Top.Mail.Ru
160

Для ўдзелу ў выстаўцы «БЕЛАГРА-2026» пададзена 425 заявак ад арганізацый з дзевяці краін свету

Для ўдзелу ў выстаўцы «БЕЛАГРА-2026» пададзена 425 заявак ад арганізацый з дзевяці краін свету. Такая інфармацыя была агучана на пасяджэнні арганізацыйнага камітэта, які падвёў прамежкавыя вынікі падрыхтоўкі да мерапрыемства. Аб гэтым паведамляе БелТА.


На пляцоўцы выставачнага цэнтра BELEXPO адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта з удзелам намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандра Якоўчыца па падрыхтоўцы да правядзення міжнароднай выстаўкі «БЕЛАГРА-2026» — ключавой аграрнай падзеі года. У ходзе сустрэчы былі разгледжаны бягучыя пытанні фарміравання экспазіцыі, пашырэння міжнароднага ўдзелу і распрацоўкі дзелавой праграмы.

Для ўдзелу ў выстаўцы пададзена 425 заявак ад арганізацый з дзевяці краін свету: Беларусі, Расіі, Турцыі, Кітая, В’етнама, Германіі, Палесціны, Паўднёвай Карэі і Туніса. У стадыі актыўнай прапрацоўкі знаходзіцца пытанне ўдзелу дэлегацый і экспанентаў з Індыі, Султаната Аман і Грузіі, што сведчыць аб усё большым міжнародным інтарэсе да беларускай аграрнай пляцоўкі.

Асаблівую актыўнасць дэманструюць расійскія рэгіёны: акрамя калектыўнай экспазіцыі Расійскага экспартнага цэнтра, заяўкі на ўдзел падалі Бранская, Белгародская і Мурманская вобласці, а таксама Краснадарскі край. Інтарэс да выстаўкі праявіла і Чэлябінская вобласць, прадстаўнікі якой ужо забраніравалі экспазіцыйныя плошчы.

Традыцыйна ў выстаўцы прымаюць удзел ключавыя ігракі аграпрамысловага комплексу, якія прадстаўляюць калектыўныя экспазіцыі: прадпрыемствы профільных міністэрстваў сельскай гаспадаркі і харчавання і прамысловасці, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, канцэрны «Белдзяржхарчпрам» і «Белкаапсаюз», а таксама камерцыйныя прадпрыемствы, якія прадстаўляюць сельскагаспадарчую тэхніку і інавацыйныя рашэнні. Тэматычныя раздзелы выстаўкі ахопліваюць увесь цыкл АПК: сельскагаспадарчае машынабудаванне, тэхналогіі жывёлагадоўлі і рыбаводства, харчовая прамысловасць і перапрацоўка, сродкі аховы раслін, ветэрынарныя прэпараты, камбікармы, інавацыі і лічбавізацыя агравытворчасці.

Паралельна з фарміраваннем экспазіцыі вядзецца інтэнсіўная работа над дзелавой праграмай выстаўкі. Арганізатары плануюць серыю тэматычных форумаў, круглых сталоў, прэзентацый і дэманстрацыйных паказаў тэхнікі, дэталі якой будуць апублікаваны дадаткова па меры зацвярджэння.

Белагра-2026 рыхтуецца стаць маштабнай і інавацыйнай пляцоўкай для дэманстрацыі дасягненняў аграпрамысловага комплексу, заключэння кантрактаў і абмену перадавым вопытам.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю