абмяжоўваецца толькі расійскай прадукцыяй. Гандлёвая сетка актыўна супрацоўнічае з беларускімі вытворцамі, прапаноўваючы пакупнікам высакаякасныя дзіцячыя тавары мясцовай вытворчасці. Такі падыход не толькі падтрымлівае айчынных вытворцаў, але і дае беларускім сем’ям магчымасць набываць функцыянальныя і бяспечныя тавары, створаныя з улікам мясцовых стандартаў і пераваг.
Працу магазінаў «Дзіцячы свет» у сваёй Маладзечанскай гарадской акрузе № 72 прааналізаваў і член Пастаяннай камісіі па экалогіі і прыродакарыстанні Палаты прадстаўнікоў Дзяніс Ушацкі.
— Такія крамы для нашых сем’яў — не проста пункты продажу цацак і адзення. Гэта астраўкі стабільнасці, дзе бацькі дакладна ведаюць, што знойдуць усё для сваіх дзяцей. Наведваючы гэтыя крамы, я бачу, наколькі яны важныя для людзей: тут вырашаюцца штодзённыя надзённыя пытанні: ад куплі школьнай формы да падарунка для дзіцяці.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Ігар Шалудзін (Смаргонская акруга № 59) ацаніў гандлёвае абслугоўванне ў Міхалішкаўскім сельсавеце.
— Маніторынг паказаў, што ў сельсавеце створана эфектыўная і здаровая канкурэнцыя: тут паспяхова працуюць як дзяржаўныя, так і прыватныя крамы, а для жыхароў самых аддаленых вёсак без збояў арганізаваны выязны гандаль.
Вывучэнне сітуацыі на месцах працягваецца.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Палаты прадстаўнікоў