Нагадаем, па распараджэнні Прэзідэнта створана рабочая група па дапрацоўцы гэтага найважнейшага дакумента, які вызначыць прыярытэты нашай краіны на будучую пяцігодку. У яе склад увайшлі дэлегаты Усебеларускага народнага сходу, дзеючыя і былыя кіраўнікі органаў дзяржаўнай улады, арганізацый рэальнага сектара эканомікі, навуковых і грамадскіх арганізацый. Кіраўніком рабочай групы прызначаны старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка.
Рабочай групе сумесна з урадам даручана дапрацаваць праект праграмы. Да 1 лістапада работа над дакументам павінна быць завершана, аб яе выніках будзе праінфармаваны кіраўнік дзяржавы. У далейшым праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026 — 2030 гады ўпершыню будзе вынесены на разгляд дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу.
У цяперашні час вядзецца інтэнсіўная работа па дапрацоўцы, напаўненні дакумента. У гэтым працэсе без перабольшання задзейнічаны найлепшыя інтэлектуальныя сілы краіны. Сярод іх — дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Будучы ў цесным кантакце з людзьмі, народныя выбраннікі трансліруюць грамадскую думку, што дазваляе выявіць магчымыя слабыя месцы ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, падказаць разумныя механізмы выканання пастаўленых задач і дасягнення мэт.
«Людзі ведаюць, што Прэзідэнт даручыў дапрацаваць праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026 — 2030 гады, а таму праз сваіх прадстаўнікоў, дэпутатаў у выбарчых акругах, агучваюць пытанні, якія, па іх меркаванні, павінны быць адлюстраваны ў гэтым дакуменце, — звяртае ўвагу старшыня Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Віктар НІКАЛАЙКІН. — Вельмі важна, каб праграма адлюстроўвала чаканні людзей, адпавядала асновам сацыяльнай дзяржавы. А для таго, каб мець сацыяльную дзяржаву, нам патрэбна моцная эканоміка. Таму мы ставім высокія мэты і задачы, якія дазволяць напоўніць наш бюджэт і зрабіць нашу эканоміку моцнай. Тады мы будзем незалежнымі і ніякія знешнія пагрозы нам не страшныя».
Вераніка КАНЮТА