Дэпутаты прынялі ў першым чытанні законапраект па пытаннях дзейнасці Камітэта дзяржаўнага кантролю. У першую чаргу гаворка ідзе аб пашырэнні паўнамоцтваў органаў фінансавых расследаванняў КДК.
Працоўны тыдзень дэпутаты завяршаюць абмеркаваннем даволі вялікага пераліку пытанняў. Гаворка ідзе пра навацыі ў сферы дзейнасці КДК і Савета міністраў, зямельных і водных адносін, а таксама адмене віз з М’янмай і ліквідацыю двайнога падаткаабкладання з Іарданіяй. Больш падрабязна пра народную тэму, якая датычыцца зямельных адносін.
Законапраектам удакладняецца дзеючы алгарытм легалізацыі самавольна занятых зямельных участкаў, пашыраюцца правы мясцовых органаў улады, прадугледжваюцца больш эфектыўныя і спрыяльныя ўмовы землекарыстання. Да прыкладу, пашыраюцца падставы для прымянення зямельнай амністыі; замацоўваецца права выканкамаў прадастаўляць растэрміноўку ўнясення платы за права легалізацыі на тэрмін да 5 гадоў.
Што датычыцца законапраекта, звязанага з работай Камітэта дзяржкантролю, за ведамствам замацоўваецца новы прынцып дзейнасці — гэта прафілактыка правапарушэнняў у эканамічнай сферы. КДК надзяляецца правамі прыпыняць работу суб’ектаў гаспадарання пры выяўленні парушэнняў заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні, гандлі і грамадскім харчаванні. Змогуць кантралёры прыпыняць аперацыі па электронных кашальках у банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях.
І напрыканцы аб міжнародных дакументах. Яны датычацца ўзаемадзеяння з Кыргызстанам, Аманам, М’янмай, Інданезіяй і Іарданіяй. Напрыклад, пагадненне аб узаемнай адмене віз з М’янмай прадугледжвае, што грамадзяне Беларусі могуць наведваць М’янму або перамяшчацца транзітам праз яе тэрыторыю без віз на тэрмін да 30 дзён з моманту ўезду. Пры гэтым агульная працягласць знаходжання за каляндарны год не павінна перавышаць 90 дзён. Па сутнасці, для грамадзян і бізнесу адкрываюцца новыя гарызонты.
Такі насычаны парадак дня 17 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў. Як бачым, датычыцца ён як унутраных пытанняў, так і знешняй палітыкі. Галоўнае, што ўсе змены ідуць ад жыцця.