Top.Mail.Ru

Дэвалютызацыя ў Беларусі развіваецца па незваротным трэку

Свае грошы бліжэй да эканомікі

Грошы — адно з самых найвялікшых вынаходстваў чалавецтва. На працягу стагоддзяў яны перажывалі змяненні па форме, але, па сутнасці, па-ранейшаму выконваюць свае адвечныя тры функцыі: з'яўляюцца сродкам плацяжу, вызначэння кошту і назапашвання. Інакш кажучы, забяспечваюць інструменты для базавых эканамічных працэсаў: гандлю і інвестыцый праз зберажэнні. Таму ўласная валюта — адзін са стаўпоў эканамічнага суверэнітэту ў прыватнасці, і нацыянальнай незалежнасці ўвогуле.

Іншае пытанне, што проста эмітаваць уласную грашовую адзінку недастаткова: неабходна стварыць такія ўмовы і ўзровень даверу да яе, каб ёй карысталіся. Перш-наперш грамадзяне сваёй краіны. У Беларусі пасля складанага працэсу станаўлення фінансавай сістэмы гэтага амаль удалося дасягнуць. Доля рубля ў ёй расце, прычым у апошнія гады гэты працэс набывае стабільны характар, ператварыўшыся ў трэнд.

Стратэгічны трэк для рубля

Трэба разумець: любы рэгулятар, у тым ліку і фінансавы, не чараўнік. Праводзіць суверэнную грашова-крэдытную палітыку мы можам толькі з нацыянальнай валютай. Долары, еўра і іншыя грашовыя адзінкі эмітуюцца ў іншай юрысдыкцыі. І з яе ж кіруюцца, зыходзячы з інтарэсаў краіны, якая стварыла грашовую адзінку. І яны могуць не супадаць з нашымі стратэгічнымі мэтамі. Па вялікім рахунку, сёння часцей за ўсё і не супадаюць. Перавага нацыянальнай валюты на ўнутраным рынку дазваляе тонка наладжваць фінансавую сістэму ў адпаведнасці з уласнымі задачамі, мэтамі, разуменнем рызык і пагроз. У тым ліку на знешнім контуры.

Апошнія гады ў частцы дэвалютызацыі намеціўся пераломны момант: доля рублёвага складніка ў сярэдняй шырокай грашовай масе ўжо з’яўляецца пераважнай і перманентна павялічваецца. Так, у ліпені 2026-га, паводле даных Нацыянальнага банка, гэты паказчык дасягнуў 68,6 %. Годам раней ён быў роўны 63,3 %. Замежная валюта практычна цалкам выключана з разлікаў унутры краіны. Нацыянальная грашовая адзінка пераважае ў структуры зберажэнняў. Згодна з данымі Нацбанка, тэрміновыя рублёвыя дэпазіты грамадзян на 1 жніўня дасягнулі 18,4 мільярда рублёў, павялічыўшыся за ліпень на 512,9 мільёна рублёў, або на 2,9 %. Прычым асноўны прырост адбываецца за кошт росту зберажэнняў у нацыянальнай валюце.

Гэта вынік шматгадовай карпатлівай работы па стратэгічным трэку на дэвалютызацыю эканомікі. Згаданая праблема шматвектарная і шматгранная. І, самае галоўнае, для свайго вырашэння патрабуе даволі працяглага часу. Перш за ўсё для фарміравання ўстойлівага даверу грамадзян і суб’ектаў гаспадарання да нацыянальнай валюты. А для гэтага яна павінна быць не проста стабільная, але ўстойлівая і прадказальная ў сярэдне- і доўгатэрміновым перыядзе.

Прадказальнасць — адзін з фактараў даверу

Чаму ў 1990-я і 2000-я і абывацелі, і бізнес лічылі за лепшае мець справу з валютай? Таму што яна была прынцыпова больш стабільнай, чым родны рубель. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць: у тыя гады нацыянальная грашовая адзінка рабіла толькі першыя нясмелыя крокі, фарміравалася айчынная банкаўская і фінансавая сістэма, выпрацоўваліся прынцыпы яе функцыянавання. Як і ў цэлым сацыяльна-эканамічная мадэль маладой незалежнай краіны. Для з’яўлення ўстойлівасці ўсіх канструкцый быў неабходны час. Але гандляваць, інвеставаць, ажыццяўляць плацяжы трэба было тут і цяпер. Таму выкарыстанне замежнай валюты з’яўлялася не самым добрым выйсцем, з пункту гледжання нацыянальнай эканомікі, але аб’ектыўна вытлумачальным і неабходным. 

У гэтым адпала неабходнасць, калі беларуская фінансавая і банкаўская сістэма адбылася, стала стабільнай. Апошнія дзесяць гадоў курс беларускага рубля да замежных валют застаецца цалкам стабільным. З прычыны знешніх шокаў і глабальных узрушэнняў маглі адбывацца кароткачасовыя і досыць глыбокія ваганні, але ў цэлым кошт нацыянальнай валюты знаходзіўся ў рамках прагнозных паказчыкаў. Прадказальнасць — адзін з найважнейшых фактараў, які фарміруе ўстойлівы давер да роднай грашовай адзінкі.

І сёння ёй ужо давяраюць. Безумоўна, выкарыстоўваўся і адміністрацыйны інструментарый для зніжэння ўплыву замежнай валюты на эканоміку. У цэлым пабудова ўстойлівай нацыянальнай эканомікі праблема комплексная. Удалося намацаць баланс у знешнім гандлі. Нават ва ўмовах глабальнай непрадказальнасці нашы прадпрыемствы дыверсіфікуюць рынкі збыту, знаходзяць новых партнёраў у дружалюбных краінах. У выніку знешнегандлёвае сальда сёлета знаходзіцца ў збалансаваным стане: аб’ёмы экспарту прыблізна раўназначныя аб’ёмам імпарту. Атрымліваецца захаваць інвестыцыйную прывабнасць краіны. Сёлета ў Беларусь паступіла ўжо больш за 5 мільярдаў замежных інвестыцый. Насамрэч ёсць дастаткова шмат розных фактараў, якія забяспечваюць устойлівасць нацыянальнай эканомікі і, адпаведна, нацыянальнай валюты. Зрэшты, адваротнае сцвярджэнне таксама справядлівае. У сацыяльна-эканамічнай мадэлі ўсе працэсы ўзаемазвязаныя, не могуць працякаць асобна адзін ад аднаго.

Баланс паміж устойлівасцю і развіццём

Адназначна нацыянальная валюта пераадолела ўсе «дзіцячыя хваробы» (ёй усяго крыху больш за 30 гадоў — зусім юны ўзрост для грашовай адзінкі) і з’яўляецца стабільнай, а таму ўсё больш прывабнай. Самае галоўнае — ёй пачалі давяраць на далёкіх гарызонтах. Дарэчы, юрыдычныя асобы таксама ўсё больш арыентуюцца на беларускі рубель. Доля дэпазітаў фізічных асоб у роднай валюце дасягнула 73 %, а ў сярэдзіне 2024 года гэты паказчык знаходзіўся на ўзроўні 50 %. У цэлым расце доля рубля ў банкаўскай сістэме ў нацыянальнай валюце. Калі на 1 ліпеня 2025-га яна складала 78,8 %, а дэпазітаў — 56,6 %, то на 1 ліпеня 2026 года гэтыя паказчыкі роўныя 81,5 % і 61,9 % адпаведна. Вядома, поўнасцю выціснуць замежныя грошы немагчыма нават тэарэтычна, па той прычыне, што Беларусь — краіна з адкрытай эканомікай. Мы шмат купляем, шмат прадаём, а для знешнегандлёвых разлікаў і ўзаемадзеяння неабходныя валютныя фінансавыя патокі. Аднак баланс паміж устойлівасцю (якую забяспечвае беларускі рубель) і эканамічным развіццём (якое абумоўлена і знешнім гандлем, і ў пэўнай меры замежнымі інвестыцыямі), як бачыцца, намечаны.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю