Дэпутаты прынялі ў двух чытаннях законапраект аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем Перамогі ў ВАВ

30.04.2025 | 15:17

Чарговая дэманстрацыя акта гуманізму.


Як звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, законы аб амністыі прымаюцца да традыцыйных знакавых дат у жыцці нашай краіны. Па словах спікера, за мінулыя пяць гадоў амністыя прымянялася чатыры разы. Год таму такі закон быў прыняты з нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ігар Сергяенка падкрэсліў, што законапраект «Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне» з’яўляецца чарговай дэманстрацыяй акта гуманізму з боку нашай краіны ў адносінах да людзей, якія здзейснілі памылкі, але раскаяліся і сваімі паводзінамі даказалі, што сталі на шлях выпраўлення.

255375-07.jpg

«Улічаны ўсе прапановы» 

Мяркуецца, што амністыя будзе прыменена ў дачыненні да 7 630 асуджаных. Асноўнымі ўмовамі для яе прымянення з’яўляюцца поўнае пакрыццё шкоды, прычыненай злачынствам, станоўчая характарыстыка асобы ў перыяд адбывання пакарання. У прыватнасці, прапануецца зменшыць тэрмін пакарання на адзін год раней не судзімым асобам, якія ўчынілі злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў. Выключэнне складаюць асобы, якія ўчынілі такія злачынствы, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека ў выніку спажывання ім наркатычных сродкаў. 

Пералік асоб, якія цалкам вызваляюцца ад пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, дапаўняецца асобамі, якія маюць медыцынскія паказанні да спецыяльнага лячэння ў сувязі з анкагематалагічнымі захворваннямі і дэпрэсіямі кроватварэння. Асоб, асуджаных за неасцярожныя злачынствы, якія пацягнулі смерць чалавека, прапануецца вызваліць ад пакарання часткова тэрмінам на адзін год замест замены прызначанага ім пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі больш мяккім пакараннем у выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Раней не судзімым асобам, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту і асуджаным да пазбаўлення волі на тэрмін не большы як шэсць гадоў, пакаранне будзе заменена больш мяккім: у выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Як і пры амністыі, прымененай на падставе Закона Рэспублікі Беларусь ад 2 ліпеня 2024 г. № 19-3 «Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», прадугледжваецца зніжэнне тэрміну пакарання на адзін год: шматдзетным жанчынам, асуджаным за ўчыненне забойства або прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула смерць без абцяжваючых адказнасць прыкмет; жанчынам і адзінокім мужчынам, якія маюць непаўналетніх дзяцей, ўчынілі злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў; асобам, якія ўчынілі карупцыйныя злачынствы.

Амністыя распаўсюджваецца на асоб, якія ўчынілі злачынствы, прадугледжаныя часткай 1 артыкула 349 (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі), часткамі 1 і 2 артыкула 350 (знішчэнне, блакіраванне або мадыфікацыя камп’ютарнай інфармацыі) Крымінальнага кодэкса.

Амністыя не прымяняецца да асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці; асоб, якія злосна ўхіляюцца ад выканання дадатковага пакарання ў выглядзе штрафу або пазбаўлення права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю; асоб, якія ўчынілі злачынствы, звязаныя з незаконнымі дзеяннямі ў дачыненні да дзяржаўных сакрэтаў. 

255375-05.jpg

Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Генадзь Лепяшко, у камісію паступіла вялікая колькасць прапаноў грамадзян, якія датычацца ўнясення змяненняў у гэты законапраект. Па яго словах, улічаны ўсе прапановы і грамадзян, і пастаянных камісій. «Любы законапраект мае як прыхільнікаў, так і праціўнікаў: гэты — не выключэнне, — удакладніў дэпутат. — Вядома, для сваякоў асуджаных і грамадзян, якія чакаюць гэту амністыю, гэта доўгачаканы законапраект. Пацярпелыя, напэўна, не зусім добра яго ўспрымуць. Аднак у большасці сваёй гэты акт гуманізму, які накіраваны на захаванне дэмакратыі, успрымаецца грамадзянамі станоўча. Дзяржава робіць такі крок насустрач грамадзян, якія ў свой час аступіліся, спадзеючыся на тое, што яны заплацяць той жа манетай». 

Пад кантролем органаў унутраных спраў

Як звярнуў увагу ў размове з журналістамі міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, захаваны падыходы, якія прымяняліся да амністый раней. «Тыя амністыі, якія прымяняліся ў нашай дзяржаве, не проста не паўплывалі негатыўна на аператыўную абстаноўку, а, наадварот, станоўча, сказаліся на паводзінах асуджаных у месцах пазбаўлення волі, — падкрэсліў кіраўнік міліцэйскага ведамства. — Асуджаныя больш актыўна сталі пакрываць шкоду, якая была прычынена злачынствам. Сёння гэта самы галоўны крытэрый для амністыі».

Міністр выказаў упэўненасць, што гэты акт гуманізму станоўча скажацца на паводзінах асуджаных. «Тыя асобы, якія выйдуць з месцаў пазбаўлення волі, не застануцца без увагі: яны будуць знаходзіцца пад кантролем органаў унутраных спраў, — адзначыў Іван Кубракоў. — Сярод тых, да каго раней прымянялася амністыя, адзінкі парушылі закон. Людзі сапраўды цэняць гэты акт, які прымяняе да іх дзяржава, успрымаюць амністыю як шанец выправіцца. Наша дзяржава робіць усё для таго, каб асобы, якія выходзяць на свабоду, больш ніколі не пераступалі закон. Упэўнены, так і будзе».

255375-12.jpg

Міністр удакладніў, што паўгода — дастатковы тэрмін, каб рэалізаваць закон аб амністыі. 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю