Дзейнасць КДК, чыгункі і прафілактыка правапарушэнняў
Пасяджэнне чарговай трэцяй сесіі адбылося пад кіраўніцтвам Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі. Народныя выбраннікі прынялі шэраг законапраектаў, якія датычацца самых розных кірункаў жыццядзейнасці.

Так, у другім чытанні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі праект закона «Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю». Прадстаўляючы законапраект, член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Андрэй Крупенькін падрабязна спыніўся на яго ключавых навацыях. Так, замацоўваюцца новыя прынцыпы дзейнасці органаў КДК: «Гэта прынцып незалежнасці ад дзейнасці іншых дзяржаўных органаў, палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, іншых арганізацый і службовых асоб, а таксама прынцып прафілактыкі правапарушэнняў у эканамічнай сферы».

КДК надзяляецца новымі функцыямі. Сярод іх — кантроль у дачыненні да Банка развіцця, а таксама кантроль за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза і Еўразійскага эканамічнага саюза. Акрамя таго, замацоўваюцца новыя паўнамоцтвы камітэта і яго тэрытарыяльных органаў.
Парламентарыі ў першым чытанні прынялі праект закона «Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь». Прадметам прававога рэгулявання законапраекта з’яўляюцца грамадскія адносіны, звязаныя са змяненнем падпарадкаванасці ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. У размове з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Валянцін Семяняка растлумачыў: «У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў ажыццяўляе функцыі органа дзяржаўнага кіравання і падпарадкоўваецца Савету Міністраў. Згодна са змяненнямі, якія ўносяцца ў Закон „Аб Савеце Міністраў“, прапануецца выключыць артыкул 26, які рэгулюе работу ўпаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў. Унясенне змяненняў дазволіць ажыццяўляць гэтыя функцыі і падпарадкоўвацца непасрэдна кіраўніку нашай дзяржавы».

У другім чытанні быў прыняў праект закона «Аб змяненні законаў па пытаннях чыгуначнага транспарту». У размове з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Юрый Панфілаў нагадаў, што Закон «Аб чыгуначным транспарце» быў прыняты аж у 1999 годзе. Некаторыя палажэнні законапраекта ўстарэлі, іншыя насілі агульны характар, таму праект закона меў патрэбу ў перапрацоўцы і актуалізацыі.
Юрый Панфілаў спыніўся на забеспячэнні бяспекі аб’ектаў чыгуначнага транспарту і пры перавозцы грузаў: «Ключавы момант — перадача функцый ад ваенізаванай аховы Беларускай чыгункі да Дэпартамента аховы МУС. Пытанне абмяркоўвалася досыць доўга. У выніку былі выпрацаваны пераходныя палажэнні для таго, каб забяспечыць плаўнасць пераходу, бясшвовасць перадачы функцый».
Акрамя таго, законапраектам замацоўваюцца паўнамоцтвы ўрада на ўстанаўленне выпадкаў і парадку закрыцця малаінтэнсіўных чыгуначных ліній (участкаў), а таксама аднаўлення па іх руху. «Калі населены пункт звязаны толькі адной лініяй зносін, то яе закрыццё стане катастрофай для населенага пункта. І закрыццё гэтых малаінтэнсіўных шляхоў зносін будзе адбывацца выключна ў парадку і ўмовах, вызначаных урадам», — патлумачыў Юрый Панфілаў.
Народныя выбраннікі ў другім чытанні прынялі праект закона «Аб змяненні законаў па пытаннях прававой аховы аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці». Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Вячаслаў Даніловіч у размове з журналістамі адзначыў, што законапраектам прадугледжана скарачэнне тэрмінаў праходжання адміністрацыйных працэдур, звязаных з атрыманнем патэнтаў на тое ці іншае вынаходніцтва, — ад 30 да 50 %. Гэта важна для таго, каб тыя вынаходкі, якія ў нас атрымліваюць патэнты, маглі як мага хутчэй уваходзіць у грамадзянскі абарот.

«Адзначу, што механізм прымусовай ліцэнзіі для нашага заканадаўства не патрэбны. Тут няма ніякіх парушэнняў нашага заканадаўства, міжнароднай практыкі. У нас ён ужываецца ў сферы патэнтнага права, мы проста пашыраем сферу яго прымянення такім чынам», — растлумачыў парламентарый. У выніку прыняцця законапраекта будзе забяспечана поўнае і сістэмнае прававое рэгуляванне грамадскіх адносін, звязаных з прававой аховай аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці.
У другім чытанні прынялі законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях прафілактыкі правапарушэнняў». У размове з журналістамі член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Ігар Пашкоў адзначыў, што змяненні маюць на ўвазе пашырэнне пераліку асоб, якія падлягаюць прафілактычнаму ўліку, — за кошт асоб, якія спынілі знаходжанне ў лячэбна-працоўных прафілакторыях, і асоб, асуджаных да штрафу, а таксама змяненне падстаў для ажыццяўлення і спынення прафілактычнага ўліку ў дачыненні да грамадзян, якія ўчынілі хатні гвалт. «Дакументам прадугледжваецца пастаноўка на ўлік такіх грамадзян, якія здзейснілі правапарушэнне ў сферы сямейна-бытавых адносін двойчы на працягу года, незалежна ад таго, прыцягнутыя яны да адміністрацыйнай адказнасці або прымірыліся з пацярпелым, — паведаміў парламентарый. — Акрамя таго, мяняюцца падставы для датэрміновага спынення прафілактычнага ўліку ў дачыненні да сямейных скандалістаў».
Пры гэтым абавязковым для такіх асоб з’яўляецца працаўладкаванне і занятасць на працягу шасці месяцаў з моманту пастаноўкі на ўлік, праходжанне карэкцыйнай праграмы і лячэння ад наркаманіі, алкагалізму. За невыкананне пералічаных патрабаванняў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу, грамадскіх работ альбо адміністрацыйнага арышту. Ігар Пашкоў падкрэсліў, што дакументам таксама карэктуюцца ўмовы правядзення прафілактычнай работы з боку дзяржаўных органаў.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА