Візіт амерыканскай дэлегацыі ў Беларусь ажыццяўляецца па запрашэнні Ліберальна-дэмакратычнай партыі для ўдзелу ва ўрачыстых мерапрыемствах з нагоды Дня Незалежнасці. У склад дэлегацыі ўваходзяць прадстаўнікі Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый ЗША, грамадскія дзеячы, палітолагі, прадпрымальнікі.
Падчас сустрэчы ў Палаце прадстаўнікоў бакі абмеркавалі палітычныя праекты, накіраваныя на актывізацыю двухбаковых адносін паміж Беларуссю і ЗША. Акрамя таго, замежныя госці падзяліліся ўражаннямі пасля ўдзелу ў мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня Незалежнасці, якія праходзяць у нашай краіне.
«Вельмі важна, што мы аднаўляем зносіны, дыялог, што прадстаўнікі Злучаных Штатаў Амерыкі зацікаўлены ў вывучэнні рэальнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь, — звярнуў увагу старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей РАЧКОЎ. — Беларускі бок вельмі выразна падкрэсліў, што мы заўсёды выступалі і выступаем за добрыя адносіны са Злучанымі Штатамі Амерыкі на аснове ўзаемнай павагі і раўнапраўя. Мы таксама закранулі тэмы вялікай палітыкі, геапалітыкі, бо разумеем, што сёння вельмі складаная сітуацыя ў міжнародных адносінах і фарміруецца шматпалярны свет. Рэспубліка Беларусь адыгрывае значную ролю ў нашым рэгіёне, ва Усходняй Еўропе. Мы зацікаўлены ў наладжванні добрых адносін з нашымі суседзямі, з краінамі Захаду».
Дэпутат адзначыў, што з прыходам у Белы дом прэзідэнта Трампа амерыканская адміністрацыя аказвае вельмі сур’ёзнае ўздзеянне на працэсы, якія адбываюцца, у тым ліку ў еўрапейскім рэгіёне. «Нядаўняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША паказала, што наш дыялог развіваецца, — канстатаваў ён. — Мы спадзяёмся, што парламентарыі, у тым ліку дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, унясуць свой пасільны ўклад у наладжванне, аднаўленне кантактаў са Злучанымі Штатамі Амерыкі, у тым ліку з членамі Кангрэса ЗША».
Як распавёў у размове з журналістамі член Рэспубліканскай партыі ЗША, выкладчык паліталогіі Фларыдскага ўніверсітэта Сцівен САМАРЫН, дыялог Амерыкі з Беларуссю ніколі не заканчваўся. «Каналы сувязі працавалі, і працавалі вельмі інтэнсіўна, — канстатаваў ён. — Цяпер мы бачым прадукт гэтай работы: новая адміністрацыя Злучаных Штатаў зацікаўлена ў развіцці кантактаў. Яны заўсёды былі, цяпер іх будзе значна больш. Яны маюць выключнае дачыненне для развіцця міжнародных адносін».
Па словах кіраўніка дэлегацыі, большасць амерыканскіх грамадзян атрымлівае зусім скажоную інфармацыю аб Беларусі. «Пачынаючы ад дакладаў дзярждэпартамента і заканчваючы рознымі прапагандысцкімі крыніцамі, — канкрэтызаваў ён. — Але калі радавы амерыканец прыязджае ў Рэспубліку Беларусь, ён бачыць зусім іншую карціну, якая ідзе цалкам у нестыкоўку з тым, што яму казалі. Замест „таталітарнай, страшнай“ дзяржавы, ён бачыць багацце ў крамах, перапоўненыя рэстараны, клубы, казіно. А самае галоўнае, шчаслівых людзей, усмешкі на тварах — сапраўды, краіну для жыцця».
Сцівен Самарын дадаў, што на працягу многіх гадоў Беларусь адстойвала сваю незалежнасць. «Ваша краіна ніколі не была і не будзе нічыім сатэлітам, — падкрэсліў ён. — Кагосьці гэта раздражняе, але ў выніку ва ўсіх выклікае павагу».
Член Дэмакратычнай партыі ЗША, намеснік кіраўніка левацэнтрысцкай Сучаснай рэвалюцыйнай партыі Дамініканскай Рэспублікі ў штаце Нью-Джэрсі Анхель ПІЧАРДА ў 1985 годзе скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (цяпер БНТУ). «З таго часу ўсё памянялася, — сказаў ён. — Беларусь стала самай прыгожай, чыстай краінай. Для мяне гэта родная краіна».
Фота БелТА