Top.Mail.Ru

Дэпутаты прынялі законапраект аб дарожным руху ў другім чытанні

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на пасяджэнні другой сесіі прынялі ў другім чытанні законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дарожным руху». Дакумент накіраваны на ўдасканаленне грамадскіх адносін, якія ўзнікаюць пры прадастаўленні права кіравання колавым трактарам і самаходнай машынай.


У прыватнасці, праектам закона прапануецца зніжэнне ўзросту асобы, якая можа атрымаць права кіравання самаходнай машынай сельскагаспадарчага прызначэння (катэгорыя F), з 18 да 17 гадоў і павелічэнне максімальна дапушчальнай магутнасці рухавіка для колавых трактароў і самаходных машын катэгорый С, D, Е, F. Законапраектам таксама прадугледжана, што не спатрэбіцца замена раней выдадзеных вадзіцельскіх пасведчанняў на права кіравання колавым трактарам, самаходнай машынай. 

Як растлумачыў журналістам член Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Сяргей Давыдаў, галоўная мэта законапраекта — павелічэнне кадравага патэнцыялу прадпрыемстваў сельскагаспадарчай галіны. «Гэтыя навацыі дадуць магчымасць прыцягнуць маладыя кадры ўжо з другога курса. Бо ўжо з 17 гадоў яны змогуць атрымаць правы кіравання такой вялікай і сур’ёзнай тэхнікай, як камбайны. Такая прапанова выказвалі сельгасарганізацыі, але ў большай частцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. З улікам прапановы, выказанай дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у ходзе разгляду гэтага законапраекта ў першым чытанні, для аператыўнай рэалізацыі прапанаваных навацый у яго ўнесены змяненні, накіраваныя на скарачэнне тэрміну ўступлення ў сілу закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь „Аб дарожным руху“ з шасці месяцаў да двух. Наша камісія прыклала ўсе намаганні для таго, каб скараціць гэтыя тэрміны і як мага хутчэй укараніць законапраект у жыццё. І такім чынам маладыя людзі змогуць унесці свой уклад ва ўборачную кампанію, а можа, і ў пасяўную», — расказаў парламентарый. 

Член Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Сяргей Давыдаў

Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун ад імя міністэрства падзякаваў дэпутатам за аператыўны разгляд і прыняцце законапраекта. Ён падкрэсліў, што гэты дакумент накіраваны на павышэнне эфектыўнасці вытворчай практыкі студэнтаў і навучэнцаў у сельгасарганізацыях, а таксама на паляпшэнне забеспячэння сельгасгаліны кадрамі механізатараў. «Падыходы, якія закладзеныя ў законапраекце, сфармуляваны Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання з улікам прапаноў, якія паступілі ад Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства ўнутраных спраў і іншых зацікаўленых дзяржаўных органаў», — сказаў ён. Уладзімір Гракун падзякаваў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў за скарачэнне тэрмінаў уступлення законапраекта ў сілу. «Гэта дасць магчымасць у сезон масавых палявых работ задаволіць патрэбы ў дадатковай колькасці механізатарскіх кадраў за кошт прыцягнення практыкантаў ВНУ і каледжаў для выканання такіх сельгасаперацый, як узворванне, баранаванне, пасяўныя работы, культывацыя, апрацоўка, пасадка, нарыхтоўка зялёнай масы, уборка і вываз ураджаю. Гэта дасць магчымасць выконваць усе работы ў агратэхнічныя тэрміны, што будзе садзейнічаць захаванню ўраджаю», — адзначыў намеснік міністра.

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю