Адкрываючы чарговае пасяджэнне другой сесіі Палаты прадстаўнікоў, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка нагадаў, што 25 сакавіка дэпутаты сталі сведкамі і ўдзельнікамі падзеі гістарычнай значнасці. Інаўгурацыя Прэзідэнта Рэспублікі, па яго словах, азнаменавала сабой завяршэнне працэсу маштабных грамадска-палітычных пераўтварэнняў — краіна ўступіла ў новы этап свайго развіцця.
«Набраць такую моц, каб хапіла зарада на доўгую дыстанцыю»
Спікер звярнуў увагу, што аблічча сучаснай Беларусі найлепш дэманструе эфектыўнасць выбранага курсу, які дазволіў дзяржаве захаваць сацыяльна-арыентаваную эканоміку. «Як адзначыў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, наша перамога — гэта новы гістарычны шанц, магчымасць зрабіць яшчэ больш на карысць роднай Беларусі, — канстатаваў Ігар Сергяенка. — Абазначаны ключавыя контуры той стратэгіі, якую трэба будзе рэалізаваць у найбліжэйшай будучыні. Прынцыповае патрабаванне, якое задае тон рабоце ўсіх органаў улады і кіравання на будучую пяцігодку, — набраць такую моц, каб хапіла зарада на доўгую дыстанцыю».
Яшчэ адным важным тэзісам, па словах Старшыні Палаты прадстаўнікоў, з’яўляецца ўстаноўка на выраўноўванне якасці жыцця грамадзян. «Дзе б яны ні жылі — у вёсках, аграгарадках, раённых цэнтрах, — усюды ўмовы павінны быць, як у сталіцы, — канкрэтызаваў ён. — Менавіта моцныя рэгіёны з’яўляюцца крыніцай росквіту краіны, яе бяспекі, народнага адзінства. Многае ў гэтым напрамку, вядома, зроблена і робіцца, паколькі прынцып сацыяльнай справядлівасці ляжыць у аснове беларускай мадэлі дзяржаўнасці. Але адначасова растуць і патрэбы грамадзян, што патрабуе ад усіх нас работы на апярэджанне, пастаяннага аналізу дынамікі развіцця сітуацыі і аператыўных, узважаных рашэнняў».
Спікер паставіў дэпутатам задачу сумесна з урадам, мясцовымі органамі ўлады, грамадзянскай і бізнес-супольнасцю прыкласці максімум намаганняў, каб пастаўленыя мэты былі дасягнуты.
Рашэнні, якія ідуць ад жыцця
Ігар Сергяенка нагадаў, што ў цяперашнім складзе Палата прадстаўнікоў працуе ўжо год. Праведзена 28 пасяджэнняў Палаты прадстаўнікоў, у тым ліку пяць сумесных з Саветам Рэспублікі. Прынята 65 законаў.
«Асаблівую цікавасць для грамадзян уяўляе новая рэдакцыя Закона „Аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю“, — канкрэтызаваў спікер. — Яна дазваляе аператыўна рэгістраваць здзелкі з нерухомасцю незалежна ад месцазнаходжання, павысіць дакладнасць звестак, уключаных у дзяржаўны рэгістр. Сур’ёзную дапамогу сельскагаспадарчым арганізацыям акажуць папраўкі ў Закон „Аб дарожным руху“, якія пашыраюць магчымасць прыцягнення моладзі да кіравання трактарамі і самаходнымі машынамі. Усё гэта прыклады заканадаўчых рашэнняў, якія ідуць ад жыцця, ад зямлі, што пастаянна патрабуе ад парламентарыяў кіраўнік дзяржавы».
У такім жа ключы, як звярнуў увагу Ігар Сергяенка, трэба разглядаць і пашырэнне сацыяльных гарантый ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, былым вязням фашызму, воінам-інтэрнацыяналістам. Дадатковую падтрымку атрымалі інваліды і сем’і, якія выхоўваюць дзяцей. Унесены запатрабаваныя часам карэктывы ў законы па пытаннях занятасці насельніцтва, шлюбна-сямейных адносін, дашліфаваны Кодэкс аб адукацыі.
Многае робіцца і ў плане павышэння пазнавальнасці дэпутатаў у акругах. «Аўтарытэт зарабляецца канкрэтнымі справамі і залежыць у тым ліку ад таго, як вырашаюцца пытанні, якія ўздымаюцца нашымі выбаршчыкамі, — падкрэсліў Ігар Сергяенка. — І вядома, як выконваюцца абяцанні дэпутатаў, дадзеныя ў ходзе сваёй прадвыбарнай кампаніі. Трэба яшчэ раз уважліва паглядзець на свае праграмы і дасягаць іх безумоўнага выканання».
Міжпарламенцкі дыялог і захаванне памяці
Важную ролю адыгрываюць парламентарыі і ў заканадаўчым забеспячэнні працэсу паглыблення інтэграцыйных сувязяў у рамках Саюзнай дзяржавы. За мінулы год дэпутаты прадоўжылі кантакты з традыцыйнымі партнёрамі, саюзнікамі па лініі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, Парламенцкай Асамблеі АДКБ, Міжпарламенцкай Асамблеі СНД. Актыўна развіваліся двухбаковыя адносіны з парламентарыямі шэрагу краін Еўрапейскага кантынента, Паўднёваўсходняй Азіі, Афрыкі. Пашыраны ўдзел у працы міжпарламенцкіх арганізацый: Беларусь атрымала статус назіральніка ў Панафрыканскім парламенце, Азіяцкай парламенцкай асамблеі.
Непасрэдны абавязак дэпутацкага корпусу, як адзначыў спікер, —зберагчы стваральны след у гісторыі: наш і нашых папярэднікаў. У год 80-годдзя Вялікай Перамогі гэта задача, па яго словах, набывае асаблівае гучанне. У канцы красавіка ў Валгаградзе пад эгідай Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі адбудзецца міжнародны патрыятычны форум «Вялікая спадчына — агульная будучыня». Спікер падкрэсліў, што гэта не радавое мемарыяльнае мерапрыемства, а дэманстрацыя свету тых ідэалаў і каштоўнасцяў, якія мы сёння абараняем. У гэтай сувязі пастаўлена задача — адказна падысці да падрыхтоўкі і ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве.
«Задачы перад намі стаяць маштабныя, і аб’ём іх будзе толькі нарастаць, — рэзюмаваў Ігар Сергяенка. — Перакананы, Палата прадстаўнікоў унясе годны ўклад у тое, каб Беларусь, нягледзячы на ўсе спробы звонку аслабіць нас, заставалася моцнай, пазнавальнай і паважанай у свеце краінай».
Пасведчанне рыэлтара і справядлівае падаткаабкладанне
У другім чытанні прыняты законапраект «Аб рыэлтарскай дзейнасці». У прыватнасці, ствараецца орган самакіравання рыэлтараў — Палата рыэлтараў. Дадзеная структура надзяляецца функцыямі па ўпарадкаванні дзейнасці прафесійнай супольнасці рыэлтараў. Скасоўваецца інстытут агентаў па аперацыях з нерухомасцю. Правам аказання рыэлтарскіх паслуг будуць валодаць толькі рыэлтары, якія з’яўляюцца членамі Палаты рыэлтараў і маюць пасведчанне, выдадзенае Міністэрствам юстыцыі па выніках здачы экзамену.
«Пашыраны магчымасці рыэлтарскіх арганізацый па атрыманні інфармацыі: напрыклад, цяпер можна будзе звярнуцца ў архіў для атрымання звестак аб заключэнні або скасаванні шлюбу, — канкрэтызавала член Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў Алена Хіля. — Таксама рыэлтарам неабходна мець профільную адукацыю. Абавязковай умовай для ўсіх рыэлтараў будзе праходжанне атэстацыі і атрыманне пасведчання аб атэстацыі».
Член Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў Алена Хіля
Адразу ў двух чытаннях прыняты законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях падаткаабкладання». Як патлумачыла член Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Наталля Куляшова, з 2025 года індывідуальным прадпрымальнікам забаронена працаваць у гэтым статусе, каля іх сукупны гадавы даход або выручка па выніках 2024 года перавысілі 500 тысяч беларускіх рублёў.
«Па інфармацыі Міністэрства па падатках і зборах, у 1664 індывідуальных прадпрымальнікаў сукупны гадовы даход перавышаны, — праінфармавала дэпутат. — Згодна з дзеючым заканадаўствам, яны павінны былі ўзбуйніць свой бізнес, перарэгістравацца ў юрыдычную асобу або спыніць сваё існаванне. Большасць з іх перарэгістраваліся ў юрыдычныя асобы, але для 660 індывідуальных прадпрымальнікаў яшчэ існуе нявызначанасць».
У законапраекце, які быў прыняты раней, не быў вызначаны часавы прамежак, на працягу якога грамадзянін не можа займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю ў статусе індывідуальнага прадпрымальніка. Цяпер гэты перыяд устанаўліваецца ў тры каляндарныя гады.
Заканадаўчы адказ на заробкі ў канвертах
У першым чытанні дэпутаты разгледзелі праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і пенсійнага забеспячэння». У прыватнасці, удакладняюцца катэгорыі грамадзян, якія падлягаюць абавязковаму дзяржаўнаму страхаванню. Плацельшчыкам падатку на прафесійны даход даецца права даплачваць у бюджэт фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) узносы на пенсіённае страхаванне для фарміравання сваёй працоўнай пенсіі. Удакладняюцца катэгорыі плацельшчыкаў, якія выплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы ў добраахвотным парадку. Гэта грамадзяне, якія ажыццяўляюць вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі, што рэалізуюць лекавыя расліны, дзікарослыя ягады, арэхі і іншыя плады, грыбы, іншую дзікарослую прадукцыю, тыя, хто ажыццяўляе дзейнасць трацейскіх суддзяў і медыятараў.
Скарэкціраваны парадак выплаты пенсіі (з нагоды страты карміцеля, па інваліднасці) асобам ва ўзросце да 18 гадоў, асуджаным да пазбаўлення волі. Выключана норма, якая прадугледжвае ўзмацненне жорсткасці патрабаванняў па выплаце ўзносаў у бюджэт ФСАН для асоб, якія працуюць па грамадзянска-прававых дагаворах больш за 90 дзён у аднаго працадаўцы. Выключана норма па ўстанаўленні індывідуальным прадпрымальнікам дыферэнцыраванага памеру ўзносаў у бюджэт ФСАН у залежнасці ад атрыманых імі ў справаздачным годзе даходаў.
Як адзначыла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Святлана Сенька, новаўвядзенні закранулі і працадаўцаў, якія выплачваюць заработную плату ў канвертах, а таксама работнікаў, якія атрымліваюць заробкі ў канвертах. «На заканадаўчым узроўні прадугледжаны адзіныя комплексныя падыходы па ўрэгуляванні гэтай праблемы ў адносінах і да працадаўцаў, і да работнікаў, — падкрэсліла парламентарый. — У выпадку ўстанаўлення выпадку выплаты заработнай платы ў канверце працадаўца абавязаны будзе даналічыць узносы ў бюджэт фонду з фактычных выплат. Навацыя дазволіць не столькі спагнаць больш узносаў у працадаўцы, а папярэдзіць негатыўныя факты і забяспечыць сацыяльныя гарантыі грамадзянам».
Акрамя таго, дэпутатамі ратыфікаваны шэраг міжнародных дакументаў.
Фота БелТА